Чаго баяліся даўней людзі ўзімку? Заблукаць і замерзнуць, праваліцца пад лёд, не ўсачыць за агнём (бо можа здарыцца пажар), захварэць — ды многа чаго, насамрэч. Але людзі тады добра разумелі свае страхі і тлумачылі іх па-свойму. Яны верылі, што навакольны свет дакладна рэгламентаваны і напоўнены духамі. І калі чалавек галоўны ў сваёй прасторы — у хаце, — то і ўсе іншыя месцы маюць гаспадароў, з якімі трэба лічыцца.
Каб захоўваць унутраны спакой і гармонію і не баяцца ўсюдыісных нячысцікаў, беларусы распрацавалі цэлы пласт міфалагічных уяўленняў. Кожны з духаў меў свае слабасці, асаблівасці і патрабаванні да суседа-чалавека, былі правілы, якіх стараліся прытрымлівацца. А зімой — дык асабліва, бо тады нячысцікі маглі прынесці многа шкоды.
PALATNO расказвае, як беларусы ўяўлялі нячысцікаў узімку і чаго баяліся.
«І свяшчэнніку рызу паеў, а зімой у прорубі хазяіна ўтапіў...»
Чорт — адзін з самых папулярных міфалагічных персанажаў. Гэта вечны антыпод Бога, ліхі шкоднік. Нават прыгадваць яго імя ўслых не варта, бо ён можа прымаць якія заўгодна абліччы і быць паўсюль, хоць сабе і ў царкве. Галоўная яго мэта — нашкодзіць чалавеку, а лепш — падштурхнуць да злога.
Адметна, што ў этнаграфічных запісах ХХ стагоддзя пад зборным найменнем чорта часта называюць і іншых нячысцікаў: Вадзяніка, Лесавіка і г. д. Такім чынам падкрэсліваецца іх «нячыстае», «нябоскае» паходжанне.
Зімой чорт, як і летам, спраўляў вяселле. Віхор, завіруха (чортава вяселле) — гэта не проста прыродная з’ява, а ўзняты ветрам слуп пылу або снегу, у якім чэрці з ведзьмамі нешта святкуюць.
Нават быў спосаб праверыць: казалі, што калі кінуць у цэнтр завірухі сякеру, то на ёй застанецца кроў ад параненага чорта. Хаця лепш, вядома, кідацца на зямлю і жагнацца, каб пранеслася міма. Такі віхор мог паваліць дрэвы, знесці страху і, безумоўна, нашкодзіць сустрэчнаму чалавеку.
Улюбёныя месцы нячысціка — ростані, лазні, закінутыя будынкі. То бок усё тое небяспечнае і трывожнае, што ў традыцыйнай свядомасці вызначалася як мяжа паміж «сваім» светам і «чужым», дзе чорт выступаў як праваднік. Менавіта таму да яго і звярталіся ў варажбе, у яго прасілі дапамогі і сіл чараўнікі і ведзьмы, з ім заключалі дамовы паляўнічыя і млынары і гэтак далей.
Ілюстрацыя: PALATNO
Вось як чорта апісваў у вершы «Роспач» Ян Баршчэўскі:
«Чарнакніжнік з твару шэры
Хоча з пекла слуг склікаць,
Кнігу ўзяў, а на паперы
Чорнай белы друк відаць.
Ён упоўнач пеклу штосьці
Кажа таямнічым словам.
Праз вакно ўлятае ў госці
Чорт з абліччам кажановым.
Тхне ад чорта духам зяблым,
Чорны чорт увесь, як крук».
Чорт збольшага шкодзіў у дробязях і проста замінаў, бо нудзіўся. Прыгадваюць, што ён мог псаваць вопратку і тканіну:
«Чорт, у нас гаворуць, быў у Беляках. Дзядзька гаварыў, што яна шыла, Кацярына тая, дык гаворыць, прынясець хто шыць, казалі, праўда было. А ці яно праўда было ці не, дык гэту адзёжу ён [чорт] пастрыжэць. Ну там пакусаіць, ці што там здзелаіць. Гэта іхнаю. А чужую не чапаў. І дзядзька гаварыў, ці праўда, ці не, сядзець на варотах і нагамі баўтаіць».
Ці нават утапіць кагосьці:
«За Навасёлкамі, каля Завадзіна стаяў хутар Белякі. Жыў там чалавек з жонкай, яна была партніхай. Прывязуць людзі палатно шыць, а чорту што-небудзь не панравіцца, то ён адзежу паесць. Свяшчэнніка вызывалі, але чорт і свяшчэнніку рызу паеў, а зімой у прорубі хазяіна ўтапіў».
