• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
22.03.2023 | Гісторыя

Міты Другой Сусьветнай вайны. Да дня спаленьня Хатыні

Трагедыя, што адбылася ў вёсцы Хатынь, не павінна быць забытая, як і падобная гісторыя сотняў іншых вёсак Беларусі. Але разам з тым неабходна рашуча супрацьстаяць прапагандзе, якая 80 гадоў выкарыстоўвае падман у адносінах да гэтага злачынства. «Новы Час» узгадвае таксама і іншыя міты.


hastela.jpg
Малюнак «гераічнага ўчынку Гастэлы»

Гастэла

Калі ехаць па трасе зь Менску ў бок Радашковічаў, непазьбежна сустрэнеш ля гораду велічную стэлу ў гонар знакамітага подзьвігу Мікалая Гастэлы і яго экіпажу самалёта ДБ-ЗФ.

Пра што кажа старадаўні міт: на 4 дзень нападу немцаў на краіну саветаў, 26 чэрвеня 1941 году, вылецела зьвяно пад камандаваньнем капітана Мікалая Гастэлы, якое складалася з двух цяжкіх бамбардыроўшчыкаў ДБ-3Ф. Другім самалётам кіраваў старшы лейтэнант Фёдар Вараб’ёў, у якасьці штурмана зь ім ляцеў лейтэнант Анатоль Рыбас. Мікалай Францавіч Гастэла разам з трыма іншымі чальцамі экіпажу быў адпраўлены вайсковым кіраўніцтвам на зьдзяйсьненьне баявой задачы ля Маладэчна і Радашковічаў. Падчас гэтага самалёт Гастэлы быў падбіты і меў толькі адну пэрспэктыву — разьбіцца аб зямлю. Экіпаж прыняў рашэньне аб тым, што пазьней будзе агучана як «подзьвіг» — бамбардыроўшчык быў скіраваны ў танкавую калёну ворага і такім чынам разам з сабою забраў на той сьвет жыцьці іншых немцаў, а таксама была зьнішчаная варожая тэхніка.

Згодна з рапартам Вараб’ёва і Рыбаса, самалёт Гастэлы загарэўся і зьдзейсьніў таран механізаванай калёны варожай тэхнікі. Ноччу сяляне з найбліжэйшай вёскі Дзякшняны вынялі трупы лётчыкаў з самалёта і, абгарнуўшы целы ў парашуты, пахавалі іх побач з месцам падзеньня самалёта. За гэта роўна празь месяц, 26 ліпеня 1941 году, Гастэла пасьмяротна быў абвешчаны героем СССР. Пры гэтым тры астатнія чальцы экіпажу доўгі час заставаліся ў ценю «галоўнага герою». Толькі ў 1958 годзе яны пасьмяротна атрымалі ордэны Айчыннай вайны.

Што кажуць факты. Ужо ў 1951 годзе камуністычнае кіраўніцтва даведалася пра несупадзеньне сапраўднай гісторыі з шырока распаўсюджаным мітам пра Гастэлу, але вырашыла пашыраць і ўзьвялічваць падман. Гэта працягвалася дзесяцігодзьдзямі. Да 10 гадавіны «подзьвігу Гастэлы» прымеркавалі ўрачыстую эксгумацыю і перапахаваньне з ушанаваньнем парэшткаў Мікалая Гастэлы. Але адразу ўсё пайшло ня так.

У магіле не было рэчаў героя СССР, але знайшліся іншыя, што належалі яго калегам — капітану Аляксандру Маславу і радысту Рыгору Рэўтаву, экіпаж якіх зьнік у той жа дзень, калі геройства прыпісвалася Гастэлу.

У гэты ж час ворганы, якія займаліся перапахаваньнем, правялі патаемнае расьсьледаваньне, якое паказала, што ў месцы меркаванага вогненнага тарану Гастэлы пацярпеў крушэньне менавіта самалёт капітана Маслава. Яго парэшткі былі ціха пахаваныя на могілках Радашковічаў, а кавалкі самалёта скіраваныя ў шматлікія музэі прапаганды (гісторыі вайны) у якасьці частак бамбардыроўшчыка Гастэлы.

Паводле баявога данясеньня, самалёт упаў мэтраў за 40 ад зэнітнай батарэі, якая зьбіла яго, прычым няма дадзеных, што ён наогул нанёс ёй якую-небудзь шкоду. Акрамя таго, улічваючы вагу і аэрадынамічныя якасьці ДБ-3Ф, гэты бамбавік нават пры зьнішчэньні аднаго рухавіка практычна губляў кіраваньне. Таму скіраваць яго на якую-небудзь цэль не было ніякай магчымасьці.

