Кінапрэмія «Оскар» даўно існуе ў прасторы неапраўданых медыяміфаў. Галоўны з іх базуецца на тым, што сама падзея нібы максімальна палітызаваная.
Маўляў, амерыканскія кінаакадэмікі толькі і робяць, што ўзнагароджваюць «павестачнае» кіно. А арганізатары падзеі дадаткова даюць пляцоўку для выказвання аўтарам любых палітычных пазіцый, якія транслююцца ў прамым эфіры па ўсім свеце.
Але сціплы і амаль апалітычны змест 98-й цырымоніі паказаў, што сучасны Галівуд наадварот зараз жыве ў сваёй інфабурбалцы, дзе маўчаць пра новую вайну на Блізкім Усходзе, стрымана выказваюцца пра чатырохгоддзе няспыннай расійскай агрэсіі ва Украіне і бачаць нарастанне паляразацыі амерыканскага грамадства праз палітыку трампістаў.
Падчас 98-й цырымоніі ўручэння прэміі Оскар. Фота: Richard Harbaugh/The Academy/AFP/Getty Images
Пакуль увесь свет ляціць у прорву, а галівудскія зоркі не заўважаюць слана ў пакоі, выпадае шукаць адлюстраванне часу у мастацтве.
І сёлета яно знайшлося ў трыўмфатара цырымоніі — камедыйным экшене «Бітва за бітвай» Пола Томаса Андэрсана. Стужка, засяроджаная на справедчным супрацьстаянні амерыканскіх ультралевых з ультраправымі, прадэманстравала, што палітычная барацьба, як рэальнае жыццё, — ніколі не сканчваецца. І факусавацца трэба не на ёй, а на вартых самаахвяравання рэчах — любові бацькі да сваёй дачкі.
Кадр з фільма «Бітва за бітвай». Фота: IMDb Service
Забаўляльная форма і актуальны змест падаравалі стваральнікам «Бітвы» ажно шэсць статуэтак у важных намінацыях: «Лепшы фільм», «Лепшы адаптаваны сцэнар», «Лепшы кастынг», «Лепшы мантаж», «Лепшы рэжысёр» , «Лепшы актор другога плану» (Шон Пэн за ролю інфернальнага фашыствуючага вайскоўца, аднак ён не прыйшоў на цырымонію, бо знаходзіцца зараз ва Украіне).
У гэтай прадказальнай перамозе («Бітва» паслядоўна скарыла большасць прафесійных кінапрэмій ЗША і Еўропы) асабліва радасна за Пола Томаса Андэрсана. Яго фільмы не адно дзесяцігоддзе не траплялі далей шорт-ліста: «Ноч у стылі бугі», «Магнолія», «Пральецца кроў», «Прыроджаная загана», «Прывідная нітка», «Лакрычная піцца». Але настойлівасць і ўпартасць амерыканскага мастака ўрэшце скарылі сэрцы кінаакадэмікаў.
Добра сябе паказаў і асноўны супернік «Бітвы» — музычны этнахорар «Грэшнікі» Райана Куглера.
Кадр з фільма «Грэшнікі». Фота: IMDb Service
Гэта гісторыя пра двух непадобных братоў-блізнятаў (іх нетыпова грае актор Майкл Б. Джордан, за што ён і атрымаў свой першы «Оскар»), якія адчыняюць музычны клуб для афра-амерыканцаў на даваенным поўдні ЗША і становяцца здабычай ірландскіх вампіраў-расістаў.
У Куглера зноў, як і з кінакоміксам «Чорная пантэра», атрымалася спалучыць відовішчны кінаатракцыён з прамым выказваннем аб афра-амерыканскай культуры, якая звязвае розныя пакаленні ў адзінае цэлае. Мультыжанравы праект стаў галоўным хітом міжнароднага праката.
Пры бюджэце каля ста мільёнаў долараў «Грэшнікі» змаглі зарабіць у тры разы болей. Оскараўскіх намінацый таксама была рэкордная колькасць — 16, чаго раней не дасягаў ніводны фільм.
«Оскар» звычайна ігнаруе хорары, але зараз кінаакадэміцкі снабізм даў збой — «Грэшнікі» змаглі ўзяць не шэраговыя ўзнагароды за «Лепшы саўндтрэк», «Лепшую працу аператара» і «Лепшы арыгінальны сцэнар».
Не спрацаваў ён і ў дачыненні да фільма фільма жахаў «Зброя», у якім узнагароду за «Лепшую ролю другога плана» атрымала ўзроставая акторка Эмі Мэдзіган. Яна выканала ролю злавеснай ведзьмы, якая ператварае жыхароў правінцыйнага гарадка ў агрэсіўных зомбі.
Астатнім удзельнікам оскараўскай гонкі пашанцавала не так моцна, нягледзячы на колькасць намінацый. Візіянерская, але брутальная і цяжкаватавая экранізацыя «Франкенштэйна» мексіканца Гільерма Дэль Тора атрымала тэхнічныя ўзнагароды за лепшы грым, касцюмы і працу мастака-пастаноўшчыка.

Бенісіё дэль Тора, Пол Томас Андэрсан і Леанарда Дзі Капрыа. Фота: John Shearer/98th Oscars/Getty Images The Academy via Getty Images
Еўрапейскі хіт сезону — сямейная драма «Сентыментальныя каштоўнасці» нарвежца Іакіма Трыера — стала лепшым фільмам на замежнай мове, а гістарычная трагедыя «Хамнет» оскараноснай аўтаркі Хлоі Чжаа дапамагла ўзяць статуэтку ірландскай акторцы Джэсі Баклі за «Лепшую жаночую ролю».
А вось каго напаткала татальнае фіяска, дык гэта рэжысёра Джоша Сэфдзі і актор Цімаці Шаламэ. Іх сумесны фільм — вельмі амбіцыйная спартовая драма «Марці раскошны» пра гульню ў пінг-понг і зваротны бок амерыканскай мары — мог бы прэтендаваць на перамогу ў галоўных намінацыях, але быў цалкам праігнараванны кінаакадэмікамі ва ўсіх дзевяці намінацыях.
Кадр з фільма «Марці раскошны». Фота: IMDb Service
Падобна, што безвыніковыя спробы Шаламе атрымаць свой першы Оскар ператвараюць яго ў Леанарда Ды Капрыа для пакалення зумераў, якія перажываюць за яго драматычную барацьбу за прафесійнае прызнанне.
У астанім жа цырымонія прайшла прадказальна. Лепшы дакументальным фільмам стала амерыканска-расійская стужка «Містар Ніхто супраць Пуціна», прысвечаная мілітарызацыі школьнай адукацыі ў Расіі.
Лепшым анімацыйным фільмам стаў зроблены на манер карэйскай дарамы мюзікл «Кейпоп-паляўнічыя на дэманаў», а за лепшыя візуальныя эфекты узнагародзілі трэцюю частку блокбастар-франшызы «Аватар: Агонь і попел» Джэймса Кэмерана.
Падчас 98-й цырымоніі ўручэння прэміі Оскар. Фота: Rob Latour/Shutterstock
І хоць цырымонія часова згубіла свой публіцыстычна-актывісцкі задор, арыгінальнае і вартае ўвагі кіно па-ранейшаму перамагае мастацкую другаснасць. Не такі ўжо дрэнны вынік ва ўмовах вызначальных часоў для сённяшняга свету.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org