Паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін 17 лютага наведалі Капыль з творчым візітам. Паэты правялі літаратурныя сустрэчы з настаўнікамі і вучнямі Капыльскай СШ № 3 імя Цішкі Гартнага, Капыльскай СШ № 2 і мясцовай Гімназіі №1.
Так пракаментаваў дзень, пражыты ў Капылі, Эдуард Акулін: “Падчас свайго другога візіту на Капыльшчыну (апошні раз мы выступалі тут тры гады таму ў Гімназіі № 1) мы пашырылі паэтычную прастору нашых выступаў да межаў ўсіх навучальных установаў гораду. Уражанні ад сустрэч, нягледзячы на пахмурнае лютаўскае надвор’е, засталіся самыя сонечныя. Гэтаму спрыяў высокі ўзровень арганізацыі і культуры правядзення імпрэз, шчырая гасціннасць і цеплыня капыльчан у дачыненні да беларускіх паэтаў.”
Леанід Дранько Майсюк падкрэсліў, што Капыльшчына дала Беларусі такіх выдатных дзеячоў культуры, як Цішка Гартны, Кузьма Чорны і Адам Русак. “Вось чаму ўсе паэтычныя дарогі вядуць у Капыль,” – падсумаваў вынікі сустрэчы паэт.
Ува ўсіх трох імпрэзах прынялі удзел каля шасцісот вучняў і настаўнікаў усіх Капыльскіх школ.