На продаж выстаўлены ўнікальны кальвінскі храм ХVI стагоддзя – месца спачыну роду Завішаў

Продаж будынка храма ХVI стагоддзя абурыла гісторыка Акудовіча, паведамляе REFORM.by.


kalvinijski-zbor.-fota-valeryya-vyadrenka.jpg

Гісторык Цімафей Акудовіч учора адрэагаваў на нядаўнюю навіну пра продаж архітэктурнага будынка пастом у Фэйсбуку: «Дзіч нейкая. Як можа прадавацца храм XVI ст? Проста нагадаю, што храм быў збудаваны як кальвінскі збор у XVI ст. Пазней стаў каталіцкім і ўвайшоў у сядзібны комплекс Завішаў. Завішы — адзін з важнейшых менскіх шляхецкіх радоў на працягу некалькіх стагоддзяў».

Кальвінскі збор ХVI стагоддзя, размешчаны ў вёсцы Першамайск Уздзенскага раёна, выставілі на  продаж па рашэнні Мінаблвыканкама.

«Белрэстаўрацыя» ацаніла яго ў 46 тысяч рублёў. Калі праз нейкі час будынак не будзе прададзены, будуць памяншаць цану — спачатку да 70%, затым да 50%. Тэрмін продажу усталяваны да снежня 2024 года.

Уласна будынак размешчаны на тэрыторыі Уздзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Інфармацыйнаму агенцтву «Мінская праўда» ў ліцэі пацвердзілі інфармацыю пра тое, што гістарычны аб’ект прадаецца толькі для далейшай рэстаўрацыі.

Нагадаем, што помнік, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, зараз знаходзіцца ў занядбаным стане. Ён пакрыты дахам, але сцены яго паступова разбураюцца.

Храм з’яўляецца часткай маёнтка Кухцічы, знакамітага сваёй прыналежнасцю сям’і Марыі Магдалены і Вацлавава Мікалая Радзівілаў, які апекваліся беларускай справай у пачатку ХХ стагоддзя (напрыклад, Марыя Магдалена дала грошы на выданне зборніка «Вянок» Максіма Багдановіча).