Modum выпусціў беларусацэнтрычную лінейку касметыкі “Asoba”

У крамах з’явіўся першы прадукт новай лінейкі касметыкі па доглядзе скуры “Asoba” ад фірмы “Modum” – крэм “Файны”.

Распрацоўкай аздаблення лінейкі займаўся дызайнер Анатоль Лазар (студыя “Адліга”).

“Фішка касметыкі “Asoba” ў тым, што гэта не кустарны прадукт, не “зварыў мыла – аднёс у дзве крамкі”. Modum – буйная кампанія, якая свядома выпусціла прадукцыю з цалкам беларускамоўнай упакоўкай. І мова на ёй добрая – не “прышчы”, а “болькі”. Я і сам руку прыкладаў да перакладу, кансультаваў іхніх маркетолагаў.

Трэба аддаць належнае кліенту, які адразу паставіў цалкам канкрэтнае заданне. Касметыка для адукаванай моладзі, якая сочыць за трэндамі, валодае беларускай мовай. І для якіх мова – гэта не толькі сродак зносінаў, але і каштоўнасць.

У працэсе работы было некалькі эскізаў, але ўрэшце быў абраны адзін з найбольш смелых. Бо ў ім ёсць сучасны мінімалізм у колерах і элементах аздаблення. Ёсць і модныя “вышываначныя” трэнды. Але трактаваныя яны не як местачковыя, але з намінкай на брытанскі сцяг.

Назва лінейкі “Asoba” напісаная лацінскімі літарамі, бо ў кліента ўжо ёсць праекты, што прадставяць гэтую цалкам канкурэнтаздольную і рэпрэзентатыўную прадукцыю за межамі Беларусі”.

 

Падрабязней пра касметыку “Asoba” ТУТ