• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
02.12.2022 | Спорт Беларусы свету

«Можна падумаць, што я з глузду з’ехаў: холад, зіма, а я еду за 200 кіламетраў на стадык». Беларускі граўндхопер распавёў пра сваё хобі і футбольную культуру Польшчы

Наш суразмоўца — малады беларус, які калекцыянуе футбольныя матчы. У свеце гэты рух называецца граўндхопінгам. Мэта — наведаць максімальную колькасць гарадоў, краін і стадыёнаў. Сутнасць — натхніцца не толькі футбольнай атмасферай, а і спрычыніцца да іншых нацыянальных культур, якія так нечакана па-рознаму праяўляюць сябе на трыбунах. Ну а паколькі апошнія два гады Расціслаў жыве і вучыцца ў Польшчы, то і паразмаўляем мы пра спартыўную культуру нашай бліжэйшай суседкі.


«А ўсё пачалося з Крумкачоў», — прыгадвае Расціслаў. Першы раз на матч гэтай беларускай каманды ён трапіў у ліпені 2015-га. Спадабалася адразу, і ў тым жа годзе малады чалавек паехаў за клубам на гульню за Кубак Беларусі ў Слуцк. Калі «Крумкачы» выйшлі ў вышэйшую лігу, пачаў актыўна ездзіць на выправы, знайшоў новых знаёмых. «Вясёлыя часы былі», — дзеліцца ўспамінамі заўзятар і дадае, што спортам цікавіцца з дзяцінства. «Мой бацька спартыўны журналіст і каментатар. Ён заўсёды браў мяне малога на спартыўныя мерапрыемствы. Думаю, гэта таксама паўплывала на маё хобі».

01.jpeg

Толькі за апошні час Расціслаў наведаў 47 матчаў на 17 стадыёнах. Быў на футболе ў Германіі, Італіі, Польшчы, Расіі і Беларусі. Уся статыстыка — у адмысловай мабільнай аплікацыі. 

«Нядаўна сядзеў на трыбуне польскага стадыёна і тэлефон «нагадаў», што роўна 5 гадоў таму я быў на матчы Гарадзея — Крумкачы. Адразу так цёпла ад успамінаў стала».

«Можна падумаць, што я з глузду з’ехаў: холад, зіма, а я еду за 200 кіламетраў на стадык»

Пасля 2020 года Расціслаў і ўся яго сям’я жыве ў Польшчы. Малады чалавек вучыцца ў Апольскім універсітэце. У перапынках паміж лекцыямі і сесіямі працягвае ездзіць на матчы. Цяпер ужо пераважна польскай нацыянальнай лігі.

 — Я нейтральны балельшчык. За два з невялікім гады так і не пачаў нікога падтрымліваць. Звычайна бяру квіткі на трыбуну, дзе сядзяць, як кажуць палякі, «пікнікі». Адтуль заўсёды добра здымаць перфомансы і ўсё, што адбываецца на трыбуне фанатаў. А там звычайна ўсё самае цікавае. Але калі цяжка дастаць білет, то сядаю там, дзе прыйдзецца.

02.jpeg

— Больш за ўсё мне падабаецца футбол, хаця дзеля цікавасці я бываю на розных спартыўных мерапрыемствах. Напрыклад, у Літве атмасфера больш гарачая на баскетболе, чым на футболе. Але кожны робіць выбар для сябе. Хтосьці любіць пасядзець на канапе з чыпсамі і паглядзець кінцо, а камусьці цікава штосьці новае. Калі ты не з’яўляешся часткай культуры — табе не зразумець. Граўндхопінг — гэта лад жыцця. Можна падумаць, што я з глузду з’ехаў: холад, зіма, а я еду за 200 кіламетраў на стадык. Але мне падаецца, што нават на самым дрэнным матчы будзе значна лепей, чым дома на канапе.

03.jpeg

— Для мяне футбол — гэта не толькі стадыён, 11 футбалістаў і мяч. Гэта яшчэ файная нагода ўбачыць гарады, у якія я б ніколі, напэўна, і не трапіў, каб там не было футболу. Напрыклад, Забжэ. Ніколі не глядзеў у бок гэтага горада, але ведаў, што там ёсць каманда польскай Экстракласы і туды перайшоў чэмпіён свету і рэкардсмен па сіле ўдару на ЧС Лукаш Падольскі. Я прыехаў туды і не пашкадаваў. Мне спадабаўся горад. Магчыма, яшчэ вярнуся ў Забжэ і без футболу. 

04.1..jpeg

04.2..jpeg

Горад Забжэ ў Польшчы

«Рэлакс пасля буйных стадыёнаў і тысяч фанатаў»

— Граўндхопінг — гэта больш пра спорт ці пра атмасферу?

— Аднойчы я размаўляў са сваім польскім сябрам, і ён сказаў так: «Калі б я хацеў паглядзець на футбол, то я б паляцеў у Італію ці Гішпанію. Канечне, іду на чэмпіянат за атмасферай». У Польшчы сапраўды слабы ўзровень нацыянальнага чэмпіянату, таму людзі прыходзяць на трыбуны за настроем. І я таксама. Хаця часамі адбываюцца цікавыя матчы з прыгожымі галамі. На гульнях ніжэйшых ліг суперсямейная атмасфера. Там вельмі прыемна знаходзіцца і адназначна варта наведаць некалькі такіх сустрэч. Гэта як рэлакс пасля буйных стадыёнаў і тысяч фанатаў.

Атмасферныя відэа з матчаў Расціслаў загружае на свой Ютуб-канал. «Спачатку і не думаў гэтым займацца, — прызнаецца ён. — Усё пачалося з гола палякаў англічанам у адборы на Чэмпіянат свету. Я закінуў гэта відэа і, шчыра кажучы, забыўся пра яго. А праз некалькі месяцаў убачыў, што ролік сабраў больш за 80 тысяч праглядаў. Так паціху і пайшло».

«Палякі вельмі любяць рабіць прыгажосць»

— Лепшыя заўзятары ў Польшчы — хто яны?

— Спрэчнае пытанне. Тут трэба разглядаць некалькі катэгорый. Перформансы, колькасць і якасць спеваў (гэта важны крытэрый, павінна быць не толькі голасна, але і зразумела, пра што спяваюць) і, напэўна, адданасць і вернасць клубу. У катэгорыі перформансаў я б вызначыў варшаўскую «Легію». Цяжка нават ацаніць, колькі яны трацяць за сезон на піратэхніку і фарбы для банераў. Напэўна, яны маюць і найбуйнейшую фан-базу, бо і горад найбуйнейшы. Сталіца.

Заўзятары варшаўскай «Легіі» спяваюць гімн клуба — «Sen o Warszawie» Чэслава Немана

Таксама я б адзначыў фанатаў «Відзэва» з Лодзі. На мой погляд, яны могуць канкураваць з Легіяй. І нянавісць да іх, як і да «Легіі», паўсюль большая, чым да іншых клубаў. На Відзэў ходзяць заўсёды і незалежна ад таго, дзе яны гуляюць, нават у ніжэйшай лізе. Але ў гэтым сезоне яны выйшлі ў Экстракласу, і ўсе сезонныя абанаменты раскупілі за некалькі хвілін. Неверагодна!

Фота і відэа з фан-сектараў польскіх стадыёнаў аблятаюць увесь свет. Расціслаў кажа, што палякі вельмі любяць рабіць прыгажосць і ствараюць яе пры любым зручным выпадку. Фаеры — гэта толькі частка перфомансаў. Асноўнае — намаляваны банер і лозунг на плоце перад сектарам.

— Спачатку вывешваецца банер з тэкстам, лозунгам. На сектары з’яўляецца палатно, пад якім фанаты пераапранаюцца, нацягваюць балаклавы, бяруць піратэхнічныя сродкі і расстаўляюцца па сектары, каб перфоманс выглядаў прыгожа. Калі ўсё гатова, ідзе адлік з 10 да 0 і сектар ззяе. Пасля фанаты ізноў пераапранаюцца, і палатно знікае з сектара.

05.jpeg

На фанацкіх сектарах звычайна табу на камеры. Расціслаў кажа, што пра гэта часамі лепш памятаць.

— У Варшаве быў матч кваліфікацыі Лігі Еўропы. «Легія» гуляла з пражскай «Славіяй». Ужо не памятаю праз што, але фанатам тады забаранілі ўваход на іх трыбуну. Я набыў білет на супрацьлеглую, за брамай, і зразумеў, што фанаты проста перамясціліся ў мой сектар. У другой палове мы з сябрам пайшлі на ніжні ярус. Там звычайна самыя ярыя «кібіцы». Я ж, як і заўсёды, здымаў урыўкі матчу. Раптам за маёю спінаю з’явілася некалькі так званых «спорцікаў» у швэдарах «Радамяка» з Радама (гэта сябры «Легіі»). І калі я зноў выцягнуў тэлефон, адзін з іх схапіў мяне за плячо і адбыўся прыблізна такі дыялог:

— Што ты робіш?

— Здымаю.

— Што ты здымаеш?

— Футбол.

— Не здымай тут.

— Добра.

06.jpeg

Той самы матч «Легія» — «Славія»

«Палякі вельмі адкрытыя. Беларусы — наадварот»

— Якая публіка па-за фан-сектарамі?

— Залежыць ад таго, дзе. Увогуле ў польскай фэдэрацыі футболу лозунг: «Футбол нас аб’ядноўвае». Гэта сапраўды так. На футбол ходзяць абсалютна ўсе. Незалежна ад узросту, полу ці сацыяльнага становішча. Напрыклад, ёсць старэйшыя клубы ў ніжэйшых дывізіёнах, і на гэтыя гульні прыходзяць пераважна дзядзькі, а часамі нават дзядулькі. На такіх матчах вельмі прыемна, бо адчуваецца сяброўская атмасфера. Усе ўсіх ведаюць, вітаюцца, размаўляюць.

— А ты сам? У Польшчы праз сваё захапленне шмат новых знаёмых знайшоў?

— Палякі вельмі адкрытыя, а вось мы, беларусы — наадварот. Каб я, можа, не цураўся людзей, то меў бы ўжо мільён знаёмых ва ўсіх гарадах, дзе быў. Нядаўна на матчы данецкага «Шахцёра» з «Рэалам» у Варшаве каля мяне сядзеў хлопец з Познані. У перапынку ён са мной загаварыў і ўсю другую палову мы штосьці абмяркоўвалі. Але пасля матчу развіталіся і кантактамі не абменьваліся.

— З палякамі цікава абмяркоўваць футбол?

— Любімы занятак палякаў — гэта смяяцца са сваіх футбалістаў, якія «не ўмеюць гуляць». Гэта яны яшчэ беларускіх не бачылі, хе-хе. Але агулам футбол у Польшчы вельмі папулярны. Нават калі ў чалавека, які ўвогуле не цікавіцца гэтай тэмай, запытацца штосьці пра апошні матч зборнай, то ён дакладна хаця б некалькі сказаў, але скажа. А яшчэ, палякі больш прытрымліваюцца выразу «support your local club», і свае гульцы іх цікавяць больш, чым нейкія зоркі.

Праз сваё хобі Расціслаў пазнаёміўся бліжэй і з футбольнай інфраструктурай Польшчы. У гэтым, уласна, і мэта граўндхопінгу: заносіць у свой актыў максімальную колькасць стадыёнаў, на якіх атрымалася паглядзець матч. Больш за ўсё беларусу спадабаўся стадыён ва Уроцлаве — за нібыта кампактнасць і ўтульнасць, хаця ён і змяшчае каля 40 тысяч.  

— Пасля ЕЎРА-2012 у Польшчы з’явілася некалькі вялікіх сучасных стадыёнаў і ўсе захацелі раўняцца на новыя аб’екты, пачалі будаваць свае. Зараз у вышэйшай лізе Польшчы, мусіць, і няма кепскіх стадыёнаў. Але калі б папрасілі назваць найгоршы, то я б адказаў, што гэта стадыён «Ракува» з Чэнстаховы. Нават уладальнік не вельмі задаволены тым, што атрымалася.

07.jpeg

Стадыён у Чэнстахове

— Таксама ў Польшчы новы штуршок стадыёнам даў Чэмпіянат Еўропы-2017 для зборных да 21 года ды Чэмпіянат Свету-2019 для зборных да 20 гадоў. Тады паўсталі новыя стадыёны ў мясцовасцях, дзе, магчыма, яны б ніколі не з’явіліся, каб не гэтыя мерапрыемствы. Нядаўна, напрыклад, з’явіўся новы стадыён у Шчэціне, куды я ездзіў на адкрыццё. 

Але ці можна праз наведванне стадыёнаў і футбольныя матчы наблізіцца да культуры краіны і расчытаць нейкі дадатковы яе ментальны код? На гэтае пытанне Расціслаў адказвае адназначна: так.

08.jpeg

Расціслаў на Дэр-класікэр. Класіка нямецкага футболу: супрацьстаянне мюнхенскай «Баварыі» і дортмундскай «Барусіі»

— Спорт — гэта адно з адлюстраванняў нацыі. Калі хочаш наблізіцца да культуры краіны, то недастаткова толькі музеяў, архітэктуры або нацыянальнай кухні.

Як напісаў у сваім інстаграме мой сябра, на матчы можна даведацца, што іспанцы вельмі імпульсіўныя, але доўга і нудна спяваюць адно і тое ж, а немцы наадварот. Літоўцы могуць спяваць усю гульню, а фінаў хопіць толькі на палову. «Нарвежцы вельмі эмацыйныя, — піша ён, — а вось бельгійцы больш спакойныя. Палякі бліжэй да немцаў, а беларусы да іспанцаў». Я, канечне, хацеў бы ўсё гэта ўбачыць і на свае вочы. А яшчэ абавязкова паглядзець калі-небудзь  на «Крумкачоў» у якім-небудзь Еўракубку на ўласным стадыёне. А раптам гэтая мара здзейсніцца?

