Аляксей Гайдукевіч піша пра змаганне за захаванне апошняй кельцкай мовы кантынентальнай Еўропы — брэтонскай, і праводзіць паралелі з моўнай сітуацыяй у Беларусі.
У моўных, свядомасных пытаннях, якія ў сучасным свеце набываюць новыя, дагэтуль у поўнай меры не асэнсаваныя наратывы, вельмі істотным элементам з’яўляецца ўспрыманне асобных прадстаўнікоў і народа цалкам ягонымі геаграфічнымі суседзямі.
Ацэнкі і ў большасці суб’ектыўнае разуменне «місіі нацыі» жыхарамі іншых краін часам уплывае на маральны стан народа, сацыяльныя якасці і магчымасць да самаарганізацыі.
Магчымасць дакладна ідэнтыфікаваць турыстаў з суседняй краіны па мове, культурным кодзе, устаноўках, вонкавым стылі і паводзінах можа нават больш, чым шматлікія навуковыя даследаванні, сказаць аб становішчы самасвядомасці і калектыўным падсвядомым народа.
Жыхары Беларусі, якія траплялі ў суседнія краіны з турыстычнымі ці іншымі мэтамі, неаднаразова абураліся, што іх успрымаюць у большасці выпадкаў як расейцаў. Шматкроць даводзілася чуць пра некампетэнтнасць і неабазнанасць. Маўляў, «беларус паляка адразу ідэнтыфікуе, чаму ж паляку здагадацца, што перад ім беларус, настолькі цяжка?».
У гэтай фразе, якая гучыць неаднаразова ў турыстычных аўтобусах, хаваецца шмат чаго — і няўпэўненасць, і неразуменне ментальнасці суседніх народаў, і неўсведамленне ўласных недахопаў.
Так, у вялікай колькасці еўрапейскіх краінаў вызначаюць нацыянальную прыналежнасць чалавека менавіта па мове. І ў большасці выпадкаў адразу даюць ацэнку ягонай асобе, зыходзячы са стэрэатыпаў, накінутых маскультурай і адукацыяй.
Гэтаксама, як паляку цяжка зразумець, што перад ім беларус, а не расеец, нам будзе цяжка пазнаць у масе французаў брэтонца. Больш за тое, вялікая колькасць еўрапейцаў нават не чулі пра гэты адзін з самых загадкавых народаў нашага кантынента.
А ўсё з-за таго, што ў большасці сваёй гэтыя нашчадкі старажытных кельтаў размаўляюць на французскай мове.
Парадаксальна, але нягледзячы на ўнікальную культуру, паходжанне, мову продкаў, нават кухню — толькі па моўнай ідэнтыфікацыі ў большасці выпадкаў брэтонцаў адносяць да французаў. Як бы нашчадкі кельтаў не даводзілі ўласную адметнасць — усё марна.
Для шараговага еўрапейца — яны будуць (і хіба застануцца назаўжды) французамі.
Выжыванне і страта мовы
Як не дзіўна гэта можа прагучаць, але Францыя зусім не маналітнае, і нават больш за тое, нацыянальна адрознае ўтварэнне. Так, некалькі стагоддзяў татальнай цэнтралізацыі і культурна-моўнай уніфікацыі зрабілі сваё. І нават у прыватных размовах шараговыя грамадзяне Францыі толькі ў другую чаргу падкрэсліваюць сваю рэгіянальную (нацыянальную) прыналежнасць.
Але так было не заўжды. Яшчэ 200 год таму нават раманскія мовы Гасконі, Нармандыі, Акітаніі, рэгіёна Парыжа вельмі адрозніваліся. А ў Брэтані, Краіне Баскаў, французскай Фландрыі размаўлялі на мовах зусім іншых лінгвістычных сем’яў.
Мовы і дыялекты Францыі. Крыніца: 4.bp.blogspot.com
Калі з’яўленне на кантыненце носьбітаў баскскай мовы і да нашага часу выклікае шмат пытанняў у навукоўцаў, з брэтонцамі гісторыкам больш-менш усё зразумела. Гэтая кельцкая група — не зусім рэшткі кельтаў, якія за шмат стагоддзяў да нашай эры не перасяліліся з кантынента на Брытанскія выспы. Але частка жыхароў поўдня Брытаніі, што былі вымушаныя бегчы ад навалы англа-саксаў у V–VI ст. нашай эры. Яны часткова асімілявалі мясцовых галаў, якія да таго часу вельмі раманізаваліся і страцілі кельцкую мову сваіх продкаў.
Крыніца: 4.bp.blogspot.com
Феадалам на землях сучаснай Брэтані даводзілася ваяваць за сваё выжыванне ад самага паўстання цэнтралізаванага каралеўства на гэтай тэрыторыі. У VIII–X стст. дробныя феадалы спрабавалі супрацьстаяць магутнай імперыі франкаў, якая падпарадкавала большую частку Заходняй Еўропы ў якасці пераемнікаў заходняй Рымскай імперыі. Але ў выніку былі вымушаныя шукаць саюзаў з продкамі сучасных французаў, каб пераадолець навалу вікінгаў у сярэдзіне X ст.
Усё Сярэднявечча герцагі і іхныя дробныя васалы спрабавалі балансаваць паміж рознымі цэнтрамі сілы, якія імкнуліся падпарадкаваць Брэтань. За 600 год існавання герцагства (939–1547) яго некалькі дзясяткаў разоў заваёўвалі феадалы-суседзі, нават англійскія каралі.
Страціўшы вельмі ўмоўную незалежнасць у XVI ст., брэтонскія герцагі ўсё ж захоўвалі пэўную аўтаномію, да канца XVIII ст. дзейнічаў брэтонскі парламент у форме сходаў феадалаў.
Але кельцкая культура была не ў стане супрацьстаяць дамінаванню лаціны і раманскіх дыялектаў.
Амаль усе кнігі ў сярэднявечнай Брэтані друкаваліся на лаціне, бо мелі рэлігійны характар. Хаця даследчыкі знаходзяць у тэкстах кельцкія словы і нават кавалкі вершаў.
Невядома, ці выдаваліся тэксты на брэтонскай мове раней, але захаваліся толькі выданні XIX ст., якія лічацца копіямі ранейшых кніг. Гэта сведчыць пра тое, што мова была жывою і існаваў попыт на такога кшталту публікацыі.
Франка-брэтонскае выданне 1816 г. Крыніца: deriv.nls.uk
Але пасля так званага брэтонскага рамантычнага перыяду канца XVIII і пачатку XIX ст. Парыж пачаў уніфікацыю — тэрытарыяльную, моўную, адукацыйную:
«Многія брэтонцы супрацьстаялі цэнтралізацыі і дэрэгіяналізацыі краіны з 1789 года...
Брэтонская мова была забароненая, а традыцыйныя брэтонскія сацыяльныя сувязі, заснаваныя на гістарычным адміністратыўным дзяленні, скасаваныя».
Такім чынам, брэтонская мова выштурхоўвалася канчаткова з публічнага ўжытку, адукацыя на ёй і да сённяшніх дзён магчымая толькі ў прыватных школах.
Неспрыяльныя эканамічныя ўмовы вымушалі брэтонцаў эміграваць у Цэнтральную Францыю альбо ў буйныя гарады рэгіёна. Там былыя сельскія жыхары хутка гублялі сувязь з каранямі і пачыналі карыстацца больш «зручнай» і распаўсюджанай французскай.
Фота. Вільям Адольф Бугро. Брэтонка з маленькім братам. 1871. Фота з Вікіпедыі
Падобныя працэсы адбываліся і ў іншых некалі аўтаномных правінцыях краіны, а таксама ў Іспаніі, дзе, напрыклад, яшчэ адна ўнікальная для Еўропы баскская мова была выціснута з гарадоў у сельскую мясцовасць.
Чытайце яшчэ: Баскі. Да волі праз адраджэнне мовы
У Францыі роўнасць не для ўсіх
У XXI ст. Францыя застаецца адзінай краінай ЕС, дзе моўнае пытанне рэгіёнаў стаіць вельмі востра, бо Парыж не мае ўцямнай рэгіянальнай палітыкі і спрабуе на розныя спосабы супраціўляцца рашэннямі цэнтральных органаў Еўрасаюза.
