«На былыя надзеі мы сёння глядзім іншымі вачыма»: мастачка Караліна Палякова пра герояў Мінска – горада палітвязняў

У гонар беларускіх палітвязняў мастачка Караліна Палякова ў супрацоўніцтве з праектам Po**tz*k.me стварыла складаны, насычаны персанажамі і сімваламі калаж, у якім перапрацавала вобразы з вядомых мазаік Аляксандра Кішчанкі «Мінск — горад мастацтва» і «Мінск — горад навукі», піша Reform. by. 


40.jpg
Караліна Палякова «Менск — горад палітвязняў». Лічбавая тэхніка. 2022.

Атрымаўся вельмі цікавы твор, дзе мінулае знаходзіць шлях у будучыню, а ідэі, што здаваліся звязанымі з аджылай ідэалогіяй, атрымліваюць магчымасць развіцця. Пра парадаксальнасць гэтых спалучэнняў і крыніцы натхнення ў вырашэнні балючай тэмы Reform. by пагаварыў з аўтаркай — фатографам і візуальнай мастачкай Каралінай Паляковай.

— Вы ­- маладая аўтарка, і ў сваім творы звяртаецеся да савецкай спадчыны? Чаму менавіта гэтыя вобразы вас кранулі, чаму яны падаліся адпаведнымі тэме палітвязняў?

— У размове з актывісткамі pol**z*k. me мы разважалі пра тое, як можна ўзгадаць 2020 год і нагадаць аб тых, хто за кратамі.

41.jpg
Караліна Палякова «Менск — горад палітвязняў». Лічбавая тэхніка. 2022.

І я ўспомніла, што ў маім архіве ёсць фотаздымкі з мазаікамі на сценах горада. Мне ўвогуле падабаюцца мазаікі, я шмат іх фатаграфавала ў Мінску і перажывала, калі бачыла, што яны асыпаюцца ці знікаюць. (Дарэчы, калі я рабіла свой калаж, я пакінула патрэсканыя сцены з арыгінальных здымкаў дамоў, што таксама з’яўляецца красамоўным вобразам стаўлення да спадчыны мінулага).

Савецкія мазаікі - знаёмы вобраз для таго, хто бываў у Мінску, і як бы хто ў гэтым не сумняваўся — гэта наша спадчына.

Для сваёй працы я выбрала мазаікі Аляксандра Кішчанкі каля станцыі метро «Усход». Там шмат сюжэтаў: навукоўцы прэзентуюць працы, людзі навучаюцца і танчаць у нацыянальных касцюмах, гісторыкі распавядаюць пра мінулае, матулі абдымаюць дзяцей.

Гэты від сацыяльнага мастацтва актыўна працуе з часам, таму высновы, якія гледачы робяць пры праглядзе, спрыяюць аналізу і пошуку метафар. У гэтых творах бачыш шмат былых надзей і мар пра, напрыклад, дасягальны космас, высокі розум, адкрыцці навукі і пра сяброўства паміж краінамі. На ўсё гэта мы сёння глядзім іншымі вачыма.

42.jpg
Караліна Палякова «Менск — горад палітвязняў». Лічбавая тэхніка. 2022.

— Вось у гэтым і пытанне: тыя персанажы савецкіх твораў такія аптымістычныя, натхнёныя, а нашы справы не надта каб добра ідуць…

— Гэта мая рэфлексія і ўяўленне пра тое, у які стан трапіла грамадства. У працэсе працы ідэя ўскладнілася: у арыгіналах адлюстраваныя вобразы выбітных і неабходных грамадству людзей, а сёння у турмах такая вялікая колькасць прафесіяналаў і ўвогуле цудоўных людзей, што нават ім не хапае месца: дактароў, філосафаў, гісторыкаў, будаўнікоў і гэтак далей. І дарэчы, я не бачу, каб людзі на Кішчанкавых мазаіках выглядалі шчаслівымі - хутчэй адданымі сваёй справе…

Аднак я маю надзею і веру ў важныя сёння рэчы — пажывём і пабачым. Чула і чытала, што людзі ў турмах больш аптымістычна настроеныя, чым мы, і выкарыстоўваюць абставіны для самаразвіцця і цешацца новымі знаёмствамі.

— Ваш калаж выглядае так пераканальна, што ў СМІ назвалі яго мазаікай. Не ўзнікала жаданне яго матэрыялізаваць?

— Падчас працы я здзівілася, як лёгка можна перабудаваць мазаіку ў турэмныя сюжэты, бо ў самой тэхніцы мазаікі можна адчуць глыбіню метафары і маштаб. Так, цяпер я маю жаданне паглядзець на гэтую працу не ў лічбавым фармаце і разважаю, дзе твор можна рэалізаваць і з якімі матэрыяламі папрацаваць.

Разумею, што варыянтаў шмат, розных і па коштах, і па дакладнасці працы. Працэс складання калажу ў камп’ютары патрабаваў клапатлівасці, а калі выкласці мазаікай, то гэтаму трэба прысвяціць шмат часу і сілаў.

43.jpg Караліна Палякова «Менск — горад палітвязняў». Лічбавая тэхніка. 2022.

Аднак гэтыя падзеі вартыя нашай памяці і нашых высілкаў.

— Пры праглядзе вашага твора ўзнікае адчуванне парадоксу — ад змяшчэння часавых пластоў. Калі будучы мастак звернецца да нашага часу, што ён убачыць? Якія сёння беларусы, як яны змяніліся пасля 2020 года? Якія колеры, якія настроі будуць адпавядаць нашаму часу?

— Мне не падабаецца згадваць жнівеньскія падзеі, трымацца за мінулае, калі ёсць тое, што мы можам рабіць проста зараз. Кожны і кожная самі для сябе зразумелі, як яны змяніліся пасля выбараў 2020 года. Што трэба рабіць сёння: працягваць працаваць над сабой і не моцна факусавацца на чаканнях, быць тут і цяпер. Мо, замест жалю пра тое, што не адбылося, лепш напісаць ліст незнаёмаму герою.

44.jpg
Караліна Палякова. Менск — горад палітвязняў. Лічбавая тэхніка. 2022.