А што сталася з сапраўдным самалётам Гастэлы — яго таксама зьбілі ў той дзень, пазьней былі знойдзеныя яго часткі ў балоце ля вёскі Мацкі, у тым ліку дэталі рухавіка з серыйным нумарам. Таксама там быў адшуканы труп, у кішэні гімнасьцёркі якога знаходзіўся ліст ад нейкай спадарыні Скарабагатай. Менавіта такое прозьвішча меў калега па экіпажы Гастэлы.

Згодна з паказаньнямі сьведак з ліку мясцовых жыхароў вёскі Мацкі, адзін чалавек з меркаванага сапраўднага самалёта Гастэлы выкінуўся з парашутам з крыла самалёта, які падаў, і быў захоплены немцамі. Тэхнічна гэта мог зрабіць толькі кіраўнік экіпажу. Таксама ў архіўным сьпісе беззваротных стратаў насупраць экіпажу Гастэлы ёсьць прыпіска:

«Адзін чалавек з гэтага экіпажу выскачыў з парашутам, хто — невядома».

Што да стэлы-помніка ля Радашковічаў — яна была пабудаваная ў 1976 годзе, то-бок праз 25 гадоў пасьля атрыманьня праўдзівай інфармацыі пра падзеі вайны. Чым большая хлусьня — тым лягчэй у яе паверыць. Вуліцы, помнікі, абзацы ў падручніках — у гонар мітычнага герою вайны. Дарэчы, Мікалай Гастэла пасьпеў яшчэ ў 1940 годзе паўдзельнічаць у агрэсіі савецкай дзяржавы супраць Фінляндыі.

Заслонаў

Яшчэ адна знакавая асоба гераізацыі вайны. Пра што кажа старадаўні міт.

zaslonau.jpg

Па-першае, Канстантын Заслонаў займаўся тым, за што зараз у Беларусі абвяшчаюць здраднікам Радзімы — быў рэйкавым партызанам, скідаў цягнікі і не даваў магчымасьці падвесьці асабовы склад разам з тэхнікай і прыпасамі на фронт — да Масквы. Згодна з афіцыйнай вэрсіяй, Заслонаў разам з групай партызанаў за тры зімовыя месяцы 1941 — 1942 гадоў ля Воршы зьдзейсьніў 98 пасьпяховых крушэньняў нямецкіх цягнікоў праз выкарыстаньне так званых вугальных мінаў (замаскіраваныя пад вугаль міны), а таксама было зьнішчана каля 150 паравозаў.

Яшчэ раз: 98 цягнікоў за тры месяцы.

Часьцей чым 1 цягнік на дзень. Ну і яшчэ па 5 паравозаў за адзін каляндарны дзень. Нагадаем, што, згодна з афіцыйнай вэрсіяй, усе дывэрсіі рабіліся па начах, каля адбывалася бамбаваньне чыганачнай станцыі Ворша. Прадуктыўнасьць зашкальвае. А калі ўлічыць, што раніцай яму прыходзілася ісьці на афіцыйную працу ў тое ж дэпо — ну вы разумееце.

У сакавіку 1942 году, згодна з легэндай, Заслонаў разам з групай быў пераведзены ў лес. Канстантын Заслонаў узначаліў партызанскую брыгаду, якая дзейнічала настолькі пасьпяхова, што немцам прыйшлося зьняць з фронту і кінуць на барацьбу зь ёй тры дывізіі войскаў СС. А за галаву Заслонава яны нібыта прызначылі ўзнагароду ў 50 тысяч марак і два маёнткі.

У лістападзе 1942 году Заслонаў загінуў у баі, пасьмяротна атрымаў званьне героя СССР.

Што кажуць факты

Усё, што нам казалі — казкі тысячы і адной начы, а дакладней прыблізна 90 начэй.

Гісторык Барыс Сакалоў адзначае, што, калі б усё гэта было праўдай, забесьпячэньне групы войскаў «Цэнтар» у перыяд савецкага контрнаступу пад Масквой было б цалкам паралізавана, чаго ў рэальнасьці не было. Усе зьвесткі аб посьпехах Заслонава і яго камрадаў грунтаваліся на ўласных данясеньнях ... Заслонава, якія мелі мала агульнага з рэчаіснасьцю. У лепшым выпадку з дапамогай маламагутных вугальных мінаў за меньш чым тры месяцы працы Заслонаў і яго людзі маглі пашкодзіць 5-7 паравозаў.

