У Мінску распачаўся Сёмы з’езд беларусаў свету — адна з найважнейшых беларускацэнтрычных падзеяў 2017 года. Сёлета ў з’ездзе бяруць удзел беларусы з 21 краіны свету, агулам удзельнікаў некаклькі сотняў. Сярод удзельнікаў прадстаўнікі розных канфесіяў, палітычных кірункаў, знаныя палітыкі, літаратары, навукоўцы.
“500 гадоў сёлета спаўняецца стварэнню беларускаму кнігадруку, важнейшай падзеі ў гісторыі Беларусі, – кажа акадэмік Радзім Гарэцкі. – Аднак гэтаксама сёлета спаўняецца сто год з часоў першага Ўсебеларускага сходу, які стаў падмуркам для стварэння БНР, абвяшчэння незалежнасці нашай дзяржавы. Падзеі 80-гадовай даўніны звязаныя з пікам бальшавіцкага тэрору, калі было знішчана болей за паўтара мільёны беларусаў, таму 2017 год з’яўляецца яшчэ і годам памяці.
Перад усім наша задача – аб’яднанне дзеля захавання вольнай, незалежнай, багатай дзяржавы. Я заклікаю вас быць апытмістамі і шырока разгарнуць дзейнасць на карысць Беларусі”.
“Дваццаць чатыры гады прайшло з дня правядзення Першага з’езда беларусаў свету, – кажа кіраўнік “ЗБС “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская, – Тады, ў 1993 годзе, упершыню сустрэліся беларусы з Еўропы, ЗША, Аўстраліі, гэта стала своеасблівым сімвалам знікнення “жалезнай заслоны” паміж беларусамі свету. Мы вельмі розныя: у нас розныя палітычныя погляды, розныя канфесіі, але задача ў нас адна – стварэнне моцнай Беларусі”.
“Тэма нашага з’езду “Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа – выклікі сучаснасці і стратэгія развіцця”. – дадае кіраўнік “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская. — Наша задача, даць новы імпульс, распрацаваць новую стратэгію ўзаемнай супрацы”.
Павітаць удзельнкаіў з’езду прыйшлі прадстаўнікі амбасадаў, таксама да працы з’езду далучыліся кіраўнікі дзяржаўных структур Беларусі, у тым ліку міністр замежных справаў Уладзімір Макей, а таксама прадстаўнікі Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі.
“Ад 3 да 4 мільёнаў беларусаў жыве за мяжой, – кажа Уладзімір Макей. – Гэта велізарная сіла, кожны з нас можа шмат зрабіць для ўмацавання незалежнай Беларусі”.
Мікалай Левертаў, фота – Яўген Ерчак