Таму ў краіне час ад часу адбываюцца пратэсты ў Эльзасе, Брэтані, Краіне Баскаў, Акітаніі, Корсіцы з патрабаваннямі перагляду моўнай палітыкі:
— рэарганізацыі сістэмы адукацыі,
— фінансавання з дзяржбюджэту працы СМІ на мовах рэгіёнаў.
Йет Луарн (Yet Louarn), прэзідэнт ініцыятывы па адраджэнні брэтонскай мовы Kevre Breizh, лічыць:
«У Францыі лозунг краіны ‘Liberte, egalite, fraternite’ (свабода, роўнасць, братэрства) тычыцца толькі франкамоўных...
У Брэтані сто год таму 1 млн жыхароў ведалі брэтонскую мову, зараз толькі 200 000. І іх колькасць імкліва зніжаецца...
Мове не месца на музейных паліцах, яна павінна несці сацыяльную функцыю ў рэальным паўсядзённым жыцці».
Дэманстрацыя брэтонскіх актывістаў супраць экападатку, 2 лістапада 2013 г. REUTERS/Стэфан Маэ. Крыніца: www.slate.fr
Відавочна, што брэтонцы намагаюцца ўхапіцца за апошні шанц захаваць сваю ідэнтычнасць і не знікнуць назаўжды з мапы свету, як гэта адбылося з вялікай колькасцю народаў у Еўропе.
Тэрарыстычныя брэтонскія арганізацыі прыпынілі сваю дзейнасць на пачатку XXI ст. пасля серыі дыверсій з чалавечымі ахвярамі.
Застаўся толькі сацыяльна-культурніцкі шлях супрацьстаяння. Але ён падаецца марным, бо нішто так не яднае народ, як мова. А з гэтым у Брэтані вялікая праблема. Лічба ў 200 000 носьбітаў, як часцяком здараецца ў выпадках падобнай статыстыкі — гэта сума ўсіх тых, хто ведае мову. Не залежна ад узроўню валодання і перыядычнасці карыстання. Вывучаюць у прыватных школах брэтонскую мову наогул толькі пару адсоткаў моладзі.
Такія паказчыкі могуць сведчыць аб канчатковым «згортванні нацыянальнага праекта» брэтонцаў.
Не дарма «незалежніцкую рыторыку» ў грамадстве падтрымлівае хіба толькі некалькі адсоткаў. Пакуль сацыяльна-культурніцкая праца вядзецца на ўзроўні фальклорных гурткоў і моўных курсаў, без удзелу ўладаў, яна прырэчаная на правал і далейшую дэградацыю апошніх кельтаў на кантыненце.
Брэтонскія актывісты маюць вельмі яскравы прыклад Ірландыі, дзе без артыкуляцыі неабходнасці трансфармаваць калектыўную свядомасць да разумення ўжытку нацыянальнай мовы ва ўсіх сферах англійская працягвае дамінаваць на выспе. Без перспектываў змянення сітуацыі.
Чытайце яшчэ: Ірландскую мову чакае лёс беларускай?
Зусім супрацьлеглае становішча ва Уэльсе, дзе за апошнія некалькі дзясяткаў год адбыўся сапраўдны росквіт валійскай мовы і пашырэнне сфераў яе ўжытку. Дзякуючы рэальнаму запыту ў грамадстве на адраджэнне мовы і незалежніцкую рыторыку сярод палітычных сілаў. Якія разумеюць істотнасць мовы для захавання самасвядомасці народа і ягонага развіцця.
Брэтонскія моўныя рэаліі і адмоўная дынаміка вельмі падобныя да беларускіх. Таму аналіз перспектываў будучыні Рэспублікі Беларусь як незалежнага ўтварэння, дзе адбываецца дэградацыя ўжытку мовы карэнным насельніцтвам, можа цалкам абапірацца на пагрозлівы прыклад з іншай часткі кантынента.
І словы вядомага брэтонскага шансанье Алана Стывеля Hep Brezhoneg Breizh ebet (Без брэтонскай мовы не будзе Брэтані) могуць стаць прарочымі не толькі для апошніх кельтаў Еўропы.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org