Ніякіх баёў з рэгулярнымі нямецкімі дывізіямі заслонаўцы не вялі. Супраць іх дзейнічала не больш за два паліцэйскія батальёны, якія складаліся пераважна з былых савецкіх ваеннапалонных. Колькасьць забітых партызанамі паліцэйскіх у лепшым выпадку складала некалькі дзесяткаў чалавек, а не больш за тысячу, як сьцвярджаў сам Заслонаў. Таксама няма ніякіх дадзеных з нямецкіх архіваў аб тым, што калі-небудзь была абвешчаная ўзнагарода за галаву Заслонава.

Анатоль Тарас занатаваў успаміны тых, хто яшчэ памятаў партызанаў Заслонава ў 90-я гады. Відавочцы распавялі, што заслонаўцы «абрабавалі вёску і п’янствавалі ў лясной вартоўні непадалёк ад вёскі».

Хатынь

Трагічная старонка беларускай гісторыі была па-майстэрску выкарастаная камуністычнымі прапагандыстамі ў сваіх мэтах.

hatyn.jpg

Напачатку выразна засьведчым свой боль і скруху ў сувязі з гэтым вайсковым злачынствам. 149 мірных жыхароў былі спаленыя жыўцом, сама вёска не была адбудаваная пазьней, каб яшчэ больш нямым крыкам крычаць пра злачынства.

Ці задумваліся вы калі-небудзь, чаму менавіта гэтая спаленая вёска стала сымбалем сотняў іншых зьнішчаных падчас вайны населеных пунктаў Беларусі? Ці задавалі вы сабе пытаньне, хто гэта зрабіў?

Напэўна, самым відавочным адказам можа быць наступны: немцы спалілі вёску з жыхарамі, а ахвяраў было так шмат, што лягічным стала вечная памяць аб гэтым злачынстве.

Аднак давайце паглядзім, што ж было насамрэч.

Трагічных гісторыяў зь вёскамі было безьліч, і ахвяраў было, на жаль, і яшчэ больш за адзін канкрэтны выпадак. А спалілі вёску нават не немцы, а такія ж савецкія людзі, якія ўваходзілі ў 118-ты паліцэйскі батальён.

21 красавіка 1943 году чырвоныя партызаны каля Хатыні зьдзейсьнілі засаду і напад на два ўзводы 118-га батальёна паліцыі. У выніку нападу загінулі трое паліцэйскіх і двое нямецкіх жаўнераў, у тым ліку камандзір роты гаўптштурмфюрэр Ганс Вельке, які быў алімпійскім чэмпіёнам 1936 году. Паранены камандзір узводу Мялешка аддаў загад зьнішчыць партызанаў. Падчас пагоні нямецкія часткі наткнуліся на 30 лесьнікоў з вёскі Козыры і забілі іх, прыняўшы за партызанаў.

Пасьля аперацыі партызаны не адышлі ў лес, як мусілі, але спыніліся ў той самай бліжэйшай вёсцы — Хатынь. Аб нападзе на паліцыю было дакладзена нямецкай арміі, і было вырашана правесьці зачыстку вёскі. Загадам кіраўніка паліцыі і СС Генэральнай акругі «Беларусь» обэргрупэнфюрэра Курта фон Готберга вёска была прызнаная партызанскай базай і прынятае рашэньне аб яе ліквідацыі.

Паводле савецкай вэрсіі, сялянаў сагналі ў драўляны хлеў памерам 12 на 10 мэтраў, зачынілі дзьверы, накрылі саломай і падпалілі. Тых, хто спрабаваў выбрацца, расстрэльвалі аўтаматчыкі. Такім чынам былі забітыя і спаленыя жыўцом 149 жыхароў вёскі Хатынь, у тым ліку 75 дзяцей, у жывых засталіся адзінкі.

Па вэрсіі сучасных гісторыкаў, адбылося наступнае: спальваньне вёскі Хатынь разам зь яе жыхарамі было непасрэдна справакавана дзеяньнямі жаўнераў партызанскай брыгады «Народныя мсьціўцы» пад камандаваньнем Андрыянава, як сцьвярджае Іван Дарэйка.

У чэрвені 1942 году ў Кіеве быў сфарміраваны 118-ты батальён ахоўнай паліцыі з ліку вайсковых палонных чырвонаармейцаў. Батальёнам камандаваў немец Эрых Кёрнэр, яго намесьнікам быў Канстантын Смоўскі. Аперацыі, замест немаладога ўжо Кёрнэра, праводзіў 27-гадовы Рыгор Васюра, кіраўнік штабу батальёну, былы старшы лейтэнант Чырвонай Арміі.

