Пасля 2020 года многія беларусы згубілі магчымасць працаваць унутры краіны праз сваю грамадзянскую пазіцыю. Сярод іх і творцы. «Купалаўцы» эмігравалі ледзь не цэлай трупай. Але акрамя іх, дзясяткі акцёраў і рэжысёраў з незалежных тэатраў апынуліся ў чужых краінах, вымушаныя пачынаць жыццё з нуля. У Польшчы з 2021 года многіх з іх падтрымлівала Міністэрства культуры: дзякуючы вылучаным сродкам, за тры гады амаль 200 рэзідэнтаў змаглі рэалізаваць новыя праекты на розных польскіх пляцоўках, піша «Наша Ніва».
У гэтым годзе праграма, раней адкрытая і беларусам, засталася даступнай толькі ўкраінцам. «Гэта можа быць глабальнай і вельмі сур’ёзнай праблемай для нас у будучыні», — б’е трывогу рэжысёрка Валянціна Мароз, кіраўніца Лабараторыі сацыяльнага тэатра, прадстаўніца Беларускага інстытута тэатра — кам’юніці незалежных тэатральных дзеячаў. «в.
«Незалежны тэатр пасля падзей 2020-га проста абваліўся, і ўсе праекты былі ці закрытыя, ці знішчаныя»
Тэатральны інстытут імя Збігнева Рашэўскага ў Варшаве запусціў праграму арт-рэзідэнцый, якой маглі карыстацца беларусы ў крызісны для творцаў момант — у 2021 годзе нехта ўжо з’ехаў з Беларусі, а нехта застаўся без працы ўнутры краіны, бо іх установу ліквідавалі. Ці папросту не праходзіў «фэйс-кантроль» для атрымання гастролькі.
«Калі незалежны тэатр пасля падзей 2020-га проста абваліўся і ўсе праекты былі ці закрытыя, ці знішчаныя, быў шок і неразуменне, як жыць далей, як займацца тэатрам. І калі ў Польшчы запусцілі такую праграму, гэта была магчымасць і грошы нейкія зарабіць, прычым не ў «Бедронцы» (назва буйной сеткі прадуктовых крам у Польшчы. — НН), а займаючыся сваёй прафесіяй. Дзякуючы гэтай опцыі, мы, можна сказаць, уздужалі, падняліся на ногі, з’явіліся нейкія планы, нехта распачаў новыя праекты — гэта абсалютна неацэнна», — каментуе Валянціна Мароз.
Валянціна Мароз. Фота з архіва суразмоўцы
Плюс польскіх рэзідэнцый быў у тым, што яны не проста адкрывалі доступ да сутачных грошай, а давалі «дах» для рэпетыцый і прэм’ерных паказаў. У іх межах магла сабрацца цэлая трупа, каманда, якую да гэтага раскідала па розных месцах свету.
Гісторыі трох беларускіх труп, якія ў эміграцыі пачалі ўсё з нуля
Так, Лабараторыя сацыяльнага тэатра, якой кіруе Валянціна і калектыў якой амаль цалкам эміграваў за мяжу, падчас рэзідэнцыі-2021 зрабіла спектакль па п’есе «Паўгода» айчыннага драматурга Касі Чакатоўскай. Пастаноўка, якая перадае храналогію шасці месяцаў жыцця адной дзяўчыны пасля выбараў у Беларусі, была паказаная ў Познані і на фестывалі ў Любліне.
У 2022 годзе ў межах новай рэзідэнцыі калектыў тры месяцы працаваў над дакументальным спектаклем «Расколіна» — пра разрывы сямейных сувязяў на фоне розных поглядаў на пратэсты і вайну. Новую працу прэзентавалі ў познаньскім «Бараку культуры».
Фота са спектакля па п’есе «Паўгады»
Акцёрская сям’я Новік перабралася ў Польшчу ў 2021 годзе. Андрэй быў адной з зорак РТБД, а Дар’я працавала ў Вялікім тэатры — кожны з іх звольніўся пасля падзей 2020 года.