Паліна Часноўская, Budzma.org

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Былую выкладчыцу МДЛУ Наталлю Дуліну пачнуць судзіць 7 лютага

Суд над палітвязняволенай распачнецца ўжо 7 лютага, паведамляюць праваабаронцы.   Наталлю затрымалі ў Мінску...

valiancina_shauchenka
Грамадства Беларусы свету

«Свае людзі» у Вільні. Фалькларыстка Святлана Чакушка

Радыё Ўнэт у праекце «Свае людзі» працягвае расказваць пра беларусаў, якія волею лёсу апынуліся за межамі краіны,...

valiancina_shauchenka
Мастацтва Беларусы свету

Беларуска-брытанскі рэжысёр і стваральнік арт-рэплік Уладзімір Шчэрбань плануе пераўвасобіць творы Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане

Беларускі-брытанскі тэатральны рэжысёр і акцёр Уладзімір Шчэрбань, вядомы апошнім часам як стваральнік сотняў па-майстэрску...

valiancina_shauchenka
Грамадства Літаратура Асоба

Алесь Гурло. «На рубе двух міроў»

Сёння, 4 лютага, спаўняецца 85 гадоў з дня смерці паэта, пісьменніка і перакладчыка Алеся Гурло. У дзень памяці...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Былую выкладчыцу МДЛУ Наталлю Дуліну пачнуць судзіць 7 лютага
    Грамадства Беларусы свету
    «Свае людзі» у Вільні. Фалькларыстка Святлана Чакушка
    Мастацтва Беларусы свету
    Беларуска-брытанскі рэжысёр і стваральнік арт-рэплік Уладзімір Шчэрбань плануе пераўвасобіць творы Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане
    Грамадства Літаратура Асоба
    Алесь Гурло. «На рубе двух міроў»
    Грамадства
    Легкія Еўропы. Малавядомыя факты пра балоты Беларусі
    Культура Гісторыя
    Увесь музей толькі для вас! Літаратурны музей Петруся Броўкі праводзіць розыгрыш да Дня ўсіх закаханых
    Грамадства Музыка
    Затрыманыя вакаліст гурта «Бан Жвірба» Дзмітрый Гаўрылін і яго жонка
    Літаратура Беларуская мова
    «Беларускія народныя казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа»
    Грамадства
    «Сяргей можа застацца без лекаў...». Аляксандр Сацук распавёў пра апошнія навіны ад брата
    Адукацыя
    ЕГУ абвясціў імя новага рэктара
    Літаратура
    «Не забывай, што ў любую хвіліну можа выскачыць з канапель рабая свіння». Што раілі беларускія класікі маладым пісьменнікам
    Грамадства Гісторыя
    Слонімскую сінагогу зноў выставяць на аўкцыён
    Культура Грамадства Гісторыя
    У Мсціславе ў гэтым годзе прыступяць да рэканструкцыі забудовы XII-XIV стагоддзяў на Замкавай гары
    Культура Грамадства
    На вышытай мапе Беларусі кожны рэгіён будзе прадстаўлены сваімі этнаграфічнымі славутасцямі
    Музыка «Музыка»
    «Гэта нас натхніла і працягвае натхняць». Топ беларускіх трэкаў ад гурта «Puaro»

Афіша

  • 10.02 — 12.02

    Паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова ў Вільні

  • 04.02 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 04.02 — 05.02Выстава Наталлі Разуменка ў Мінску
  • 04.02 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 04.02 — 26.02Выстава айца Сяргея Сурыновіча «Птушыны вянок» ў Віцебску
  • 04.02 — 27.02Зімовая выстава ў Мінску
  • 04.02 — 26.02«Самародак з Рагачова». Выстава Анатоля Каплана ў Гомелі
  • 04.02 — 28.02Выстава выцінанкі «Зімовыя цуды» ў Маладзечне

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Каго хаваў пад маскамі сваіх герояў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч?
    • Эксперты: Трымайцеся падалей ад расійскіх анлайн-сервісаў
    • «У 73 гады паехала скараць Берлін». Як баба Каця зрабіла вёску вядомай на ўвесь свет
    • Ён, яна і старажытны дуб. Вальс «1863» стаў кліпам да дня народзінаў Каліноўскага
    • 10-12 лютага ў Вільні пройдзе паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип