22 жніўня група мінскіх птушкароў адзначыла на рыбгасе «Волма» у Чэрвенскім раёне новы для Беларусі від птушак — арлана-даўгахвоста (Haliaeetus leucoryphus).
Фота Аляксандра Вінчэўскага
Фота Аляксандры Кудзінавай
Арлан-даўгахвост мае невялікі гнездавы арэал: напэўна, від гняздуе зараз толькі на паўночна-ўсходнім ускрайку Індыі і ў Бангладэш.
Фота Аляксандра Вінчэўскага
— Від, які жыве на поўдзень ад Гімалаяў, сустрэчы якога адзінкавыя нават у Азіі за межамі гнездавога арэала, знойдзены ў Беларусі! У яго ёсць унікальная асаблівасць, якая доўгі час уводзіла ў зман навукоўцаў. Гэта адзіная птушка паўночнага паўшар’я (прынамсі драпежная), якая размнажаецца на поўдні свайго арэала зімой і мігруе на поўнач на летні перыяд. Гэты малады арлан-даўгахвост павінен быў здзейсніць вандроўку даўжынёй прынамсі 5 тыс. км, каб стаць сенсацыяй у Беларусі, — пракаментаваў знаходку Валер Дамброўскі, вядучы навуковы супрацоўнік НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах.
Арлан-даўгахвост знаходзіцца на мяжы знікнення. Колькасць птушак асабліва знізілася ў другой палове ХХ ст. Прычыны дакладна невядомыя.
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:
— Вядомыя адзінкавыя сустрэчы арланаў-даўгахвостаў у Расіі, Украіне і Польшчы. Маладыя птушкі гэтага віду вельмі падобныя на маладых арланаў-белахвостаў, і часам арнітолагі няправільна вызначалі нават здабытых птушак. Гэта птушка добра сфататаграфавана. Невядома, колькі арлан будзе сядзець пад Мінскам, але зараз птушкары ўсіх суседніх краін спадзяюцца на яе візіт!
Пасля зацвярджэння Беларускай арнітафаўністычнай камісіяй арлан-даўгахвост стане 338-м відам у спісе птушак Беларусі.
Паводле прэс-рэліза