Мінскія музы Максіма Багдановіча

На сёння нам вядомыя пятнаццаць мінчанак, з якімі Максім сустракаўся ў беларускай сталіцы. І яшчэ адна мінчанка, сустракацца з якой ім давялося ў Яраслаўлі. Як гэтыя асобы паўплывалі на яго творчасць? Наколькі адбыліся яны як музы нашага вялікага паэта?

 

Першая. Муза нараджэння

(Марыя Апанасаўна Багдановіч-Мякота)

 

Першай мінчанкай у жыцці Максіма была яго маці – дваццацідвухгадовая спадчынніца старажытнага шляхецкага роду герба “Курч”, які паходзіў ад прозвішча Канстанціна Курча, сына пінскага князя Міхаіла і праўнука вялікага князя Гедыміна. З малых гадоў Марыя расла пад апекай Ларысы Пятровай – жонкі мінскага губернатара, дзякуючы ёй атрымала вышэйшую настаўніцкую адукацыю ў сталіцы імперыі – Санкт-Пецярбургу, прычым жыла тады ў яе, губернатаркі, сваякоў – Пятровых.

З пецярбургскіх студэнцкіх завядзёнак таго часу яна засвоіла залежнасць ад кавы і цыгарэтаў. Максім не пераняў ні першай, ні другой залежнасці, але ўзяў ад маці прыхільнасць да літаратуры і музыкі. Агульны іх самы любімы музычны твор – “Элегія” Маснэ.

 

Другая. Муза дапамогі прыходу ў гэты свет

 

 Яе імя нам дагэтуль не вядомае. Ведаем, што яна была акушэркай. І калі бацька Максіма Адольф Юр’евіч (які пазней стане Адамам Ягоравічам), што падпрацоўваў увечары 27 лістапада (9 снежня па новым стылі) 1891 года ў яўрэйскім рамесным вучылішчы (будынак захаваўся і цяпер знаходзіцца ля мінскага стадыёна “Дынама”) даведаўся, што жонка вось-вось народзіць, то ўзяў па дарозе дадому гэтую акушэрку.

Было каля 9 гадзін вечара. Максім нараджаўся адносна лёгка. І “за паўгадзіны ўсё было скончана”.

Напэўна, мы можам падзякаваць светлай памяццю невядомай акушэрцы, якая годна прыняла нашага будучага класіка.

 

Трэцяя. Муза хросту і беларушчыны

(Вольга Епіфанаўна Сёмава)

 

Гэтай рускай паходжаннем жонцы калежскага асэсара, тагачаснай мінчанцы, было наканавана стаць нашаму герою хроснай мамай.

Ужо працягла жывучы на Паволжы, менавіта ёй на 10-м годзе ўласнага жыцця Максім даверыў таямніцу – якія ён піша вершы. Там былі і беларускія.

І як толькі царскім маніфестам прыйшла ў імперыю абмежаваная, але жыватворная дэмакратыя і сталі дазволеныя беларускамоўныя выданні, Вольга Сёмава з Пінска (куды перасялілася з Мінска пасля сямейнай драмы) пачала слаць Максіму беларускія газеты і кнігі. У адну з іх – “Нашу Ніву” – Максім адправіў сваё апавяданне-верш “Музыка”. І газета яго апублікавала.

Так наш класік увайшоў у беларускую літаратуру. Без Вольгі Сёмавай таго магло б не адбыцца ніколі.

 

Чацвёртая. Муза повязі роду

(Магдалена Ягораўна Багдановіч-Гапановіч)

 Магдалена Ягораўна Багдановіч (Гапановіч) – цётка Максіма Багдановіча па бацьку, захавальніца беларускіх традыцый роду Багдановічаў

Увесну 1895-га сям’я Багдановічаў з Гродна рушыла ў падарожжа на ўсход, на лясны адпачынак у сястры Марыі Апанасаўны Стэфаніі. Адам Ягоравіч, заняты банкаўскімі справамі, давёз жонку з дзецьмі да Мінска (дзесь ¾ запланаванага шляху) і пакінуў на некалькі дзён перад далейшай дарогай пад апекай сваіх сёстраў, перадусім замужняй і ўжо шматдзетнай Магдалены (у шлюбе – Гапановіч).