А як ва ўласнай хаце і на сядзібе?
Самы «акультураны» аб’ект у традыцыйнай культуры — хата — таксама меў свайго духа — Дамавіка (Хатніка, Падпечніка, Дзеда). У адрозненне ад іншых, гэты нячысцік быў самым лагодным да чалавека, меў сімвалічную сувязь і з продкамі.
Найчасцей Дамавік прыязна ставіўся да людзей і дапамагаў ім. Але зімой, калі сям’я больш за ўсё часу праводзіла ў хаце, мог злавацца з шуму і шкодзіць або дражніцца — пужаць, прыхоўваць рэчы. Дамавік патрабаваў да сябе павагі — пачастунку ці рытуальнага запрашэння на святы. Асабліва на восеньскія Дзяды і Каляды.
Адсюль папулярная тэорыя, што Дамавік увасабляў продкаў:
«Дамавому нада, каб на стале яму на ноч была добрая ежа пастаўлена, яешня».
«Хата зімой халодная, мы на печку зберымся ўсе і спалі на печы. А тады матка гаворыць: «Чуеш ты, — гаворыць (а тады Каляды былі), — нехта выйшаў з шчэлку. Там, — кажа, — нехта ёсць». Я ўстала, пабегла — нікога не відацца. «Схадзіла б ты прыбрала з печкі», — мне мама. А тады каля сценкі зашумела і нідзе нету. Прыхадзілі нейкія зданькі, я тады, бальшая ўжо была, хадзіла з печкі наверх глядзець. Нікога там няма. Тады ж завуць есці на Каляды. Ну нечага ж з’еў і пайшоў. Тады пайшла ж аж матка паглядзела — нічога там німа, з’едзена...»
Гэтаксама напамін аб продках бачылі зімой і ў птушках — лічылася, што менавіта праз іх дзяды перасцерагалі: «Бываюць сінічкі, ці там якія зімой, на сцюжу, кажуць, лятуць у вакно, а бываець і на смерць, еслі ўжо чалавек такі хворы ў хаце ці што. Тады ўжо гэта птушачка дзюбкай б’ецца, відаць, скора забераць яго гэта птушачка».
Ілюстрацыя: PALATNO
Хлеўнік — дух, які жыў у хляве і апекаваўся (або наадварот) хатняй жывёлай. Падобны да Дамавіка, але ўжо «варожы» — бо мог шкодзіць:
«Ёсць такія Хляўнікі, што яны мучаюць скаціну, і гэта скаціна будзіць, карова, мокрая з начы, конь мокры. Вот. Можа ласка, алі як у нас называюць — Хляўнік. Ну, ён ні каждую карову шчакочыць. Бываіць, бываіць такія. Ну тады то свечкай грамнічнай абносюць карову, падпаліўшы, дажа каб аш поўсць трошкі загарэлася».
Лютаўскае свята Грамніцы і менавіта асвечаная ў гэты дзень свечка былі ратункам ад Хлеўніка:
«Можна было павесіць люстэрка, з дапамогай грамнічнай свечкі, якую вешалі ў хлеве або трымалі ў руцэ. Увайсці ў хлеў, дзе была грамнічная свечка, ён не мог і пачынаў шумець, не пераходзячы парог. Тады трэба было перахрысціць тое месца перад свечкаю і сказаць: «Прыходзіў ён і відзіў мяне ды злякнуўся і вярнуўся»».
Лазнік — найбольш злосная і агрэсіўная істота, якая амаль заўсёды заставалася нябачнай. Страх перад гэтым духам і строгія правілы паводзін у лазні цалкам лагічныя — лазні часта гарэлі. Сам Лазнік таксама любіў мыцца:
«І вось зімой неяк мыліся ў бані. Памыліся. Пайшлі ў хату. Холадна яшчэ так было. Маці мне кажа: «Збегай, паглядзі, нехта ў нашай бані парыцца». А там і ўпраўду дым з трубы ішоў, як нехта парыцца. І вось забяжала я ў прадбаннік і дзьверы адкрыла. Ай! А там мужыкі голыя стаяць, хлешчуць, паруцца! А галовы чорныя, чорныя і хвасты. Хвасты — длінныя, а на канцы — мяцёлка такая».
З дапамогай Лазніка дзяўчаты на Каляды варажылі: засоўвалі руку ў дымнік печы-каменкі, і калі лазнік дакранецца кудлатай рукой — жаніх будзе багаты, калі голай — бедны.
