25 верасня «Ахова птушак Бацькаўшчыны» запрашае ў Белавежскую пушчу на ноч аленяў. Першая палова восені — асаблівы час для гэтых звяроў, таму што ў іх надыходзіць шлюбны перыяд.
Самцы равуць і бадаюцца паміж сабой, а пераможцы атрымліваюць права перадаць свае гены будучаму пакаленню. У гэты час лес напаўняецца неверагоднымі гукамі. Раней баязлівыя алені значна смялеюць, выходзяць на адкрытыя месцы і равуць ва ўсё горла.
Алень, які раве. Фота Паўла Лычкоўскага
Верасень — чароўны час у пушчы, — кажа менеджар прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы Ірына Кашпей. — Надвор’е яшчэ адносна цёплае, лес напаўняецца новымі яркімі гукамі. Роў аленя можа трохі палохаць, але разам з тым ён зачароўвае і захапляе. На досвітку або захадзе, калі стаіць туманнае зацішнае надвор’е, самцы выходзяць з лесу і, акружаныя белымі клубамі туману, нібы сцэнічнай смугой, пачынаюць свой «канцэрт». Калі не ведаць, што гэта за гукі, можна вельмі перапалохацца, бо здаецца, што побач з табой равуць мядзведзі. Досвед незабыўны, і мы з радасцю дапаможам яго атрымаць усім, хто прыедзе на ноч аленяў у Белавежскую пушчу.
У праграме: навукова-папулярныя лекцыі пра жыццё аленяў, аматарскі конкурс пераймальнікаў шлюбнага рову аленя і, вядома, экскурсія ў лес на канцэрт аленяў! А ў канцы — сяброўскія вячоркі ля вялікага вогнішча на царскай паляне.
Як паўдзельнічаць у ночы аленяў?
Ноч аленяў будзе праходзіць у канферэнц-зале музея прыроды ў Белавежскай пушчы (Каменюкі), каардынаты: 52.572519, 23.801549, дабірацца трэба самастойна.
Каб патрапіць на ноч аленяў, абавязкова зарэгіструйцеся. Удзел бясплатны.
Мы вернемся з лесу вельмі позна, таму пры жаданні можаце забраніраваць для сябе адну з гасцініц у Белавежскай пушчы або знайсці аграсядзібу паблізу.