Палацы і гароды, п’яныя песні пад гітару і цішыня сквераў. Літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч расказаў пра магічны Пінск.
Дом Плятэраў
Калі заязджаеш у горад з івацэвіцка-целяханска-лагішынскага кірунку, цябе неадменна сустрэне гіпсавая баба з караваем і надпісам “ПІНСК”. Твар бабы, так кажуць мясцовыя, злеплены са старшыніхі гарвыканкама ў 1980-я гады, той самай, якую пасля Чарнобыля выправілі на паніжэнне ў Берасце, у цэнтральную бібліятэку. Дык вось, завярнуўшы ад бабы направа, праехаўшы паўз 12-павярховую бальніцу і 2-павярховую трупярню, далей, праз катэджавую забудову, можна трапіць у адно зачараванае і амаль невядомае жыхарам месца. Спачатку абсалютна нечакана вымкне нейкі зараснік, з бураломам і равамі, прыклеены ці то да цэху, ці то да аўтамайстэрні. Агароджы паміж тым цэхам і зараснікам няма, таму на вас выбежыць злосны зубаты аўчар, які гаспадарамі чамусьці ніколі не прывязваецца. Шчасна ўнікнуўшы сабакі, вы занурыцеся ў зяленіва і раптам заўважыце, што дрэвы, якія вас атачаюць, – трохсотгадовыя дубы ў тры-чатыры ахопы, а сцяжынка некалі была значна шырэйшай і чысцейшай алеяй, і вядзе яна да нейкага дома.
Ён адкрываецца раптоўна, вынікнуўшы з кустоўя, – вялізны карычневы сядзібны дом з чатырма белымі калонамі. Вакол яго – пустазелле і агароды з цыбуляй і пер’ямі часнаку, надзельчыкі, агароджаныя калючым дротам, а каля самога дома, да якога вам так захочацца дайсці, сустрэнецца яшчэ адзін нахабны і непрывязаны сабака, які сваім брэхам прымусіць высунуцца ў акно дзядзю Пецю з “прымінай” у зубах, а цётухна ў стракатай хустцы на дальнім агародзе такі разагнецца і з капачкаю напагатове будзе пільна прыглядацца да вас, прыхадня. Давядзецца ўцякаць: дом будзе штурхацца, сабакі будуць брахаць услед вам і вашым думкам пра вечаровы баль у мясцовым парку ў верасні 1784 года, дадзены для Станіслава Аўгуста Панятоўскага, пра афіцэраў вермахта (насельнікаў дома ў 1941–1944 гадах), пра князёў Друцка-Любецкіх, графаў Пуслоўскіх і Стэфана Мар’яна Вандаліна Бойль-Плятэра, які ў 1920 годзе збудаваў гэтым дом, але наўрад ці падазраваў, што праз сотню гадоў купленая ім шыкоўная сядзіба стане постсавецкай камунальнай кватэрай з шалёнымі цэрберамі, ад якіх можа ўратаваць толькі трохсотгадовы дуб.
Гарык
Не ведаю, можа, цяпер ужо ўсё не так. Не, нават дакладна ведаю, што не так. А раней… Раней на вуліцы Леніна, за шэрым шматпавярховікам гарвыканкама, на лавах вакол каменя-помніка чарговым камісарам збіралася найлепшая ў Пінску публіка – музыкі, валацугі, паэты і проста валасатыя п’янтосы. Іх было шмат: каля Гарыка гопнікі хадзілі з пэўнай асцярогай, хоць часам, раздухарыўшыся і ўзброіўшыся арматурай, ладзілі бойні. О, Гарык! Колькі тут было выліта крыві на гітарныя дэкі, колькі выкурана цыгарэт з тытунём і не толькі, колькі заведзена знаёмстваў, якія з часам перарасталі ў нешта большае, як і мы самі, выштурхнутыя з часу і пакінутыя ў ім на маргінэсе. Родны Гарык, цяпер ты ціхі скверык. Дзе твае генералы і каралевы, дзе?
Піна
У Пінску я цяпер бываю раз на тры месяцы і часам нават за тыя дні “перабыўкі” нікуды не выходжу з кватэры, каб паглядзець на горад. Бацька расказвае, дзе што пабудавалі, дзе што знеслі, і я без верыфікацыі ведаю, што гэта ўжо не мой горад. Толькі Піна застаецца маёй, яна цячэ як цякла і будзе цячы так яшчэ доўга. Добра, што хоць яна застаецца некранутай, і калі-нікалі я падыходжу да яе са сваім сынам, паназіраць за чорна-жоўтай плынню і пеністымі маленькімі вірамі.
Ілюстрацыі Андруся Такінданга
Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.
Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.by (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!
Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Інфармацыйны партнёр: