Падтрымай заяву Беларускага ПЭНа пра недапушчальнасць выкарыстання мовы варожасці і нацыянальнай нецярпімасці

Праваабарончыя арганізацыі і культурныя ініцыятывы заклікалі ўлады Літвы расследаваць антыбеларускія выпады.


Zajava Bielaruskaha Pena

Мы, Беларускі ПЭН і іншыя праваабарончыя і культурніцкія арганізацыі, што падпісалі гэтую заяву, звяртаем увагу міжнароднай супольнасці і ўладаў Літвы на шэраг актаў вандалізму і праяў мовы варожасці, скіраваных супраць беларускай супольнасці, у Вільні ў 2024 годзе:

28 ліпеня атаку невядомых зазнала беларуская крама «Kropka».

1 жніўня на будынку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) з’явіўся абразлівы надпіс у дачыненні да беларусаў (этнічнай большасці студэнтаў ЕГУ).

4 і 5 верасня невядомыя абстралялі вокны храма, дзе праводзіць службы беларуская праваслаўная супольнасць, разбілі вокны Беларускага дома (Цэнтра беларускай супольнасці і культуры), побач з офісам беларускай валанцёрскай арганізацыі «Дапамога» пакінулі зняважлівы надпіс у дачыненні да беларусаў. 

26 кастрычніка невядомыя падпалілі ўваходныя дзверы будынка Цэнтра беларускай супольнасці і культуры, пакінулі зняважлівы надпіс і зафарбавалі мясцовы мурал.

5 лістапада ксенафобскія надпісы з’явіліся на беларускай кавярні «Карчма 1863».

Адзначым, што двойчы атакаваны Цэнтр беларускай супольнасці і культуры ў Вільні з’яўляецца некамерцыйнай арганізацыяй беларусаў Літвы, якая стварае прастору для беларускіх праектаў і ініцыятыў. У цэнтры праводзяцца ў тым ліку курсы беларускай і літоўскай моваў, выставы, бясплатная нефармальная адукацыя для дзяцей.

Мы рашуча асуджаем любыя формы нянавісці, якія могуць падрываць асновы дэмакратычнай і прававой дзяржавы. Выкарыстанне мовы варожасці і праявы нецярпімасці недапушчальныя ў грамадстве, што паважае правы чалавека. Такія дзеянні сеюць разлад і напружанасць у грамадстве. Непрыняцце дзяржавай аператыўных мераў расследавання і прыцягнення вінаватых да адказнасці спрыяюць парушэнню нормаў Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі.

Мы заклікаем улады Літвы правесці дэталёвае расследаванне гэтых інцыдэнтаў, прыцягнуць вінаватых да адказнасці і гарантаваць бяспеку ўсіх жыхароў Літвы, незалежна ад іх нацыянальнасці і паходжання. Мы звяртаемся таксама да міжнароднай супольнасці і праваабарончых арганізацый з просьбай звярнуць увагу на гэтую сітуацыю і падтрымаць намаганні ў супрацьдзеянні дыскрымінацыі і распальванні штучнай варожасці паміж беларусамі і літоўцамі.

Выказваем словы падтрымкі і салідарнасці непасрэдна пацярпелым арганізацыям. Мы заклікаем усіх да салідарнасці і супрацы ў барацьбе з праявамі нянавісці і нецярпімасці.

Падтрымаць заяву можна па спасылцы.

Падпісанты: 

Беларускі ПЭН / PEN Belarus

Тутэйшы Тэатр/ Tutejšy Teatr

Тэлеграм-канал «Священный Белавуд» / Telegram channel «Holy Belawood»

ФШ: Беларуская фатаграфічная платформа / FSh1: Belarusian Photographic Platform

Асацыяцыя ЧАБОР / Association CZABOR

Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі» (Budzma) / VŠĮ «Būkim kartu»

Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» («Backaŭščyna») / VŠĮ «Mano šalis»

Фонд Тутака / Tutaka Foundation / Fundacja Tutaka

Музей Вольнай Беларусі / Free Belarus Museum

Фонд «Дом творцаў» / Foundation «Dom Tvorcau»

Цэнтар беларускай супольнасьці й культуры / Baltarusių bendruomenės ir kultūros centras

Human Constanta, праваабарончая арганізацыя / Human Constanta, human rights organization

Праваабарончы цэнтр «Вясна» / The Human Rights Center «Viasna»