Сімвалаў Ірландыі — тры: кніга, крыж ды арфа, адзначае мастацтвазнаўца Валеры Буйвал. Калі замяніць арфу на жалейку (ці дуду) — гэтаксама можна прамовіць і пра Беларусь. Ці не знаходзіце? Гісторыя Ірландыі чымсьці падобная на гістарычны лёс Беларусі: двухмоўе, гвалтоўная «акультурацыя» мацнейшым суседам, непазбыўная народная культура ды паэзія... І, галоўнае, — вялікая колькасць таленавітых людзей, якія пакінулі радзіму тысячамі з розных прычынаў, але ўзбагацілі спадчыну іншых народаў і культур...
Першыя кантакты: праз цемру стагоддзяў
Кантакты ірландскіх вандроўнікаў, асабліва манахаў, з Усходняй і Паўночнай Еўропай пачаліся ўжо з часоў ранняга Сярэднявечча. Царква Ірландыі ў гэтую эпоху дасягнула такога росквіту, што краіну называлі Выспай святых і вучоных. Місіянеры з Ірландыі сягалі ў самыя аддаленыя куткі тагачаснага свету, далёка ад мора. З VI да ХІ ст. Ірландская царква мела значны ўплыў ва ўсёй Еўропе, асабліва ў Цэнтральнай; ірландскія манахі адыгралі заўважную ролю ў хрышчэнні заходніх славянаў. Мы маем ускосныя сведчанні, што яны дасягалі і больш усходнепаўночных межаў. «Жыццё св. Марыяна Скота», складзенае ў кельцкім анклаве ў Германіі, — манастыры св. Якава ў Ратысбоне (суч. Рэгенсбург), смутна згадвае, што ў канцы ХІ ст. хтосьці з кіеўскіх князёў зрабіў вялікую ахвяру на згаданы манастыр і што ірландскія манахі ехалі за каштоўнымі падарункамі ў Кіеў. Спакусліва думаць, што ірландскія святары завітвалі ў тыя часы і ў нашыя землі: напрыклад, з «Хронікі» Гельмольда вядома пра няўдалую спробу ахрысціць прыбалтыйскіх славянаў. Нягледзячы на адсутнасць крыніц, вартых даверу, мы ўсё ж маем адзін дакладна задакументаваны прыклад стасункаў у раннія часы.
Фрагмент галоўнага ўвахода ў касцёл св. Якава ў Рэгенсбургу. Сучасны стан. Крыніца: https://pl.wikipedia.org
У лацінамоўным зборніку другой паловы XIII ст., што захоўваецца ў дублінскай бібліятэцы Trinity College, змешчаны невялікі геаграфічны трактат трэцяй чвэрці XIII ст. пад умоўнай назвай «Апісанне земляў». Рукапіс распавядае пра падарожжа ананімнага каталіцкага місіянера, пасланага ў часы Міндоўга прапаведаваць да прыбалтыйскіх народаў-паганцаў. У тэксце рукапісу падаецца кароткае геаграфічнае апісанне тагачаснай Еўропы, месцазнаходжанне розных краін, зямель і інш. Падаецца сімвалічным, што менавіта ірландскаму манаху пашанцавала прысутнічаць на каранацыі Міндоўга.
Факсіміле аркуша з дублінскага рукапісу «Апісанне земляў», дзе ўпамінаюцца Літва, каранацыя Міндоўга і Белая Русь (Colker М. L. America rediscovered іn the thirteenth centry? // Speculum. A Journal of medieval studies. — Vol. 54. — M. 4. — 1979. Cambridge)
Разбуральныя рэйды вікінгаў у ІХ—ХІ стст., а потым — і англа-нармандская навала на выспу ад другой паловы ХІІ ст. ды царкоўная раз’яднанасць (папская курыя праз англійскую дыпламатыю паставіліся да мясцовай, «кельцкай», каталіцкай царквы як да «схізматыкаў») на доўгі час прыпынілі рэлігійную экспансію ірландскіх манахаў...
Культурны код: уплыў перакладной літаратуры
На працягу наступных амаль 400 гадоў адзінай прыкметай культурных кантактаў паміж нашым краем і гэтай аддаленай часткай Заходняй Еўропы, нібы водгулле былой ірландскай адукаванасці, стала перакладная літаратура.
Злева — старонка загінулай «Кнігі аб Таўдалу», вядомай толькі з яе археаграфічнага выдання (Brückner A. Die Visio Tundali in bömischer und russischer Übersetzung // Archiv für slavische Philologie. — Bd. 13. — Berlin, 1890. — S. 199–212). Справа — аркуш выдання Matthias’а Hupfuff’а «Тондал Рыцар» (Страсбург, 1514 г.)