Дарэчы, судзілі Васюру пасьля вайны некалькі разоў. Першы раз за супрацу з немцамі ў 1952-м на 25 год, але ён выйшаў па амністыі ўжо ў 1955-м. Па вызваленьні Васюра даслужыўся да намесьніка дырэктара саўгаса на Кіеўшчыне, атрымліваў узнагароды і граматы за старанную працу. Больш за тое, карнік выдаваў сябе за змагара з фашызмам і франтавіка — афіцэра сувязі. Кажуць, нават вучыў піянэраў патрыятызму. Імя яго ўсплыло цягам працэсу Мялешкі ў 1974 годзе, самога Васюру асудзілі ў 1986-м за ўдзел у забойствах агульнай колькасьцю больш за 300 чалавек і расстралялі ў 1987-м.

vasjura.jpg
Ваенны злачынца Васюра

Факт удзелу былых савецкіх афіцэраў у вынішчэньні беларусаў, зразумела, не супадаў з лініяй партыі.

Таму, напрыклад, на суд да Васюры ў 1986 годзе журналістам савецкіх выданьняў уваходзіць спачатку дазволілі, а пасьля — забаранілі.

Вернемся і да пытаньня выбару вёскі паміж астатнімі.

Асноўная прычына — падабенства назвы гэтай вёскі з месцам масавых расстрэлаў савецкім камуністычным рэжымам польскіх афіцэраў у Катыні.

Савецкі бок пачаў спэкуляваць розьніцай у назвах яшчэ ў 1945 годзе, у прыватнасьці, 18 кастрычніка таго ж году на Нюрнбэргскім працэсе СССР высунуў нямецкім нацыстам абвінавачаньне ў забойстве польскіх ваеннапалонных у Катыні. Паколькі аргумэнтаў у пацьверджаньне гэтай вэрсіі не было прыведзена, генэрал Рудэнка паспрабаваў патлумачыць «памылку» савецкіх пракурораў: «Мелася на ўвазе спаленая немцамі беларуская вёска Хатынь».
Чакаць прызнаньня ў масавым вынішчэньні польскай эліты ў Катыні ад камуністаў прыйшлося аж да 1990 году.

Час адмовіцца ад іншых мітаў той вайны надышоў.

Васіль Быкаў у размове з журналістам Юрасём Залоскам выказаў наступную думку, якой бы мы і жадалі скончыць гэты артыкул:

«Тое, што мы называлі калябарацыянізмам і калябарантамі і адпаведна да іх ставіліся, як цяпер бачыцца, было куды больш складаней. Існавалі і калябаранты, і калябарацыя — даволі значныя на Беларусі. Я заўсёды пра гэта гаварыў. Калі ў Беларусі было каля мільёну партызанаў і яны ваявалі, дык з кім яны ваявалі? Гэта камуністы рабілі такую падмену, што, маўляў, партызаны ваявалі быццам з немцамі. На самой справе якія немцы — у той час як фронт стаяў пад Масквой?.. Немец быў у лепшым выпадку адзін на раён, у раённай адміністрацыі. З кім жа тады ваявалі шматтысячныя партызанскія арміі? Зразумела, з кім — з паліцэйскімі фармаваньнямі, каторыя, як і партызанскія злучэньні, рэкрутаваліся з беларусаў альбо з суседзяў — літоўцаў ці ўкраінцаў. Гэта ж атрымалася абсалютна спантанна — Хатынь. Трагедыю Хатыні спрабавалі аднесьці на рахунак немцаў, а папраўдзе яе спаліў канкрэтны 118-ы ўкраінскі паліцэйскі батальён. Дык вось, што датычыць калябарацыі: прыблізна столькі ж, колькі партызанаў, было і калябарантаў. І тое, што тут адбывалася, мела ўсе прыкметы грамадзянскай вайны. Нямецкія рэгулярныя войскі ў гэтую справу ўлезлі тады, як фронт падышоў к Полацку. Тады яны акружылі і зьліквідавалі ўсю партызанскую зону. «Прарыў» — гэта эўфэмізм: разгром быў заменены на «прарыў». Які прарыў? Прарваліся рэшткі... Немцы ўмелі гэта рабіць, гэта не Чачня, партызаны для іх не ўяўлялі ніякай небясьпекі... Яны іх акружылі і задушылі меней чым за месяц. Рэшткі, каторыя прарваліся з блакады, пасля хаваліся ў Селіцкай пушчы, я пра гэта пісаў. У густых хвойках яны прывязваліся рамянямі да вершалін і там сядзелі. Ды немцы пусьцілі сабак, каторыя аблайвалі дрэвы. Немец падыходзіў і даваў уздоўж ствала некалькі чэргаў... Пасьля вайны, у 1947 годзе, калі я прыязджаў на радзіму, на тых хвойках яшчэ бялелі партызанскія косьці, абгладаныя вараньнём...»

