У скверы на вуліцы Чапаева ў Барысаве падрапалі вайсковую тэхніку музея пад адкрытым небам, піша «Новы Час» са спасылкай на раённую газету «Адзінства». На тэхніцы з’явіліся малюнкі і надпісы.
Па словах начальніка бюро па добраўпарадкаванні УП «Жыллё» Вадзіма Холадава, камеры Барысаўскага РВЭС іх аўтараў не зафіксавалі. Ён лічыць, што гэта справа рук падлеткаў. На адной з адзінак тэхнікі нехта напісаў «Прывітанне, пупсік».
«І мы вядзем перамовы з кіраўніцтвам гэтага прадпрыемства аб усталяванні дадатковых камер відэаназірання, каб можна было кантраляваць усю тэрыторыю сквера», — сказаў ён.
Пашкоджанні ліквідавалі вайскоўцы 814-га цэнтра тэхнічнага забеспячэння. Намеснік начальніка цэнтра ідэалагічнай працы падпалкоўнік Дзмітрый Шклянік назваў інцыдэнт «актам вандалізму».
Мемарыяльны комплекс з мармуровай Стэлай «Ахвярам фашызму» скульптара Мікалая Рыжанкова быў адкрыты тут у 1967 годзе. У 2018 годзе тут абсталявалі музей пад адкрытым небам. На алеі 14 экспанатаў ваеннай тэхнікі, якая стаяла на ўзбраенні РККА, а таксама савецкай і беларускай армій.