Уласна ірландскім творам, якімі зачытваліся нашыя шляхетныя продкі доўгімі зімовымі вечарамі XVI стагоддзя, была «Книга о Таудале-рыцери» — твор царкоўна-рэлігійнага характару, помнік айчыннай перакладной літаратуры. Аснову сюжэту складае апісанне незвычайнага падарожжа па замагільным свеце душы рыцара Таўдала з ірландскага Корку, які ад моцнага перапою часова страціў прытомнасць. Уражаны пакутамі грэшнікаў у пекле, герой каецца ў грахах і вырашае жыць праведна, па хрысціянскіх запаветах. Лацінскі тэкст арыгінальнай аповесці «Прывіды Тундала» (Visio Tnugdali) быў запісаны братам Маркам, ірландскім манахам-перэгрынам, у тым самым, згаданым намі вышэй, знакамітым «кельцкім» манастыры ў Рэгенсбургу. Манах нібыта пачуў аповед з вуснаў самога рыцара і на просьбу рэгенсбургскай абатысы зрабіў пераклад з ірландскай мовы.
Старабеларускі ж пераклад узыходзіць да чэшскамоўнай версіі — гэты факт гаворыць аб папулярнасці сюжэтаў твора ў тагачасных адукаваных колах Еўропы. Твор, вядомы ў адзіным спісе XVI ст., захоўваўся ў рукапісным зборніку бібліятэкі Красінскіх у Варшаве і загінуў у час Другой сусветнай вайны. Колькі яшчэ падобных перакладных твораў загінула падчас крывавых падзей ХХ стагоддзя (дый ранейшага часу) — пытанне, на якое мы не маем дакладнага адказу і па сёння...
«Дзікія гусі» ў пошуках новай радзімы...
Новая хваля больш трывалых і разнастайных кантактаў паміж Ірландыяй і нашымі краямі прыйшлася на XVII стагоддзе, калі на тэрыторыі Польскага каралеўства, Лівоніі, а потым і на землях ВКЛ пачалі з’яўляцца ірландскія ваяры — «Дзікія гусі». Тэрмін Wild Geese выкарыстоўваецца ў гісторыі Ірландыі для пазначэння ірландскіх жаўнераў-наймітаў, якія пад палітычным і рэлігійным ціскам з’язджалі з радзімы служыць у арміі Кантынентальнай Еўропы ў XVI, XVII i XVIII стст. Ірландскія найміты спачатку высаджваліся ў партовых гарадах, а потым іх шлях вёў праз Польшчу, ВКЛ ці Лівонію на прасторы паўночных і ўсходніх краінаў... Праўду кажучы, больш за ўсё ірландскіх жаўнераў прываблівалі вайсковыя сістэмы Даніі і Швецыі: са спісаў імёнаў ірландскіх афіцэраў 34 вайскоўцы зафіксавана ў шведскай арміі, 42 — у дацкай і толькі 3 — у маскоўскай.
Нямецкія дрэварыты часоў Трыццацігадовай вайны (1618–1648): на левым малюнку — крайні злева — «Ірландзец» (на шведскай службе), 1631 г.; на правым малюнку — левая фігура — «Ірландзец» (у шведскай арміі), 1632 г. Пры ўсёй фантасмагарычнасці постацей (на некаторых дрэварытах, напрыклад, Лапландзец едзе на паўночным алені!) і брутальнасці «барбарскага» адзення, жаўнеры ўзброеныя рэальнымі аркабузамі і палашамі
Часта сітуацыя вымагала наймітаў пераходзіць на супраціўны бок: ёсць сведчанні, што ірландскія жаўнеры былі на «польскім» баку падчас вайны з Масковіяй (1605–1618), пакуль не даведаліся, што іх падманулі з грашовымі выплатамі; а падчас бітвы пры Клушыне ірландцы-каталікі дэзерціравалі са шведскай пратэстанцкай арміі на карысць Рэчы Паспалітай, — адзінай у той час еўрапейскай краіны, якая мела свабоду веравызнання...
Наколькі масавым было з’яўленне ірландцаў на абшарах Рэчы Паспалітай?
Па падліках даследчыкаў, з 1580 па 1770-я гг. на тэрыторыі Рэчы Паспалітай зафіксавана ўсяго толькі каля 20 ірландскіх афіцэраў, прычым амаль палова з іх — прадстаўнікі ірландска-нарманскага клана Батлераў. Ацаніць жа колькасць жаўнераў вельмі складана: нягледзячы на ўказанні аб камандаванні «ірландскімі» ротамі і аддзеламі ад 50 да 200 чалавек, рэдка калі яны фармаваліся выключна па этнічнай прыкмеце.
