Францыск Скарына як сімвал атмасфернага хіпстара, або Хто натхняе беларускую моладзь

Хто натхняе маладых беларусаў сёння — пасля 2020-га, у эміграцыі, у Беларусі, у іх штодзённым жыцці? Мы сабралі адказы прадстаўнікоў беларускай моладзі з розных краін свету пра людзей, прыклад якіх дапамагае ім не здавацца і рухацца наперад. Атрымалася цікавая і праўдзівая мазаіка імёнаў — ад Скарыны да добраахвотнікаў, ад пісьменнікаў да родных. «Будзьма беларусамі!» з радасцю дзеліцца вынікамі апытанкі з чытачамі.

Ганна, 22 гады, ЗША

Аўтарытэтам лічу чалавека, да чыіх слоў я б прыслухалася. То-бок ён не павінен мець асабістыя матывы, амбіцыі, а павінен працаваць дзеля людзей, рабіць унёсак у грамадства. 

Сярод іх такія беларусы, як Надзея Запруднік, Вальжына Цярэшчанка, у мінулым Еўфрасіння Полацкая, Язэп Драздовіч, Напалеон Орда, Адам Лісоўскі.

Аўтарытэтным лічу выданне «Будзьма беларусамі!».

Maliunak Andrusia Takindanha
Еўфрасіння Полацкая. Малюнак Андруся Такінданга

Паліна, 22 гады, Польшча

Беларусы, якія мяне натхняюць.

Настасся Роўда: натхняе як прыклад прафесіяналізму ў журналістыцы, заўсёды захапляюся здольнасцю паяднаць прафесію і эмпатыю.

Каця Сныціна: натхняе адкрытасцю, лёгкасцю, здольнасцю казаць смела, рашуча і адначасова асертыўна, захоўваючы годнасць.

Алесь Бяляцкі: суперпрыклад прынцыповасці, шчырасці і чалавечнасці.

Францыск Скарына: пасля прагляду спектакля «Кар’ера доктара Рауса» ў РТБД ён для мяне стаў чыста сімвалам атмасфернага хіпстара, які жыў жыццё і рабіў беларускае важным, вагомым і сэнсоўным.

Maliunak Andrusia Takindanha
   Францыск Скарына і 
Настасся Роўда. Малюнак Андруся Такінданга

Мілана, 19 гадоў, Літва

Мяне натхняе беларуская гімнастка — Таццяна Агрызка. Я займалася мастацкай гімнастыкай у клубе «Трыумф», і яна была адным з нашых трэнераў. Яе лёс мяне сапраўды ўражвае. Таццяна дасягнула значных поспехаў у пачатку 1990-х гадоў: у 1993 годзе на чэмпіянаце свету яна заваявала золата ў практыкаванні са стужкай і бронзу ў практыкаванні з булавамі, а таксама атрымала медалі ў камандных спаборніцтвах на чэмпіянатах Еўропы — срэбра ў 1992 і 1994 гадах. У 1996 годзе на Алімпійскіх гульнях у Атланце Агрызка выступіла ў індывідуальным шматбор’і і заняла 8-е месца ў фінале.

Але яе шлях быў не толькі чаргой перамог. У 1992 годзе Таццяна трапіла ў аўтамабільную аварыю, у выніку якой знаходзілася ў коме на працягу шасці месяцаў і павінна была зноў навучыцца хадзіць. Аднак ужо праз год яна прыняла ўдзел у чэмпіянаце свету ў Аліканце, падзяліўшы залаты медаль у практыкаванні са стужкай з Марыяй Пятровай з Балгарыі. З 2011 года Таццяна вядзе барацьбу з цяжкім анкалагічным захворваннем.

Мяне натхняе не толькі спартыўная кар’ера Таццяны Агрызка, але і яе сіла волі, стойкасць перад жыццёвымі цяжкасцямі. Усё гэта вучыць мяне імкнуцца да сваіх мэт, не здавацца перад перашкодамі і цаніць кожнае імгненне жыцця.

Насця, 24 гады, ЗША

Мяне натхняюць мама, тата і мой брат. Я цікаўлюся мовай і культурай праз іх рэкамендацыі і заўсёды з ахвотай з імі размаўляю пра новае ў літаратуры і тэатры.

Ірына (імя заменена), 23 гады, Беларусь

Пасля ўсіх палітычных баталій і пасля ўсяго, праз што прайшла мая Беларусь, душа вельмі стомленая, таму цяжка вылучыць некага канкрэтнага ды назваць яго аўтарытэтам.

Мая праца зараз пэўным чынам яднае мяне з людзьмі беларускамоўнымі і, так бы мовіць, сумленнымі, якія пакутавалі ад падзей 2020 года і ранейшых пратэстаў, таму зараз, напэўна, яны мяне натхняюць: іх гісторыі пра тое, як жыць пасля таго, як прайшоў праз пекла, як заставацца вольным чалавекам і заплюшчваць вочы на страх.

Як працягваць, нягледзячы на параною, траўмы і боль, рабіць нешта.

Як пасля яркага, гучнага голасу пераходзіць на шэпт, але ўсё роўна дапамагаць, ратаваць і жыць далей.

Я б хацела, каб потым, у вольнай Беларусі, усе людзі, якія пакутавалі, у поўны голас распавялі свае гісторыі, каб іх пачулі.

Я ганаруся тымі, хто не здаўся, таму, напэўна, яны мяне і натхняюць сваёй моцай, вытрымкай і вялікім сэрцам.

Адэля, 15 гадоў, ЗША

Мяне натхняюць Лявон Вольскі і Зміцер Вайцюшкевіч.

Maliunak Andrusia Takindanha
Лявон Вольскі. Малюнак Андруся Такінданга

Ніка, 21 год, Польшча

Для мяне прыкладам, які мяне натхняе, з’яўляюцца тры нашыя гераіні — Святлана, Марыя і Вераніка. Тое, што я назірала з 2020 года, — дык гэта вельмі моцную жаночую барацьбу за краіну. Я маю на ўвазе, што колькі слабых жанчын стаялі і працягваюць стаяць за свабоду ўсёй краіны. Жанчыны нават без палітычнай адукацыі, простыя гаспадыні. Я заўсёды здзіўляюся рэальнай моцы нашых жанчын. А яшчэ здзіўляе, што шматлікія [людзі] усё яшчэ лічаць жанчын слабымі, нягледзячы на такія рэальныя, выбітныя прыклады.

Марыя, 24 гады, ЗША

Мяне натхняе Святлана Ціханоўская.

Павал (імя зменена), 24 гады, Беларусь

Мяне натхняе наш добраахвотнік-каліновец Ігар Янкоў. Неяк я паглядзеў інтэрв’ю з ім і вызначыў для сябе, што падзяляю яго погляды.

Ілля, 25 гадоў, Польшча

Апошнім часам мяне натхняе Мікіта Ільінчык. Па-першае, натхняе мяне праз сваю дзейнасць, потым праз тое натхняе, што, робячы свае спектаклі ў польскіх інстытуцыях, такіх як Тэатр Польскі ці Драматычны тэатр у Варшаве, ён дакранаецца да тэмаў, якія блізкія сённяшнім беларусам, і ён, па сутнасці, можна сказаць, самы знаны малады беларускі драматург, і мне здаецца, што ён — гэта самае маладое пакаленне, на якое мы чакалі, але вельмі шкада, што ён працуе не ў Беларусі і што ён вымушаны быў пераехаць у Польшчу. Зараз яго намінавалі на «Пашпарт палітыкі», і яго зараз пачынаюць называць польскім дзеячам культуры, хаця з таго, што я ведаю, ён з гэтым не вельмі пагаджаецца. Яго агулам называюць то польскім, то польска-беларускім, і ўжо ўвогуле пачынаецца барацьба пра тое, чый ён увогуле мастак. Мяне ён натхняе.