Маці Максіма ў лістах да мужа не надта прыхільна апісвала свае тагачасныя стасункі з яго сёстрамі, але мы маем шмат пазнейшых сведчанняў таго, што Максім сваю старую цётачку Магдалену любіў, быў з ёй у больш даверлівых зносінах, чым з уласным бацькам і нават меў намер і жаданне дарослым жыць у сям’і Гапановічаў.

“Беларускую калонію” на Паволжжы ствараў Адам-Адольф Багдановіч. Але трымала там бліжніх і дальніх сваякоў у больш ці менш цёплай повязі перадусім старэйшая з яго сёстраў, Магдалена.

 

Пятая. Муза трагедыі

(Паўліна Ягораўна Багдановіч)

 

Калі ў канцы вясны 1895-га мама Максіма з сынамі спынілася ў Гапановічаў, па Беларусі, як і па многіх іншых месцах імперыі ішла эпідэмія халеры. Братам Багдановічам немаглося, і Іван Гапановіч з сястрой яго жонкі Паўлінай узялі на сябе няўдзячную ролю “выражать неудовольствие” Максімавай маме, што “яе дзеці ходят” да здаровых дзяцей Гапановічаў. “Павлина так даже уводила их на улицу”, – пісала Марыя Апанасаўна мужу.

Уражанняў Максіма ад той вуліцы з цётачкай Паўлінай мы не ведаем. Але ведаем, што Паўліна пражыла мала і скончыла жыццё самагубствам.

 

Шостая. Загадкавая муза

(Таццяна Восіпаўна Малевіч-Мякота)

 

Мама мамы. Адзіная бабуля Максіма, якую ён паспеў пабачыць пры жыцці. Дачка святара. Яна праводзіла Максіма з мамай і братамі 23 красавіка 1895-га з Мінска да Вяззя пад Асіповічамі. Як пісала Марыя Апанасаўна, “меня провожала мама, ни хлопот ни забот я не знала”. Наколькі Максім любіў і цаніў бабулю Таццяну, нам пакуль не вядома.

 

Сёмая. Муза клопату

(Марыя Ягораўна Багдановіч-Галаван)

 

Сваю сястру Марыю бацька Максіма Адам Ягоравіч выпісаў у Гродна пасля смерці жонкі, Марыі Апанасаўны, з Адэсы, дзе яна дапамагала весці клапатлівы кухарскі бізнес Максімаваму дзеду Ягору Лук’янавічу Багдановічу. Цяпер на Марыю ўскладаўся абавязак даглядаць трох сваіх пляменнікаў і пляменніцу, якія засталіся без маці.

І Марыя сумленна даглядала. А мінчанкай стала на два месяцы лета 1898-га, калі разам з Максімам і яго малодшым братам Львом прыехала да сястры Магдаліны. Мінск прынёс ёй перспектыву шлюбу з беларускім хлопцам з Халапенічаў Трыфанам Галаванам.

І Магдаліна, і Марыя ад сваёй бабулі Рузаліі ведалі безліч беларускіх казак, песень, легенд, паданняў, прымавак. Браты Багдановічы абедзвюх цётачак любілі да канца сваіх жыццяў і пісалі ім шчырыя ды падрабязныя лісты.

 

Восьмая. Спрэчнамінская спрэчнамуза

(Аляксандра Апанасаўна Мякота)

 

У той час як яе родная сястра Марыя расла пад апекай жонкі мінскага губернатара, Аляксандры давялося пераносіць “радасці” дзіцячага прытулку, што мясціўся на перакрыжаванні вуліц Праабражэнскай і Падгорнай (цяперашніх Энгельса і Маркса) насупраць будынка тэатра (які ў сучаснасці – Янкі Купалы). У 15 гадоў яна пайшла на ўласны хлеб і “дарасла” да прыслугі кіраўніцы жаночага духоўнага вучылішча. Адтуль яе пасля смерці сваёй другой жонкі Аляксандры Волжынай узяў у сваю ніжагародскую сям’ю Максімаў бацька. Так яна стала нашаму вялікаму паэту другой мачахай.