Уяўленне аб тым, як насамрэч выглядалі афіцэры і шарагоўцы ірландскіх наймітных частак, даюць музейныя артэфакты і апісанні г. зв. «Ірландскай брыгады» герцага Монтроўз, якія бралі ўдзел не толькі ў ангельскай Грамадзянцы, але і ў Трыццацігадовай вайне на баку розных кантынентальных дзяржаваў. Крайні левы — афіцэр Ірландскай Брыгады ў агульнаеўрапейскім строі (праз гэты строй ірландскія вайскоўцы ў ВКЛ і Польшчы прыпісваліся да «нямецкіх» або «французскіх» аўтараментаў). У сярэдзіне — ірландскі пяхотнік (або мушкецёр) у г. зв. «Дунгівенскім строі» (названы па знойдзеных у ірландскім тарфяніку і рэканструіраваным у Дублінскім музеі рэштках адзення). Крайні правы — «ірландзец»-мушкецёр з поўначы Ірландыі або астравоў ля берагоў Шатландыі.
У еўрапейскіх краінах Новага часу пад лацінскім словам «natione» звычайна разумелася не «нацыянальнасць», а хутчэй падданства, або прыналежнасць да краіны сталага пражывання. Складаная этнарэлігійнакаланіяльная сітуацыя ў Паўночнай Ірландыі з цягам часу прывяла да ўтварэння г. зв. "іра-англійскіх"/"іра-нарманскіх" або «іра-шатландскіх» родаў і прозвішчаў, якія пазначалі сваю прыналежнасць як заўгодна — і «natione Scotus» (бо "скотамі"/"шкотамі" доўгі час называлі гэльскамоўных насельнікаў як Шатландыі, так і Ірландыі) і нават «natione Britanus» (пасля аб’яднання англійскай і шатландскай каронаў), таму вызначэнне са спісаў чужаземцаў па «этнічнай прыкмеце» не заўсёды магчыма. Такім чынам, можна толькі вельмі прыблізна казаць, што на землях Рэчы Паспалітай ад часоў Лівонскай вайны і да першых падзелаў перабыло каля 1000–3000 выхадцаў з Ірландыі.
Як складвалася службовая кар’ера і ўвогуле — жыццё, лёс ірландскіх наймітаў?
Звесткі з афіцыйных дакументаў вельмі скупыя, таму прасцей пералічыць вядомыя нам факты і адказаць бадай што агульным сказам: таксама, як і лёсы іншых адарваных ад радзімы чужаземцаў і наймітаў у вірлівых стагоддзях складвання нацыянальнай еўрапейскай дзяржаўнасці...
«800 наймітаў-ірландцаў прыбылі ў Штэцын (на службу да шведскага караля Густава-Адольфа)», 1631. Нямецкі дрэварыт часоў Трыццацігадовай вайны
Забойства габсбурскага імперскага фельдмаршала Альбрэхта фон Валенштэйна ў Эгеры. На дрэварыце прадстаўлены палкоўнік Батлер (камандзір аховы), капітан Дэверэ і капітан дэ Бурго. Хаця Вальтэр Батлер ніколі не служыў на карысць манархіі Рэчы Паспалітай, а заставаўся на баку Святой Рымскай імперыі і Габсбургаў, ён з’яўляецца калі не сваяком, дык дакладна суайчыннікам лініі Батлераў на «польскай» службе, а ягоная пакручастая кар’ера і біяграфія — тыповы прыклад лёсу аднаго з ірландскіх «дзікіх гусакоў», адарваных ад радзімы і кінутых у жарсці Трыццацігадовай вайны на кантыненце
Найбольш інфармацыі аб кар’ерных поспехах і службе пакінулі аб сабе прадстаўнікі роду Батлераў з Лейнстэру. Самым вядомым з іх быў Джэймс Батлер (Buttler, Putler; пам. 1637), які паступіў на польскую службу ў 1617 г. і з 1619 г. дапамагаў рэкрутаваць сваіх суайчыннікаў для ўдзелу ў шведскай кампаніі 1622 года; у 1627 г. за выдатныя вайсковыя заслугі адпаведным дакументам ён быў уведзены ў падданства Рэчы Паспалітай, пабраўшыся шлюбам з мясцовай арыстакраткай. У 1621–1622 гг. у якасці капітана чужаземнага аўтарамента Джэймс удзельнічаў у Інфлянцкім паходзе (напрыклад, браў удзел у аблозе Мітавы). Пазней, у якасці намесніка, браў удзел у перамовах аб капітуляцыі Мемеля шведамі (17 студзеня 1622 г.) і ў тым жа годзе камандаваў інфлянцкім палком. Падчас сейма 1623 г. уносіў захопленыя вайсковыя харугвы шведскай арміі. У 1626–1627 гг. удзельнічаў у паходзе ў Прусію супраць шведаў. Падчас паходу 1633–1634 гг. супраць Масковіі ў званні палкоўніка камандаваў пяхотнай часткай; яму таксама прыпісваюць рэкрутаванне 600 драгунаў з Сілезіі, якіх ён прывёў пад Смаленск.
