У Мінску адкрываецца Музей наіўнага мастацтва

15.05.2026 Мастацтва

Афіцыйнае адкрыццё музея запланаванае на 4 чэрвеня, але наведаць яго можна ўжо цяпер: новая прастора працуе ў тэставым рэжыме, заўважыла «Наша Ніва».

muziej.png
Музей наіўнага мастацтва прыйшоў на змену дзіцячаму цэнтру «Карамелька», які раней працаваў на праспекце Пераможцаў, 84.

Плануецца, што ў музеі будуць праходзіць выставы наіўных мастакоў. У тым ліку будуць карціны людзей з асаблівасцямі і псіхічнымі дыягназамі.

Стваральнікі музея мараць, што на сценах іх прасторы працы сусветна вядомых мастакоў будуць суседнічаць з карцінамі бяздомных з вуліц.

«Нам пляваць на рэгаліі. Да нас можа трапіць хто заўгодна», — апісваюць свой падыход да напаўнення экспазіцыі супрацоўнікі.

З цікавостак інтэр’еру — частка пакінутых ад дзіцячага цэнтра рэчаў. Напрыклад, вялікі грыб і не менш аб’ёмныя цукеркі пад столлю. А яшчэ — сканструяваны ў савецкім стылі пакой як адказ трэнду на настальгію. Выдатныя дэкарацыі для крэатыўных фотаздымкаў.

Ужо цяпер кожны ахвотны можа запісацца на адзін з майстар-класаў музея. Тут можна, напрыклад, кастамізаваць старыя рэчы, стварыць маляванку сваімі рукамі, навучыцца рабіць арт-калажы ці засвоіць японскую вышыўку сашыка.

Асобна на пляцоўцы будуць арганізоўваць мерапрыемствы для людзей ва ўзросце 60+.

Кошт майстар-класаў складае ад 40 да 109 рублёў з чалавека.