27 мая у Мінску адкрыўся штогадовы праект «Мастак і горад». У гэтым годзе выстаўка прысвечана творчасці беларускага мастака Леаніда Шчамялёва. Цяпер на пешаходнай вуліцы Камсамольскай кожны жадаючы зможа ўбачыць экспазіцыю, якая ўключае 34 работы майстра.
Наведвальнікі выстаўкі могуць самастойна вывучыць работы Шчамялёва, скарыстаўшыся аўдыягідам. На стэндах размешчаны тры QR-коды – аўдыягід па экспазіцыі прадстаўлены на беларускай, рускай і англійскай мовах.
Па словах арганізатараў, у гэтым годзе ў рамках «Мастака і горада» запланавана правядзенне розных творчых акцый. Жыхары і госці сталіцы змогуць паўдзельнічаць у «Адкрытай майстэрні» і пад кіраўніцтвам мастака намаляваць уласную карціну. Таксама чакаецца запуск конкурсу ў сацыяльных сетках. Анонсы актыўнасцей будуць публікавацца ў акаўнтах праекта ў Facebook і Вконтакте.
Экспазіцыя, якая сёлета носіць назву «Фарбы душы. Леанід Шчамялёў», будзе даступна для наведвальнікаў да 20 верасня. Традыцыйна рэпрадукцыі карцін суправаджаюцца біяграфіяй аўтара і тэкставым апісаннем.
Праект рэалізуецца Музеем гісторыі горада Мінска сумесна з камунікацыйнай кампаніяй GBS пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Восьмы год запар генеральным партнёрам экспазіцыі выступае банк ВТБ (Беларусь).
Даведачна:
«Мастак і горад» – гэта выстаўка ў фармаце public space, якая дазваляе жыхарам і гасцям нашай краіны бліжэй пазнаёміцца з выдатнымі сучаснымі беларускімі мастакамі. Праект 10-ы год запар радуе мінчан і гасцей сталіцы; таксама за час свайго існавання выстаўка двойчы прыязджала ў Віцебск і адзін раз у Брэст – да 1000-годдзя горада. Уся дадатковая інфармацыя аб праекце знаходзіцца на сайце higminsk.by, дзе таксама размешчаны карціны Леаніда Шчамялёва, прадстаўленыя на выстаўцы.
Паводле прэс-рэліза