У бітве пад самім Смаленскам Батлер выратаваў жыццё караля і вялікага князя Уладзіслава IV Вазы. Заканчэнне кар’еры і службы дакладна невядома: імаверна, камандаваў палком у 1000 чалавек падчас Камянецкай кампаніі супраць туркаў, а ў 1635 г. зноў ваяваў у Прусіі.
(Ян Хрысціян Меліх). Здача Смаленска Міхаілам Шэіным каралю Уладзіславу Вазе ў 1634 г. Палатно, алей. Нацыянальны мастацкі музей у Варшаве. На заднім плане, сярод вышыхтаваных ротаў і аддзелаў, магчыма, выяўлены і Джэймс Батлер — выратавальнік самога манарха.
Аднак, падобна, што прадстаўнікі гэтага роду адзначыліся ў гісторыі Рэчы Паспалітай нашмат раней: так, ротмістр Джон (магчыма, з другім імем Барталамей) Батлер, удзельнічаў у Пскоўскай кампаніі (верасень 1581 — люты 1582) і камандаваў 150 коннікамі. У 1620-х гг. узгадваецца нейкі «капітан Батлер», камандзір ірландскай роты «рэгімента Батлера». У 1621 г. яшчэ адзін Джон Батлер, як камандзір атрада ў 200 чалавек, браў удзел у маскоўскай кампаніі. Пад 1635 г. вядомы палкоўнік Джон (ІІ) Батлер. У 1626–1627 гг. Вальтэр Батлер-малодшы і Вальтэр Батлер-старэйшы ўдзельнічалі ў паходзе ў Прусію супраць шведаў. У 1633 г. ротмістр Эрнэст Аляксандр Батлер камандаваў аддзелам драгунаў (600 чалавек) падчас Смаленскай кампаніі, а ў 1635 г. зноў ваяваў у Прусіі: як ротмістр камандаваў атрадам у 200 чалавек — ва ўзнагароду за службу атрымаў пасаду пісара земскага ў Вендэне (Інфлянты). Готард Батлер (к. 1600–1660), сын Тэадора і ўнук Джона, вызначыўся на службе пры каралі і вялікім князі Яне Казіміры Вазе, заняўшы пост надворнага скарбніка і старасты. Віллем (Вільгельм) Батлер, брат Готарда, у гэты час служыў у каралеўскай гвардыі; ён браў удзел у паходзе супраць шведаў (1658) у Прусіі, а ягоны пяхотны аддзел вызначыўся падчас аблогі Торуні, калі 16/17 верасня 1658 г. атрад узяў Бастыён Старамейскі. У 1683 г. падпалкоўнік Джон (III) Батлер камандаваў палком аркебузіраў Ераніма Любамірскага супраць туркаў і татараў — браў удзел у бітвах пад Браціславай (29 ліпеня 1683) і Бізамбергам (24 жніўня 1683), а падчас вызвалення Вены (11 верасня 1683) камандаваў пяхотным палком.
Яшчэ некалькі ірландскіх прозвішчаў вядома з XVIII стагоддзя. Так, у 1765 г. адзначаны лейтэнант Пітэр Фіцпатрык (Fitz de Paterick), а ў 1766 г. —падпалкоўнік пяхотнага рэгіменту Джордж О’Бірн (de Obyrn) і афіцэр Джэймс О’Бірн (de Obyrn). Апошнімі ўгадваюцца маёр Чарльз Фіцджэральд (1774), палкоўнік Генры О’Донэл (de Odonnel, быў натуралізаваны) і падпалкоўнік кароннай арміі Джэймс О’Донэл (Jakob de Odonnel) — у 1775 г.
Гербы Батлераў (інакш — Бутлар; варыянт шляхецкі і графскі) і Обірнаў (Обырн) з польскай галіны. Гісторыя надання гербаў, як і іх дакладнага апісання, і па сёння застаецца досыць заблытанай і пакручастай: так, з розных гербоўнікаў вядома пра тры лініі Батлераў, адрозных першапачатковым напісаннем прозвішча і краінай паходжання.
Як чужаземцы далучаліся да грамадства Рэчы Паспалітай?