З Аляксандрай Апанасаўнай Максім не сябраваў. Хаця яе клопатам трымалася хатняя гаспадарка, чысціня, харчаванне. Было, што яны і па паўгода не размаўлялі.

 

Дзявятая і дзясятая. Каланіяльныя музы

(Вера Іванаўна і Наталля Іванаўна Гапановіч)

 

Перацягнуўшы за сваім пераездам з сястрой і сынамі ў Ніжні Ноўгарад некалькі дзясяткаў іншых беларусаў ды беларусак (сваякоў, сяброў і ня толькі), бацька Максіма назваў усё гэта беларускай калоніяй.

Трое дачок Івана і Магдаліны Гапановічаў – стрыечныя сёстры Максіма. Вера была з іх старэйшай, а Наталля нарадзілася якраз той вясной, калі Багдановічы спыняліся ў Мінску па дарозе да Вяззя і мама Максіма крыўдзілася, што паходы яе хворых дзяцей да дзяцей Гапановічаў сустракаюцца “неудовольствием”.

Наколькі нам вядома, стасункі Максіма і з Верай і з Наталляй былі даволі роўнымі цягам усяго жыцця.

 

Адзінаццатая. Муза перакладу на рускую

(Анна Іванаўна Гапановіч)

 

Сярэдняя з сёстраў Гапановічаў – любімая сястра Максіма. Іранічная і вострая на язык. Пра гульні Максіма з ёй у дзяцінстве нам мала што вядома. А ў 1914-м ён падпісаў Нюце (так яе звалі ў сям’і) асобнік сваёй першай паэтычнай кніжкі “Вянок”.

Замест таго каб узнёсла выказаць захапленне веліччу талента брата, Нюта выказалася ў тым духу, што не здолее зразумець мастацкай каштоўнасці вершаў “Вянка”, бо беларускай моваю валодае слаба.

І Максім спецыяльна для Нюты пераклаў 22 свае вершы з беларускай мовы на рускую, змясціў іх у асобны сшытак, назваў “Зеленя”, дадаў эпіграф: “Переводы стихов, словно женщины: если красивы – то неверны, а если верны – то некрасивы”. Ды падарыў той сшытак любімай сястрычцы.

Цяпер зборнік-сшытак – у мінскім Музеі Максіма Багдановіча. Самы вялікі яго аўтограф (26 старонак), вядомы нам на сёння.

 

Дванаццатая. Муза захавання з нелюбімай сваяцкай галіны

(Ганна Кіпрыянаўна Валасовіч-Гразнова)

 

Стрыечная сястра Максіма па маці. Адназначная мінчанка і па нараджэнні, і па дзяцінстве, і па юнацтве да васямнаццаці гадоў. Але ў Мінску яны з Максімам не перасякаліся. Перасякліся і пазнаёміліся ў Яраслаўлі ў 1915-м, куды Ганна трапіла ў бежанства ад Першай сусветнай вайны. І, на жаль, не пасябравалі.

Чаму? Ганна Кіпрыянаўна ў вельмі сталым узросце выказвала меркаванне, што Максім увогуле сваякам па маці чамусь значна менш сімпатызаваў, чым сваякам па бацьку…

Дзякуючы Ганне Валасовіч-Гразновай захаваліся многія рэчы, звязаныя з Максімам Багдановічам. Яна разумела яго веліч і пакуль была жывая, намагалася дапамагаць даследаваць яго жыццё і творчасць.

 

Трынаццатая. Муза вяртання на радзіму

(Ванда Антонаўна Лявіцкая)

 

Калі ўвосень 1916-га малады і заўважна хворы класік беларускай літаратуры ехаў у Мінск, то мэтай яго было сустрэцца з дзяўчынай, з якой ён да таго доўга, плённа і шчыра вёў перапіску. Тая дзяўчына, Ванда, настойвала на Максімавым прыездзе.