Проста трэба быць пільнымі. Заўсёды
У традыцыйным светапоглядзе зіма адначасова сімвалізавала і канец каляндарнага года (сонца знікала), і непазбежны пачатак новага (сонца нанова нараджалася). Падобная дваістасць назіраецца ва ўсім, нават у стаўленні да снегу: з аднаго боку, гэта «клопат Бога пра зямлю і людзей», з іншага (у сукупнасці з ветрам), гэта ўжо «д’яблавы праявы». Снег асацыяваўся са смерцю, але пры гэтым падчас вяселля ці пахавання ён прызнаваўся за добры, спрыяльны знак.
У марозныя дні асабліва небяспечна было заблукаць у лесе, якім апекаваўся Лесавік. Гэты дух сачыў за парадкам і ўсімі жывымі істотамі, асабліва за чалавекам. Калі той паводзіўся ў лесе непаважліва — смеціў, ламаў дрэвы, — то дух мог яму здорава нашкодзіць:
«Ён прымушае чалавека кружыць па лесе некалькі гадзін, праходзіць па адным і тым жа месцы некалькі разоў, заводзіць у глыбіню лесу, у самы гушчар; калі ж ахвяра страціць усякую развагу і даходзіць да адчаю, Лешы злосна рагоча, яго рогат чуваць за вёрст сорак па акрузе».
Заблукаць можна было і ў палях ці лугах, якімі апекаваўся Палявік. Летам ён клапаціўся пра ўраджайнасць, але зімой нудзіўся:
«Палявікі добра сябруюць адно з адным — гасцююць адзін у аднаго, разам здзекваюцца з ахвяр, любяць пераклікацца. Зімой маюць забавы — знішчаюць дарожныя вешкі, зацярушваюць снегам дарогі, хаваюць канавы і калдобіны. Прахожых, якія збіліся з дарогі, яны водзяць па дарозе, пакуль тыя не заснуць і не замерзнуць».
Нават водныя аб’екты, такія як рэкі і азёры, у зімовы час патрабавалі быць пільнымі. За выключэннем прыродных крыніц — іх лічылі святымі («З’яўляюцца невядома адкуль, крыштальна празрыстая вада, не замярзаюць...») і бяспечнымі. Крынічная вада часта прыгадваецца ў замовах і ў сродках супраць нячысцікаў, а таксама як сродак народнай медыцыны. Азёры і рэкі ж былі вотчынамі нячысцікаў.
Ілюстрацыя: PALATNO
Вадзянік, напрыклад, напярэдадні Вадохрышча вымушаны быў красці або прасіць у людзей сані, каб выратаваць сваіх дзяцей «вадзянёнкаў» ад смерці ў ахрышчанай вадзе. З ім можна было «дамовіцца» — кінуць нацельны крыжык у ваду і вырачыся радні і ўласнай душы. Звярталіся да Вадзяніка млынары, у якасці ахвяры яны кідалі ў плаціну курыцу або сала ці сцягно свінні — пад першы лёд.
Жонкі Вадзяніка — Русалкі, або Вадзяніцы, не маюць канкрэтнай уласнай «лакацыі». Іх сустракалі ў полі, вадзе, лесе, на могілках, а то й у вясковых хатах. Успрыманне іх людзьмі таксама вагалася — ад безумоўна негатыўнага да, наадварот, сакральнага. Але ад восені да русальнага тыдня гэтыя істоты жылі толькі ў вадзе:
«Выходзяць усягды з вады, як пагода. Яны тады відзяць троха, дзе ім нада паўзьці. <...> Толькі, як замерзнуць азёры і рэкі, тады ня вылезуць...»
Пакуль яны не выйдуць з вады, людзям было небяспечна купацца, бо тады ці хвароба прычэпіцца, ці русалкі зацягнуць у глыбіню ракі і ўтопяць.
Багнік, які жыў у тарфяным балоце, сваім дыханнем не даваў багне замерзнуць: «І выдаецца на паверхні бурбалкамі і часам дробнымі агеньчыкамі». Багнікі не любілі, калі людзі хадзілі на лыжах зімой і не правальваліся. А Аржавенніка гэтаксама можна лёгка ўгадаць — яго жытло на балоце выдаецца з-пад снегу бура-жоўтай плямай. Праўда, акурат яго можна было і не баяцца — гэты нячысцік лічыўся спакайнейшым за іншых водных, і яго ахвярамі станавіліся рэдкая жывёла ці выпадковы нецвярозы чалавек.