Прасцей за ўсё гэты працэс можна прасачыць з дакументаў аб іх натуралізацыі ці ўводу ў шляхетны стан, аднак, паколькі ні ў Польскім каралеўстве ні ў ВКЛ не існавала цэнтралізаванай прыдворнай геральдычнай службы, якая б вяла ўлік натуралізаваных ці ўганараваных шляхетнасцю асобаў, падлікі паказваюць вельмі малыя лічбы: так, у заканадаўчым зборніку Volumina Legum толькі ў 11,5% натуралізаваных брытанскіх афіцэраў сустракаюцца ірландскія прозвішчы Батлер (Buthler), О’Келі (Okelli), О’Бірн (de Obyrn) і О’Донэл (de Odonnel). А сярод уганараваных шляхетным станам вядомы толькі адзін — граф Джон О’Рурк, падкаморы пры польскім двары ў Францыі, набілітаваны каралём Станіславам Ляшчынскім у 1771 г.
Увогуле рэкардсменамі па натуралізацыі і набілітацыі ў Рэчы Паспалітай з’яўляюцца шатландцы-«шкоты» — яны складаюць да 85% адсоткаў ад выяўленых прозвішчаў брытанскіх чужаземцаў, і гэта — заніжаная лічба, бо частка «прыбышоў» адразу пазіцыянавала сябе спадкаемцамі знатных родаў. Увогуле, па некаторых падліках, за 200 гадоў у Рэч Паспалітую (і ВКЛ у тым ліку) перабралася да 30 тыс. шкотаў, прычым да 5000 з іх — засталіся ў межах ВКЛ.
Большая частка вядомых прыкладаў вайсковай кар’ернай службы ірландцаў прыпадае на каронныя землі або звязана з Інфлянтамі. Застаецца спадзявацца, што афіцэры і жаўнеры, якія бралі ўдзел у смаленскай і іншых антымаскоўскіх кампаніях, не загінулі і не перайшлі на супраціўны бок, а былі ўзнагароджаны і ўганараваны менавіта ў ВКЛ...
Не вайной адзінай: ірландскія дактары Рэчы Паспалітай
Ірландская прысутнасць на землях Рэчы Паспалітай не была выключна вайсковай — О’Конары, напрыклад, былі вядомыя менавіта як прыдворныя лекары і дактары.
Надворны лекар караля і вялікага князя Яна ІІІ Сабескага Бернард О’Конар (к. 1666–1698) паходзіў з ірландскага графства Керы (Kerry). Падчас навучання ў Парыжы і абароны доктарскай ступені пазнаёміўся з прадстаўнікамі польскага двара і да 1694 г. выконваў лекарскія абавязкі пры варшаўскім двары. Ягоная гістарычная праца ў 2 тамах, якая выйшла ў Лондане ў 1698 г. — «The history of Poland in several letters» — фактычна першае англамоўнае выданне па гісторыі Польшчы і Рэчы Паспалітай, напісанае менавіта сведкай і відавочцам. Як медык О’Конар звярнуў пільную ўвагу на стан гігіены ў Рэчы Паспалітай (сярод іншага, доктар быў літаральна шакаваны распаўсюджанасцю такой хваробы, як каўтун) і выдаў практычныя рэкамендацыі па яе паляпшэнні.
Тытульны аркуш 1 тома працы Бернарда О’Конара «The history of Poland in several letters» (London 1698; выданне з Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве). У працы паважанага доктара знайшлося месца і для земляў ВКЛ, але ў вельмі спецыфічнай рэпрэзентацыі: знакаміты малюнак адтуль — «Чалавек-мядзведзь з пушчаў літоўскіх»
Падобна пазнейшаму «Локісу» Праспэра Мэрымэ, вобраз «чалавека-мядзведзя» — падобна, даўняя традыцыя ўяўлення пра гістарычную Літву як краіну першабытных пушчаў, перажыткаў паганскай абраднасці і дзікіх жывёл, якіх у Заходняй Еўропе ні ў каралеўскіх парках, ні ў заапарках ужо было не сустрэць... Доктар О’Конар не аднойчы чуў на прасторах Рэчы Паспалітай неверагодныя гісторыі пра ўсынаўленне мядзведзіцай чалавечага дзіцяці, прычым сярод ягоных інфарматараў былі і прыдворная знаць, і іншаземныя амбасадары, і нават сам Ян Сабескі. О’Конар, зацікавіўшыся невядомай раней з’явай, апісаў выпадак у спецыяльнай лацінскай дысертацыі і, вядома, не абмінуў яго ў сваёй «Гісторыі Польшчы». Тое, што гісторыя пра мядзведзя-чалавека — не прыдумка чужаземца пра Літву як пра «глухі мядзвежы кут», пацвярджаецца, напрыклад, аповедам Хрызастома Пасека ў сваіх мемуарах (які меў розгалас і ў заходняй прэсе).