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka

«Гэта экацыд!» Украінскія мастакі адрэагавалі на трагедыю, выкліканую падрывам плаціны Кахоўскай ГЭС

У ноч на 6 чэрвеня вялізная плаціна на Кахоўскай ГЭС была разбурана, што прывяло да маштабнай паводкі, якая...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Вянок. Медытацыя на вяртанне кантролю над сваім жыццём

Калі вам падаецца, што ад вас абсалютна нічога не залежыць, піша "Новы час", што жыццё кідае вас, быццам маленькую трэску,...

valiancina_shauchenka
Навіны "Будзьма!" Гатуем з «Будзьма!»

Сезонны сакавіты пірог с клубніцамі. Гатуем з «Будзьма!»

Напэўна, усе каштавалі традыцыйную шарлотку з яблыкамі, аднак ёсць варыянт і з іншым начыненнем — клубніцы....

valiancina_shauchenka
Гісторыя

З’явілася выстава, прысвечаная гісторыі Бабруйска на картах, планах і чарцяжах у ХІХ — ХХ стагоддзях

Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі падрыхтавана і размешчана на сайце архіва віртуальная выстава «Бабруйск...

Апошнія навіны

    «Гэта экацыд!» Украінскія мастакі адрэагавалі на трагедыю, выкліканую падрывам плаціны Кахоўскай ГЭС
    Грамадства
    Вянок. Медытацыя на вяртанне кантролю над сваім жыццём
    Навіны "Будзьма!" Гатуем з «Будзьма!»
    Сезонны сакавіты пірог с клубніцамі. Гатуем з «Будзьма!»
    Гісторыя
    З’явілася выстава, прысвечаная гісторыі Бабруйска на картах, планах і чарцяжах у ХІХ — ХХ стагоддзях
    Грамадства
    Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэзаў на 10-11 чэрвеня
    Гісторыя Вандруем разам
    Топ-5 гістарычных месцаў на Гродзеншчыне, куды варта паехаць на выходныя
    Музыка
    «Знаходжу сілы ў веры ў тое, што людзі застануцца людзьмі». Алесю Камоцкаму 65
    Літаратура
    Міжнародны паэтычны флэш-моб: Іна Снарская чытае «Новую зямлю» Якуба Коласа
    Грамадства Гісторыя
    Перасялілі і жывых, і мёртвых. Як будавалі Вілейскае вадасховішча і наколькі яно бяспечнае?
    Музыка
    Музычная формула поспеху па-беларуску: тролі, тэхна і «Купалінка»
    Грамадства Літаратура
    «Воля да жыцьця». Кніга Андрэя Белавешкіна з'явілася ў вольным доступе
    Культура Музыка
    У гэтую пятніцу, 9 чэрвеня, на Падляшшы пачынаецца фэст беларускай традыцыі SONCAHRAJ
    Культура
    Мінкульт будзе выдаваць гастрольныя пасведчанні пасля праверкі творчасці «на прымальнасць»
    Грамадства
    Калектыўная памяць — інструмент альбо кансэнсус?
    Грамадства Гісторыя
    Паглядзіце на ўнікальнае фота аднаго з самых ранніх планаў старажытнага Бабруйска

Афіша

  • 11.06

    Сямейны фэст «TOYDAY» ў Мінску

  • 11.06 — 18.06Выстава «Калі яго парушыць, яно становіцца адчувальным» у Вільні
  • 11.06 — 18.06Выстава выцінанкі Наталлі Каньковай у Віцебску
  • 11.06 — 18.06Выстава «Abstract» у Віцебску
  • 11.06 — 18.06Новыя імёны мастацтва: фестываль «Арт-Мінск»
  • 11.06 — 23.06Выстава Міхаіла Анішчанкі «Горад людзей» у Гродне
  • 11.06 — 16.07Выстава Рышарда Мая ў Чаросаве на Лепельшчыне
  • 11.06 — 15.06Выстава «Я хачу дадому» ў Вільні

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Першая перамога беларусаў
    • Тэст для вандроўнікаў па Беларусі
    • Топ-3 смешных выпадкаў з Янкам Купалам
    • Цяжкая праца, сціплая ежа, гарэлка: жыццё сялян вачыма Сыракомлі
    • «Эйфарыя пасля пераезду нараджаецца з ілюзіі – у новай краіне ўсё будзе інакш». Псіхолаг пра перажыванне эміграцыі
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип