Напярэдадні Дзядоў — дня памяці продкаў — склалі для вас гайд па варшаўскіх могілках Павонзкі (Powązki), дзе знаходзяцца магілы вядомых дзеячаў, звязаных з Беларуссю.
Варшаўскія могілкі Павонзкі
Павонзкі — могілкі і помнік гісторыі
Павонзкі — самыя старыя з могілак Варшавы, якія дзейнічаюць да сённяшняга дня: іх заклалі ў 1790 г., асвяцілі ў 1792 г. Тут дасюль хаваюць знакамітых людзей і іх родных. Звычайна на Павонзках знаходзяць спакой сем’і, прадстаўнікі якіх зрабілі нешта значнае для польскай дзяржаўнасці і культуры. Кажуць, бываюць выпадкі, калі месцы пад пахаванні купляюць заможныя людзі, якія не адзначыліся нічым, акрамя поспеху ў бізнесе, што ўсё роўна сведчыць пра выключны статус гэтых могілак. Павонзкі займаюць 43 гектары і ахоўваюцца як помнік гісторыі.
Распавядаем пра магілы вядомых дзеячаў, звязаных з Беларуссю, якія пахаваны на Павонзках.
Магіла Яна Булгака на варшаўскіх Павонзках
На магіле Яна Булгака (1876–1950) надпіс «Нестар польскай фатаграфіі». Імя летапісца Нестара, аўтара «Аповесці мінулых часоў», стала ў польскай мове намінальным пазначэннем найстарэйшага ці найбольш заслужанага прадстаўніка нейкай галіны. Часам Булгака называюць і адным з заснавальнікаў беларускай фатаграфіі.
Магіла Яна Булгака на варшаўскіх Павонзках
Ян Булгак нарадзіўся ў маёнтку ля вёскі Асташын Наваградскага павета (цяпер Карэліцкі раён). Жыў у Вільні, Кракаве, Варшаве, меў маёнтак пад Мінскам. Усюды здымаў помнікі архітэктуры, пейзажы ў стылістыцы піктарэалізму, які называюць імпрэсіянізмам у фатаграфіі.
Магіла Яна Булгака на варшаўскіх Павонзках
Найбольшая частка творчай спадчыны Яна Булгака — здымкі Вільні і гістарычнай Віленшчыны (у тым ліку Паўночна-Заходняя Беларусь). На яго помніку — каменны вобраз Маткі Божай Вострабрамскай.
Магіла Яна Булгака на варшаўскіх Павонзках знаходзіцца на алеі заслужаных (Aleja Zasłużonych).
Магіла Станіслава Манюшкі
Магіла Станіслава Манюшкі на варшаўскіх Павонзках. На заднім плане — магіла бацькоў Фрыдэрыка Шапэна
Магіла кампазітара Станіслава Манюшкі (1819–1872) знаходзіцца побач з месцам спачыну родных іншага кампазітара, Фрыдэрыка Шапэна. Цела апошняга пахавана ў Парыжы, а сэрца — у Кракаве. Гэтыя два прозвішчы, Шапэн і Манюшка, — выключна важныя для польскай класічнай музыкі.
Магіла Манюшкі на варшаўскіх Павонзках
Станіслаў Манюшка нарадзіўся ў фальварку Убель Ігуменскага павета (цяпер Чэрвеньскі раён). Жыў у Мінску, Вільні, Варшаве і Берліне. Яго самыя вядомыя оперы — «Галька» і «Страшны двор» — напісаныя пад уплывам успамінаў з дзяцінства, пачутага беларускага фальклору, і, па некаторых версіях, уражанняў ад візітаў у палац яго дзядзькі ў Смілавічах.
Магіла Станіслава Манюшкі на варшаўскіх Павонзках
На магіле Станіслава Манюшкі няма дат нараджэння і смерці. Напэўна, таму, што ўсе і так мусяць ведаць, калі ён жыў. Акрамя нашчадкаў і звычайных людзей у 2022 г. знічамі і вянком памяць Манюшку ўшанавалі Нацыянальны цэнтр культуры, факультэт даследаванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта, Музычны ўніверсітэт, Таварыства польскіх артыстаў і музыкантаў.
Магіла Марыі Дмахоўскай (у дзявоцтве Ямант) — нарачонай Канстанціна Каліноўскага — на варшаўскіх Павонзках
Магіла Марыі Ямант
На Павонзках пахаваная таксама Марыя Дмахоўская (у дзявоцтве Ямант) (1842–1908) — нарачоная Канстанціна Каліноўскага. Гэта ёй змагар прысвяціў верш «Марыська чарнаброва, галубка мая». Цікава, што форма імя, выкарыстаная на помніку — Marja, адпаведна варыянту арфаграфіі, які выкарыстоўваўся да 1936 г. У сучаснай літаратурнай польскай мове пішацца Maria.
Магіла Марыі Дмахоўскай (у дзявоцтве Ямант) — нарачонай Канстанціна Каліноўскага — на варшаўскіх Павонзках
Марыя была на 4 гады маладзейшая за Каліноўскага. Усе яе сямейнікі былі палымянымі патрыётамі гістарычнай Літвы, у іх кватэры знаходзілася адна з канспіратыўных явак паўстанцаў. Калі Канстанціна пакаралі смерцю, дзяўчыне быў усяго 21 год. Яе разам з сям’ёй саслалі ў Сібір. У 1874 г. Марыя вярнулася са ссылкі і пасялілася ў Варшаве, дзе ўзяла шлюб з былым паўстанцам і ссыльным Войцехам Дмахоўскім. Памерла ва ўзросце 66 гадоў.
Магіла Чэслава Немана
Магіла Чэслава Немана ў катакомбах варшаўскіх Павонзак
Адна з найбольш наведвальных магіл на Павонзках — месца спачыну рок-спевака Чэслава Немана (1939–2004). Ён нарадзіўся ў вёсцы Старыя Васілішкі (цяпер Шчучынскі раён), вучыўся ў Гародні, жыў у Гданьску і Варшаве, а гастраляваў па ўсім свеце.
Магіла Чэслава Немана ў катакомбах варшаўскіх Павонзак
Свае самыя вядомыя альбомы творца выдаў у 1967–1970 гг. Чэслаў Неман лічыцца адным з самых яскравых прадстаўнікоў еўрапейскага прагрэсіў-року. Яго песні стабільна ўваходзяць у польскія пералікі «найлепшых песень усіх часоў».
Магіла Чэслава Немана ў катакомбах варшаўскіх Павонзак
Чэслаў Неман (сапраўднае прозвішча Выдрыцкі, а псеўданім — ад ракі Нёман, на якой стаяць Старыя Васілішкі) пахаваны на Павонзках у катакомбах, дзе труны ўмураваныя ў сцяну адна над адной. Акрамя знічоў людзі пакідаюць пад месцам спачыну творцы яго партрэты, цытаты, лісты да куміра.
Магіла Тадэвуша Даленгі-Мастовіча
Магіла Тадэвуша Даленгі-Мастовіча ў катакомбах варшаўскіх Павонзак
Пісьменнік Тадэвуш Даленга-Мастовіч (1898–1939) пахаваны ў катакомбах, недалёка ад Чэслава Немана. Ён нарадзіўся альбо на хутары Акунёва (цяпер у Глыбоцкім раёне), альбо ў Глыбокім. Вядома, што пазней сям’я дакладна жыла ў Глыбокім, там пахаваныя бацькі творцы. Апісанні звычаяў мясцовай шляхты і мяшчанаў пісьменнік паклаў у аснову шмат якіх сваіх твораў.
Магіла Тадэвуша Даленгі-Мастовіча ў катакомбах варшаўскіх Павонзак
Даленга-Мастовіч вучыўся ў Віленскай гімназіі і Кіеўскім універсітэце, з 1922 г. жыў у Варшаве. Працаваў журналістам і займаўся літаратурнай творчасцю; пісаў па-польску.
Сярод самых вядомых яго раманаў — «Знахар» (1937), яго працяг «Прафесар Вільчур» (1938) і «Дзённік пані Ганкі» (1939). Яшчэ пры жыцці аўтара было экранізавана 8 яго твораў. «Знахар» (1938) аказаўся самым папулярным фільмам міжваеннай Польшчы. Сёлетні серыял Netflix «Знахар» стаў вялікай падзеяй кінаіндустрыі. Загінуў на самым пачатку Другой сусветнай вайны ў Кутах (цяпер Украіна), дзе быў пахаваны. У 1978 г. перапахаваны на Павонзках.
Магіла Міхала Федароўскага
Магіла Міхала Федароўскага на варшаўскіх Павонзках
Этнограф Міхал Федароўскі (1853–1923) — паляк, нарадзіўся ў Варшаве. Меў маёнтак у Пружанскім павеце, потым у Слонімскім. Агулам пражыў у Беларусі 27 гадоў, з 1877-га да 1904-га. Збіраў беларускі фальклор. Навучыўся размаўляць па-беларуску і з сялянамі гутарыў толькі на іх роднай мове.
Магіла Міхала Федароўскага на варшаўскіх Павонзках
На помніку Федароўскаму надпіс: «Этнограф. Аўтар «Люду беларускага» — свае матэрыялы ён публікаваў у зборніку „Lud białoruski na Rusi Litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone» («Люд беларускі на Русі літоўскай: матэрыялы па славянскай этнаграфіі»). Палова тамоў выйшла ўжо пасля смерці даследчыка. Менш вядомая этнаграфічная праца навукоўца — «Пружана і яе ваколіцы». Федароўскі займаўся таксама археалогіяй і калекцыянаваннем старых кніг, гравюр, дакументаў, якія шукаў у шляхецкіх засценках.
Варшаўскія Павонзкі 1 лістапада 2022 г.
Увага:
У катакомбах цяпер вядзецца рамонт і падысьці да магіл Чэслава Немана і Тадэвуша Даленгі-Мастовіча немагчыма.
Фота аўтаркі
Алена Ляшкевіч, budzma.org