Доктар Ян (Джон) О’Конар прыехаў у 1785 г. з Ірландыі ў Рэч Паспалітую і хутка займеў пасаду надворнага лекара пры князі Мацеі Радзівіле. У 1799–1800 г. выкладаў на Катэдры Практычнай Медыцыны ў Школе Галоўнай Літоўскай (Szkoła Główna Litewska; утворана падчас скасавання езуіцкай акадэміі і правядзення знакамітай рэформы навучання, што прывяло да заснавання першага ў тагачаснай Еўропе міністэрства асветы — Камісіі Народнай Адукацыі (Komisja Edukacji Narodowej).
Ян Дамель. Партрэт Яна О’Конара (Jan O’Connor, (1760–1802), прафесара Віленскага ўніверсітэта. Пасля 1800 г. Палатно, алей. Нацыянальны музей у Варшаве
Хісткая палітычная сітуацыя ў Рэчы Паспалітай у XVIII ст., барацьба за незалежнасць як на нашых землях, так і на далёкім Зялёным востраве, з аднаго боку, — аслабіла і так даволі тонкія кантакты паміж народамі, але ж, з іншага боку, прыцягнула пільную ўвагу ірландскай эліты да палітычных падзей і ідэй на нашых землях.
«Змясціўшы Польшчу ў сэрцы ірландскасці»
Новае XVIII стагоддзе стала для Ірландыі і ірландцаў настолькі ж вырашальным і знакавым, наколькі яно было і супярэчлівым і трагічным для «Польшчы» (тут і далей азначэнні «Польшча» і «палякі» выкарыстоўваюцца з тым сэнсам, з якім яны гучалі не толькі ў замежнай прэсе, але і ўва ўласным дзяржаўным дыскурсе Рэчы Паспалітай).
Ужо ў 1734 г. ірландскі паэт і інтэлектуал Аод Буі МакКруцін асудзіў Расію і Аўстрыю за іх спробу адмяніць выбары Станіслава Ляшчынскага, цесця і фаварытнага кандыдата на сталец пры падтрымцы французскага караля Людовіка XV. Напісаўшы звароты ў Парыж для невялікай ангельскамоўнай эміграцыйнай суполкі ў Ірландскім каледжы, МакКруцін разглядаў лёс Ляшчынскага з пазіцыі ірландскага каталіка і выгодных палітычных сувязяў: бард жадаў аднаўлення шатландскай (каталіцкай) дынастыі, якая, у сваю чаргу, магла звярнуцца па дапамогу да французскай манархіі, якая, адпаведна, спадзявалася займець уплыў праз выбар польскага караля. Ірландскі паэт меў палітычную рацыю: у 1719 г. Джэймс Сцюарт «Стары Прэтэндэнт» пабраўся шлюбам з унучкай Яна Сабескага, Марыяй-Клемянцінай, іхны сын, Чарльз Сцюарт «Малады Прэтэндэнт», падкрэсліўшы сваё паходжанне, прадстае на палотнах у сармацкім строі, а апошні манарх Рэчы Паспалітай Станіслаў Панятоўскі сярод продкаў меў і шатландскія карані.
Замалёўка з сатырычнага брытанскага часопіса «Панч» (15 чэрвеня 1844) пра візіт расійскага імператара Мікалая да брытанскай каралевы Вікторыі, на якім яны параўноўваць расійскі прыгнёт над Польшчай з падобным ціскам на Ірландыю з боку Вялікабрытаніі. Подпіс унізе: «Брат, мой брат, — мы абодва памыляемся»
Абранне Станіслава Панятоўскага ў 1764 г. пераемнікам караля Аўгуста III Саса стала для ірландскай эліты яшчэ больш цікавай навіной. Намаганні Станіслава Аўгуста правесці серыю рэформаў, рэакцыя на ягоныя новаўвядзенні шляхты і буйных кантынентальных дзяржаваў, перадавая Канстытуцыя 1791 года і вызвольнае паўстанне Касцюшкі зрабілі Рэч Паспалітую актуальнай і захапляльнай тэмай для ірландскіх чытачоў.
Ірландскія газеты і перыядычныя выданні з 1760-х гадоў пачалі выказваць жывую цікавасць да палітычных і вайсковых падзей на кантыненце і падчас ганебных падзелаў рэгулярна змяшчалі паведамленні пра стан Рэчы Паспалітай, часта ў пазітыўным ключы, з адкрытай падтрымкай «польскага» боку. Праўда, некаторая ізаляванасць ад інфармацыйных крыніц вымушала ірландскія выданні карыстацца фактычна толькі ангельскімі крыніцамі і перыёдыкай.
Як і ў Англіі, у Ірландыі Станіслаў Аўгуст маляваўся своеасаблівым рамантычным героем. Акрамя яго прывабнай знешнасці і культурных дасягненняў, «Belfast Newsletter» пахваліў яго за паслядоўную абарону правоў і свабодаў і вялікую адказнасць перад сваімі падданымі.
На старонках ірландскай англамоўнай перыёдыкі Дубліна і Белфаста XVIII ст. актыўна адлюстроўваліся навіны з тэрыторыі Рэчы Паспалітай, часта — у пазітыўным і спагадлівым тоне
Не абмінула цікавасць да лёсу «Польшчы» і ірландскія рэлігійныя колы. Так, Чарльз О’Конар, каталіцкі навуковец, які агітаваў за юрыдычную роўнасць сваіх аднаверцаў, глыбока крытыкаваў Барскую канфедэрацыю ў 1768 г. за аспрэчанне рэформаў новага манарха. Мэтай О’Конара была ўсеагульная рэлігійная талерантнасць, як для пратэстантаў у Польшчы, так і для каталікоў у Ірландыі. Узрушаны падзеямі ў Рэчы Паспалітай, ён выступаў за расійскае ўмяшанне, аднак з гэтага не трэба рабіць выснову, што ён падтрымліваў замежнае ўмяшанне і ў Ірландыю, каб забяспечыць правы католікаў: О’Конар абгрунтоўваў патрабаванне правоў тым, што каталіцкія падданыя былі такімі ж лаяльнымі да Вялікабрытаніі, як і яе пратэстанты.
Улічваючы шырокую сімпатыю да Станіслава Аўгуста, рэакцыя на падзелы ў Ірландыі, як і ў Англіі, была надзвычай крытычнай. Вядучы ірландскі палітычны дзеяч таго часу Эдмунд Бёрк асудзіў першы падзел у 1772 г. як небяспечны прэцэдэнт для міжнароднага права.
Джэймс Норткот. Партрэт Эдмунда Бёрка. Пасля 1774 г. Палатно, алей. Каралеўскі мемарыяльны музей Альберта. Эдмунд Бёрк (Edmund Burke; 1729–1797) — парламентарый, палітычны дзеяч, публіцыст эпохі Асветніцтва, ідэйны родапачынальнік брытанскага кансерватызму
Як і ў Англіі, ірландскія газеты асабліва крытычна ставіліся да ўдзелу Фрыдрыха Прускага ў падзеле і былі занепакоеныя станам брытанскага гандлю з Гданьскам, але паказвалі малую цікавасць да актыўных дэбатаў у англійскіх газетах аб магчымай брытанскай інтэрвенцыі ад імя палякаў.
Канстытуцыя 3 мая 1791 г., аднак, высунула падзеі ў Рэчы Паспалітай на першы план палітычных дыскусій у Ірландыі, як і ва ўсёй Еўропе. Ірландскія газеты і перыядычныя выданні далі шырокія каментарыі да Канстытуцыі, а некаторыя нават надрукавалі яе цалкам, адзначаўшы, што новы палітычны курс Польшчы набліжае яе да брытанскай канстытуцыйнай мадэлі. Эдмунд Бёрк асабіста падзякаваў Станіславу Аўгусту за ягонае публічнае адстойванне Канстытуцыі, што дапамагло вярнуць пазітыўную адзнаку краіне. Найбольшы розгалас Канстытуцыя атрымала сярод ірландскіх радыкальна настроеных рэспубліканцаў: так, у Белфасце прыхільнікі «новай Польшчы» сабраліся на мітынгу, каб адзначыць першую гадавіну яе Канстытуцыі. На святкаванні Дня ўзяцця Бастыліі ў Белфасце ў 1792 г. у грандыёзным шэсці «пяці свабодных нацый», побач з ірландскім, амерыканскім, французскім і брытанскім сцягамі заўважны быў і сцяг Рэчы Паспалітай.
Рэлігійныя пункты Канстытуцыі 3 мая асабліва ўразілі арганізатара «Аб’яднаных ірландцаў», тагачаснага ключавога палітыка, Тэабальда Уолф Тона, які заснаваў асацыяцыю ў 1791 г. з мэтай аб’яднання ірландцаў усіх веравызнанняў у адстойванні больш шырокай незалежнасці ад Вялікабрытаніі.
Партрэт Тэабальда Уолф Тона (1763–1798) ананімнага мастака XVIII ст. Нацыянальная галерэя Ірландыі (Дублін)
Пад уплывам «польскіх ідэй» Уолф Тон выдаў палітычна моцны памфлет «Аргумент ад імя католікаў Ірландыі» (1791), у якім патрабаваў адмены антыкаталіцкага заканадаўства: па выніку гэтай дзейнасці ў 1793 г. ірландскі парламент прыняў законапраект, які даваў католікам усе палітычныя правы, акрамя права ўдзелу ў парламенце. Аднак у тым жа годзе пачалася вайна паміж Вялікабрытаніяй і Францыяй і былі задушаныя арганізацыі з рэвалюцыйнымі сімпатыямі. На гэтым фоне публічная падтрымка ірландцамі «польскіх спраў» мела больш бяспечны характар і пры гэтым набірала ўсё больш прыхільнікаў «польскай свабоды». У сваіх гарачых прамовах Уолф Тон не аднойчы, не хаваючы ўласнага захаплення, адзначаў мужнасць паўстанцаў Касцюшкі і іх правы на свабоду і незалежнасць.
Вокладка знакамітага памфлета Уолф Тона «Аргумент ад імя каталікоў Ірландыі» (1791). На старонках брашуры палітык не хаваў сваёй прыхільнасці «польскім ідэям», захапляўся постаццю Касцюшкі, падкрэсліваў перадавыя палажэнні Канстытуцыі 3 мая
Паражэнне Касцюшкі і трэці падзел 1795 г. толькі ўмацавалі вобраз «пакутлівай Польшчы». Паражэнне паўстання «Аб’яднаных ірландцаў» у 1798 г. зрабіла гэты вобраз яшчэ больш значным: калі ў 1792 г. вобраз Польшчы-пакутніцы зачапіў толькі ірландцаў-каталікоў, то ў 1798 г. ён знайшоў водгук у сэрцах усіх прагрэсіўных ірландцаў, незадаволеных адносінамі з Вялікабрытаніяй — канфесійнае пытанне перад магчымасцю страты адваяваных свабодаў адышло на другі план. Рашэння англійскага ўрада аб роспуску ірландскага парламента ў Акце аб уніі 1800 г. атрымала параўнанне з ганебнымі падзеламі Рэчы Паспалітай.
Уверсе — палатно Фрэнсіса Уітлі «Дублінскія Валанцёры (ірландская дабраахвотная міліцыя) ля College Green» (1778). Нацыянальны музей Ірландыі ў Дубліне. Унізе — палатно Францішка Смуглевіча «Прысяга Тадэвуша Касцюшкі 24 сакавіка 1794 г.». Нацыянальны музей у Познані
У ХІХ стагоддзе Ірландыя ўвайшла з цвёрдай мэтай адстойваць сваю незалежнасць і аб’ядноўваць усё грамадства дзеля гэтай высокай мэты. Безумоўна, адным з палітычных ідэалаў для яе барацьбітоў і прадстаўнікоў эліты стала і «польская мадэль» Рэчы Паспалітай...
Усё доўгае і складанае ХІХ стагоддзе ірландскія нацыяналісты мелі жывы станоўчы прыклад Літвы і Польшчы, народы якой, застаўшыся без дзяржавы, працягвалі сваё існаванне і барацьбу дзеля аднаўлення сваёй незалежнасці. Калі сучасным гісторыкам трэба яшчэ ацаніць дакладнасць паралеляў паміж Ірландыяй і Рэччу Паспалітай, то для сучаснікаў тых падзей такое параўнанне, безумоўна, было натхняльным і суцяшальным.
Змітро Пілецкі, budzma.org
Літаратура
1. Britain and Poland — Lithuania: Contact and Comparison from the Middle Ages to 1795 / Richard Unger, Jakub Basista. — «The Northern World, 37». — Brill Academic Pub., 2008.
2. Brückner A. Die Visio Tundali in bömischer und russischer Übersetzung // Archiv für slavische Philologie. — Bd. 13. — Berlin, 1890. — S. 199–212.
3. Brzeziński R. British mercenaries in the Baltic, 1560–1683 // Military Illustrated: Past and Present № 4. — 1986. — p. 17–23.
4. Colker М. L. America rediscovered іn the thirteenth centry? // Speculum. A Journal of medieval studies. — Vol. 54., M. 4. — Cambridge, 1979.
5. Dictionary of National Biography. — London, 1885–1900.
6. Peter Paul Bajer. Scots in the Polish — Lithuanian Commonwealth, 16th—18th Centuries. The Formation and Disappearanceof an Ethnic Group. — Brill Academic Pub., 2012.
7. Uruski Seweryn. Rodzina: Herbarz szlachty polskiej, 15 Vols. — Warszawa, 1904–1938.
8. Беларусь — Ірландыя: Матэрыялы навук. семінара «Беларуска-ірландскія гістарычна-культурныя сувязі» (Мінск, 1999): Беларусы — пра Ірландыю, ірландцы — пра Беларусь. Бібліяграфія ўзаемасувязей / Грамад. аб’яднанне «Міжнар. асац. беларусістаў», Нац. навук.-асвет. цэнтр імя Ф. Скарыны пры М-ве адукацыі Рэсп. Беларусь, Т-ва «Беларусь — Ірландыя»; А. Мальдзіс (гал. рэд.); уклад. М. Міцкевіч. — Мн.: Бел. кнігазбор, 2000.