Сёння ў Мінску прайшло пасяджэнне выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале ведамства. Падчас пасяджэння былі падведзены вынікі работы ў 2022 годзе і вызначаны мэты на бліжэйшую перспектыву.
У ходзе калегіі разглядалі пытанні, якія датычацца выканання Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі», экспартнага патэнцыялу ўстаноў адукацыі ў сферы культуры, работы тэатраў, кінематаграфіі і кінапракату, рэстаўрацыі аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны і іншыя.
Падчас пасяджэння міністр культуры Анатоль Маркевіч выказаўся пра артыстаў і творчыя калектывы, якія выступілі супраць падзей 2020 года.
«Здраднікам не месца на сцэне, будзь то дзяржспецмерапрыемства ці канцэрт у аграгарадку.
Але пры гэтым да кожнага артыста або творчага калектыву, які заявіў аб адрачэнні ад ранейшых поглядаў і жаданні працаваць на карысць Беларусі, прымяняецца індывідуальны падыход.
Калі чалавек шчыра раскайваецца ў сваіх словах, пастах, лайках, гатовы працаваць на дзяржаву і публічна заявіць аб сваёй грамадзянскай пазіцыі, яму даецца другі шанс.
Калі словы пакаяння аказваюцца хлуснёй, з такімі людзьмі мы расстаемся адразу і назаўжды», — заявіў Анатоль Маркевіч.
Таксама міністр культуры адзначыў, што галоўнай задачай 2023 года стане пераход на парытэтнае фінансаванне тэатраў, а пытанне забеспячэння сферы культуры кадрамі застаецца актуальным.
«Толькі 50% выпускнікоў замацоўваецца на першым працоўным месцы. Пытанне забеспячэння сферы культуры кадрамі застаецца актуальным. На сённяшні дзень ёсць практычна 2,5 тысячы вакансій. Выйсцем з дадзенай сітуацыі павінна стаць мэтавая падрыхтоўка спецыялістаў на ўсіх узроўнях адукацыі. Трэба карэнным чынам змяніць работу па падрыхтоўцы спецыялістаў па мэтавых напрамках», — прыводзіць словы Маркевіча прэс-служба Міністэрства культуры ў сваім тэлеграм-кнале.