Пазнаёміўшыся з Вандай непасрэдна, паэт вырашыў (з сённяшняга дня гледзячы – памылкова) іх адносіны далей не развіваць. Але ў Мінску затрымаўся на пяць месяцаў.

 

Чатырнаццатая і пятнаццатая. Музы кватаравання

(Рэня (яна ж Чэрня) Яфімаўна і Геня Яфімаўна Плаўнік)

 

Беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля (ён жа Самуіл Плаўнік у пазалітаратурным жыцці), які гаспадарыў у дамку Рэдзькі, жыў там з дзвюма сваімі малодшымі незамужнімі сёстрамі: Рэняй (Людвіка Сівіцкая, пра якую тут ніжэй, сцвярджае, што ў часы Максіма яе звалі Чэрняй) і Геняй.

Паколькі асноўным месцам для любой жанчыны Бядуля лічыў замужжа, няма сумневаў – Багдановіча ён успрыняў як патэнцыйнага вельмі таленавітага зяця.

Максім адзначаў тую цёплую апеку, якой яго атачалі ў доме Рэдзькі Бядуля з сёстрамі, але імкнуўся ўнікаць яе. Пасля працоўнага дня ішоў не дахаты, а ў клуб “Беларуская хатка”, дзе харчаваўся, а затым, нярэдка на самоце, сядзеў некалькі гадзін у цёмным пакоі. Пасля крочыў на месца начлегу. У свой пакойчык ён мог заходзіць праз асобныя дзверы, непасрэдна з вуліцы…

У найбліжэйшыя пасля ад’езду і смерці Максіма гады абедзве Бядулевы сястры замуж паспяхова выйшлі. Адна – за пазнейшага за Багдановіча кватаранта дамка Рэдзькі, студэнта і будучага літкрытыка, Уладзіслава Чаржыцкага (ён жа Дзяржынскі), другая – за вайскоўца Ласко.

 

Шаснаццатая. Муза валанцёрства

(Людвіка Антонаўна Сівіцкая)

 

З Людвікай Максіма звялі валанцёрскія справы ў Камітэце дапамогі ахвярам вайны. Менавіта там, па мінскім адрасе Захар’еўская, 18, у 1914–1917 групаваліся беларусы. Дамок той амаль афіцыйна зваўся “Беларускай хаткай”. Адзін з пакойчыкаў у ім здымалі маці і дачка Сівіцкія. Людвіка была дачкой.

Яны з Максімам выглядалі сімпатычнай парай. Але хоць самому паэту Людвіка і падабалася і ён нават размаўляў з ёй наконт магчымага іх шлюбу, пасля тую ідэю адхіліў: “ЛС таксама нездаровая. Ад ЛС я не буду мець дзіцёнка”.

Ён і тут памыліўся з адмовай. Нездароўе Людвікі заключалася ў глухаце на адно вуха, але нават поўная глухата не перашкодзіла ёй пражыць да 98 гадоў у здаровым розуме і светлай памяці. А да таго выйсці замуж за дзеяча беларушчыны Фабіяна Шантыра, затым, пасля яго расстрэлу, за іншага дзеяча беларушчыны, Антона Войціка, нарадзіць сына і выгадаваць двух дзяцей, плённа працаваць, дапамагаць безлічы вартых людзей і пакінуць змястоўныя мемуары “Я помню ўсё”.


 

Каб Мінск і мінчанкі ўратавалі Максіма, не хапіла, бадай, трошкі. Не хапіла паразумення паміж і разумення сітуацыі вакол. У канцы лютага 1917-га Багдановіч з’ехаў у Крым, дзе, у адсутнасці блізкіх людзей і аўдыторыі для рэалізацыі, здароўе яго непапраўна пагоршылася. Менш чым за 80 дзён па развітанні з Мінскам ён памёр.

 

Андрэй Мельнікаў