Беларускі ПЭН прыняў заяву аб сістэмным пераследзе ў кніжнай сферы і прызнанні літаратурных арганізацый «экстрэмісцкімі фарміраваннямі»

Беларускі ПЭН разам з праваабарончай і культурнай супольнасцю рашуча асуджае новую хвалю маштабных рэпрэсій супраць незалежных выдаўцоў, распаўсюджвальнікаў кніг і культурных арганізацый у Беларусі. Апошнія падзеі сведчаць пра мэтанакіраванае знішчэнне інфраструктуры беларускага кнігавыдання і беспрэцэдэнтную крыміналізацыю легальнай культурнай дзейнасці.

Bielaruski PEN

Так, у лютым — сакавіку 2026 года была задакументавана чарговая хваля пераследу, падчас якой стала вядома пра больш чым дваццаць выпадкаў затрыманняў і ціску на прадстаўнікоў кніжнай сферы і літаратурныя і выдавецкія арганізацыі. Адначасова з гэтым дзяржава працягвае актыўна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства і транснацыянальныя рэпрэсіі ў якасці інструментаў для знішчэння беларускай культуры і кнігі і пераследу іншадумцаў.

З публічна вядомых фактаў гэтага перыяду:

16 лютага сайт і сацыяльныя сеткі праваабарончай і культурнай арганізацыі Беларускі ПЭН, якая зарэгістраваная і легальна дзейнічае ў Польшчы, былі абвешчаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

16 лютага Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» выдавецтва «Gutenberg Publisher», якое зарэгістравана і легальна дзейнічае ў Польшчы.

17 лютага сілавыя структуры правялі ператрус у выдавецтве «Тэхналогія», якое працягвала працу ў Беларусі, і канфіскавалі ўсё абсталяванне. Выдавецтва прыпыніла сваю дзейнасць.

17 лютага былі затрыманыя не менш за 10 чалавек, некаторыя з якіх былі асуджаныя на 14–15 сутак адміністрацыйнага арышту, сярод іх — дырэктар выдавецтва «Тэхналогія» Вацлаў Багдановіч, перакладчык і былы выдавец Зміцер Колас, а таксама распаўсюджвальнік кніг Алесь Яўдаха [3].

Вядомыя іншыя, непублічныя, выпадкі пераследу.

Ёсць прыкметы катаванняў і збіцця затрыманых.

27 лютага КДБ прыняў рашэнне аб прызнанні праваабарончай і культурнай арганізацыі Беларускі ПЭН «экстрэмісцкім фарміраваннем».

3 сакавіка КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» «кааліцыю выдавецтваў і кнігараспаўсюджвальнікаў». Такой кааліцыі насамрэч не існуе: яна была выдумана ў самім рашэнні як падстава для пераследу. У склад «кааліцыі» штучна ўключылі вядомых кніжных выдаўцоў: фонд «Kamunikat.org» (які зарэгістраваны і легальна дзейнічае ў Польшчы), выдавецтвы «Lohvinau Publishing House» і «Andrei Yanushkevich Publishing» (зарэгістраваны і легальна дзейнічае ў Польшчы). Сярод асобаў, якія маюць дачыненне да дзейнасці так званага экстрэмісцкага фарміравання, былі названыя: Яраслаў Іванюк (грамадзянін Польшчы), Андрэй Янушкевіч, Ігар Логвінаў, а таксама Зміцер Колас, Вацлаў Багдановіч і Алесь Яўдаха, якія адбываюць адміністрацыйны арышт, што стварае для іх рэальную пагрозу крымінальнага пераследу. Зміцер Колас, Вацлаў Багдановіч і Алесь Яўдаха былі прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі.

Беларускі ПЭН разглядае гэтыя дзеянні як сістэматычную дзяржаўную палітыку, накіраваную на ліквідацыю іншадумства і этнацыд — знішчэнне незалежнай культурнай сферы Беларусі. Навешваючы на незалежных выдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў цэтлікі «экстрэмістаў», улады фактычна крыміналізуюць усю экасістэму стварэння і распаўсюджвання кніг на беларускай мове. Такія захады з’яўляюцца наўмысным, неапраўдана шырокім і злоўжывальным прымяненнем антыэкстрэмісцкага заканадаўства супраць людзей і арганізацый, якія адстойваюць правы чалавека і абараняюць нацыянальную культуру.

Стварэнне юрыдычных фантомаў, такіх як выдуманая «кааліцыя выдавецтваў і кнігараспаўсюджвальнікаў», сведчыць пра выкарыстанне метадаў таталітарнага мінулага. Штучнае аб’яднанне незалежных дзеячаў у «злоўжывальную структуру» мае на мэце фабрыкацыю крымінальных спраў паводле артыкулаў аб экстрэмізме.

Пераслед выдавецтваў і культурных арганізацый — гэта не толькі напад на канкрэтных людзей і ініцыятывы. Гэта ўдар па праве ўсяго беларускага грамадства на доступ да кнігі, ведаў, мовы, культурнай памяці і свабоднага інтэлектуальнага абмену. Такія дзеянні ствараюць атмасферу страху, прымушаюць да самацэнзуры, разбураюць прафесійныя сувязі і падрываюць саму магчымасць існавання незалежнага культурнага жыцця.

Гэта наўпрост парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе свабоду выказвання (арт. 33) і права на ўдзел у культурным жыцці (арт. 51), а таксама груба супярэчыць міжнародным стандартам, у тым ліку артыкулу 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, артыкулу 15 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, артыкулам 2, 7, 11 Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення (2005 года), якія гарантуюць права людзей і культурных арганізацый ствараць, вырабляць і распаўсюджваць культурныя выказванні, а таксама прызнаюць ключавую ролю грамадзянскай супольнасці ў культурным жыцці.

Больш за тое, такія дзеянні набываюць характар транснацыянальных рэпрэсій, паколькі яны маюць на мэце запалохаць і абмежаваць дзейнасць тых культурных дзеячаў і арганізацый, якія вымушана працягваюць сваю працу за межамі краіны.

Беларускі ПЭН падкрэслівае, што прызнанне мірнай культурнай і праваабарончай дзейнасці «экстрэмісцкай» не мае нічога агульнага з абаронай грамадскай бяспекі. Гэта форма адвольнай крыміналізацыі законнай дзейнасці і злоўжыванне антыэкстрэмісцкім заканадаўствам з мэтай задушэння свабоды выказвання, свабоды асацыяцыі і права на ўдзел у культурным жыцці.

Беларускі ПЭН выказвае безумоўную салідарнасць з усімі затрыманымі і пераследаванымі прадстаўнікамі кніжнай галіны. Незалежныя выдаўцы, перакладчыкі і кнігараспаўсюджвальнікі — гэта стрыжнёвыя інстытуцыі і асобы, дзякуючы якім сёння захоўваецца беларуская літаратура і інтэлектуальнае жыццё.

Беларускі ПЭН патрабуе ад уладаў Беларусі:

  • неадкладна спыніць сістэматычны пераслед у кніжнай сферы, культурных ініцыятыў, дзеячаў культуры;
  • неадкладна вызваліць усіх беспадстаўна затрыманых;
  • спыніць практыку стварэння штучных падстаў для пераследу за ажыццяўленне прафесійнай культурнай дзейнасці;
  • адмяніць неправамерныя рашэнні аб прызнанні выдавецтваў, кнігараспаўсюджвальнікаў і Беларускага ПЭНа «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

Беларускі ПЭН таксама звяртаецца да міжнароднай супольнасці, праваабарончых арганізацый і міжнародных культурных інстытуцый, урадаў дзяржаў, а таксама да Спецыяльнага дакладчыка ААН у галіне культурных правоў, Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, ЮНЕСКА з просьбай падтрымаць нашыя патрабаванні і заклікам:

  • публічна асудзіць гэтыя парушэнні культурных правоў,
  • патрабаваць ад уладаў Беларусі неадкладнага вызвалення затрыманых і адмену неправамерных рашэнняў,
  • праявіць дзейную салідарнасць з беларускімі кнігавыдаўцамі, у тым ліку праз пашырэнне магчымасцяў падтрымкі культурніцкіх праектаў,
  • працягваць рашучы ціск на ўлады Беларусі дзеля забеспячэння выканання тымі сваіх міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека,
  • да маніторынгу захавання культурных правоў у Беларусі.

Беларускі ПЭН заклікае міжнародную супольнасць не абмяжоўвацца сімвалічнай падтрымкай, а даваць публічную і паслядоўную ацэнку гэтым дзеянням як злоўжыванню антыэкстрэмісцкім заканадаўствам і як форме сістэмнага разбурэння незалежнай беларускай культуры.

Заяву падтрымаў шэраг культурніцкіх і праваабарончых арганізацый. Калі вы хочаце далучыцца да гэтай заявы, напішыце на адрас info@penbelarus.org назву арганізацыі, якую вы ўпаўнаважаныя прадстаўляць.