Жэня, 17 год, ЗША

Мяне натхняе культуролаг, сучасны беларускі рэжысёр, стваральнік уласнага беларускага тэатра Васіль Дранько-Майсюк. Яго дзейнасць і творчасць паўплывалі на тое, што я навучыўся беларускай мове з нуля, ён закахаў мяне ў беларускую літаратуру і гісторыю, а таксама быў здольны зацікавіць мяне сучаснымі творамі і пастаноўкамі.

Ваня, 25 год, Польшча

Мне цяжка адказаць, хто з’яўляецца для мяне прыкладам па жыцці. Але вось сярод пісьменнікаў, напрыклад, мяне вельмі натхняе Альгерд Бахарэвіч. Пішу па яго «Сабаках Еўропы» зараз магістарскую працу. Пра бальбуту — штучную мову, якую ён выдумаў. Мне як лінгвісту вельмі цікава пакапацца ў гэтай мове. А яшчэ мяне натхняе Аляксандр Чарнуха. Я займаюся тэатрам, і калі я раблю разнастайныя эцюды, мне заўсёды ў галаву лезе Чарнуха з усім яго абсурдам. Проста ўсё, што ён піша, — гэта так класна і яскрава, і мне заўсёды гэта хочацца выявіць на сцэне. Ён вельмі разнастайны, вельмі актыўны. Падабаецца яго «Міністэрства сепультуры» на ютубе.

Maliunak Andrusia Takindanha
Альгерд Бахарэвіч і Аляксандр Чарнуха. 
Малюнак Андруся Такінданга

Георгій, 20 гадоў, Літва

Мяне натхняе «Ляпіс Трубяцкой», напэўна, таму, што ў яго такія даволі моцныя беларускія правыя былі рухі калісьці. Вядома, я не правымі рухамі натхняюся, я натхняюся нацыянальнай думкай. Яго такімі вясёлымі, пацанскімі спевамі. Пачаў бы з «Ляпіса», хаця, па мне, і Лявон Вольскі — вельмі значны дзеяч для Беларусі. Падабаецца яго такі больш лірычны кірунак творчасці. Васіль Быкаў і Уладзімер Караткевіч мяне таксама натхняюць. Мне здаецца, яны выказалі шмат такіх думак у свой час, якія зараз здзяйсняюцца.

Maliunak Andrusia Takindanha
Васіль Быкаў і Уладзімір Караткевіч. Малюнак Андруся Такінданга

Юрка, 19 год, Польшча

Перадусім я захапляюся нашымі беларускімі дзяржаўнымі дзеячамі пачатку ХХ стагоддзя і нашымі пісьменнікамі таго ж перыяду. Таму што, калі чытаць іх біяграфію, зразумець, кім яны былі, чым займаліся, то пачынаеш здзіўляцца, адкуль яны мелі столькі сілы і энергіі і здольнасці зрабіць так шмат у такі кароткі перыяд. Калі я гляджу на той перыяд, у мяне з’яўляецца ўражанне, што там людзі жылі год за пяць. Што за адзін год тады адбывалася столькі падзей, колькі сёння, умоўна, можа адбыцца за пяць. 

А калі казаць пра сучасных натхняльнікаў, я захапляюся акторам Аляксандрам Казелам, мяне захапляе, як ён паводзіць сябе на сцэне. Да яго я заўсёды інакш уяўляў ігру актораў на сцэне, а Аляксандр Казела адкрыў мне абсалютна іншы свет, паказаў абсалютна іншы бок. Натхняе ягоная аўтсайдарскасць, тое, што ён адрозніваецца ад іншых актораў, і ў жыцці, мне здаецца, ён сябе таксама паводзіць інакш, чым іншыя акторы. Маштаб яго асобы мяне здзіўляе. Захапляюся гэтым акторам.

Maliunak Andrusia Takindanha
Аляксандр Казела.Малюнак Андруся Такінданга

Наста Пабягунская, Budzma.org