Андрэй і Дар’я Новік. Фота з архіваў герояў
Дзякуючы польскім рэзідэнцыям, амаль адразу пасля пераезду яны змаглі працягваць займацца любімай працай. Свет пабачылі чатыры спектаклі: «Вярцінскі. Эміграцыя» — гэткая паралель паміж досведам творчых мігрантаў пачатку XX стагоддзя і XXI; «Мора Крысціны», дзе распавялі пра першыя дні пратэстаў у Беларусі ўзору 2020, а таксама антываеннае выказванне «How are you?» — дакументальны спектакль, сабраны з гісторый уцекачоў, і музычны праект «З@mova», створаны па матывах песень і рытуалаў Палесся.
Сцэны з пастаноўкі «Мора Крысціны»
Разам з аднадумцамі Андрэй Новік заснаваў у Варшаве новы незалежны калектыў — BY teatr, але, каб працягваць творчасць і мець грошы на жыццё, усе яго прадстаўнікі дадаткова працуюць у іншых сферах.
Сцэна з праекта «З@mova»
«У нашых шэрагах больш за 20 асобаў. Гэта прадстаўнікі розных тэатральных прафесій з Беларусі, Польшчы, Расіі і Украіны — кампазітары, драматургі, рэжысёры, акцёры. Усе прафесіяналы сваёй справы. Нехта працуе ў таксі, нехта на будоўлі ці кур’ерам, прадаўцом. Такі эмігранцкі лёс: за адныя спектаклі немагчыма пракарміць сям’ю, асабліва калі ён раз на месяц. Але мы ўвесь час спрабуем шукаць нейкае грантавае дафінансаванне, партнёраў, каб захаваць культуру і яе развіваць. Але скажам шчыра, гэта даецца няпроста».
Сам Андрэй 2,5 года адпрацаваў кур’ерам, звольніўся зусім нядаўна:
«Мы адчынілі з сябрамі тэатральную кавярню Michelle і спрабуем працаваць там як барысты, кухары і паралельна як тэатральныя дзеячы — хто рэжысёр, хто оперная дзіва. Штопятніцу ў нас ладзяцца канцэрты розных калектываў і сольныя выступы».
Што тычыцца Дар’і, то ў яе, як кажа муж, складваецца «больш тэатральна». На сёння яна паспяхова працуе ў трох польскіх праектах і выкладае ў мясцовых тэатрах.
Дар’я праводзіць індывідуальныя заняткі па вакале і заснавала ўласны «гукавы тэатр». А таксама ладзіць майстар-класы ў розных гарадах Польшчы. «На апошні, напрыклад, прыйшло 40 асоб», — распавядае Андрэй.
Падобная схема выжывання і ў трупы «Тутэйшы тэатр» пад кіраўніцтвам Андрэя Саўчанкі. Рэпетыцыі і спектаклі — у вольны ад асноўнай працы час.
«Частка акцёраў у нас працуе ў айці, нехта — у менеджарскай сферы ці выкладчыкамі польскай, англійскай мовы. Я асабіста спрабую зарабляць адукацыйнымі праектамі: выкладаю аратарскае майстэрства», — каментуе Андрэй Саўчанка.
Андрэй Саўчанка ў монаперформансе «Вішнёвы сад»
Пры гэтым ён дадае, што і ў Беларусі на выключна творчы заробак таксама выжыць было складана. Проста ў эміграцыі гэта яшчэ больш ускладнілася.
«Тутэйшы тэатр» працягнуў працу ў замежжы пасля таго, як Андрэя Саўчанку звольнілі з «На балконе». Да гэтага ён адседзеў на Акрэсціна і ў СІЗА і, маючы на руках падпіску пра нявыезд, змог эвакуявацца з Беларусі толькі з другой спробы.
«Тутэйшы» пакрысе пашырае ядро публікі, людзі ходзяць на спектаклі трупы і гатовыя плаціць за квіткі. Але каб падрыхтаваць новы маштабны праект, ідэальныя рэзідэнцыі, падчас якіх людзі могуць большую частку дня канцэнтравацца на творчасці і не мець праблем з пляцоўкай.
Менавіта дзякуючы рэзідэнцыям, свет пабачылі такія працы «Тутэйшага», як «Святло ў цемры» пра трагічныя для беларускай гісторыі падзеі, якія здарыліся ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937-га; «Віно з дзьмухаўцоў» — эскіз спектакля паводле аповесці Рэя Брэдберы і «Лабараторыя Кантакта». І цяпер калектыў падаў заяўку на чарговую, ужо нямецкую рэзідэнцыю, для зборкі свежага праекта.
«Грошай няма, калі з’явяцца — невядома»
Усяго ў 2021 годзе праз рэзідэнцыі ў Польшчы прайшлі 44 беларусы і беларускі, у 2022-м — 66 і ў 2023-м — 76. На жаль, многае з гэтага было паказана ўсяго адзін раз па той жа прычыне: недахоп грошай.
Вясной гэтага года чарговы набор быў адкрыты ўжо толькі для ўкраінцаў. На пытанне беларускіх творцаў, чаму так, у Тэатральным інстытуце імя Збігнева Рашэўскага адказалі, што справа ў абмежаваным фінансаванні: «Рэалізацыя праграмы залежыць ад фінансавых рэсурсаў, што вылучаюцца ў выглядзе мэтавай субсідыі з боку Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны па запыце інстытута. Сёлета мы атрымалі адказ толькі на заяўку на субсідыю для творцаў з Украіны» (копія адказу гэтага ліста ёсць у рэдакцыі «Нашай Нівы»).
Ці зменіцца гэтая сітуацыя і калі, не ведаюць нават у самім Міністэрстве — туды дазваніліся польскія калегі, якія актыўна падтрымліваюць тэатральнае беларускае кам’юніці. Адказ з Дэпартамента нацыянальных культурных устаноў таксама пакуль туманны: грошай няма, калі з’явяцца — невядома.
«Тут важна, што да ўлады пасля парламенцкіх выбараў прыйшло новае кіраўніцтва, новыя сілы. Адбылося шмат зменаў у кіраўніцтве розных інстытуцый. Фарміруецца погляд на тое, у які бок усім рухацца. Ну і, магчыма, грошай на культуру, дапамогу ўкраінцам і беларусам ва ўмовах вайны становіцца ўсё менш. І мы трапілі ў гэтую рагатку», — заўважае Валянціна Мароз.
«Для многіх гэта будзе катастрофа і сыход з прафесіі»
«Наша Ніва» дадаткова накіравала ў Міністэрства культуры ліст з пытаннямі пра будучую палітыку па падтрымцы беларускіх творцаў у Польшчы. Калі мы атрымаем адказ, мы апублікуем яго асобна.
«Без нейкага дадатковага фінансавання, на жаль, многія беларускія творчыя праекты паволі прыходзяць у заняпад і знікаюць. У большасці людзей няма другога выйсця, як ісці працаваць у іншыя сферы, і тады ўжо не знаходзіцца ні магчымасці, ні часу на творчасць», — каментуе Андрэй Новік.
Андрэй Саўчанка ж адразу раіць найперш спадзявацца на сябе:
«Рэзідэнцыі былі добрай магчымасцю знайсці новыя спосабы супрацы і ўзаемадзеяння ў новай краіне. Але ставіць пытанне так, што калі няма рэзідэнцый, то і няма тэатра, я не магу сабе дазволіць. Калі разлічваць выключна на іх, тады ўвогуле ніякі праект тэатральны не будзе існаваць».
«Рэзідэнцыі, канечне, не вырашалі ўсе праблемы эмігрантаў, — дадае Валянціна Мароз. — Усё роўна паралельна людзі зараблялі грошы на жыццё самастойна. Але, дзякуючы такому фармату, захоўваліся цэлыя калектывы, людзі маглі рэпетаваць, супрацоўнічаць з польскай прафесійнай супольнасцю і адносна мякка інтэгравацца ў новае грамадства — за гэта вялікі дзякуй.
Канечне, з’яўляюцца рэзідэнцыі ў іншых еўрапейскіх краінах, але звычайна там прапаноўваецца зусім іншы фармат. Уявіць сабе, што мы згубім такую магчымасць — для многіх гэта будзе катастрофа і сыход з прафесіі. Таму, спадзяемся, што колы для беларусаў на рэзідэнцыі ў межах Тэатральнага інстытута будуць адкрывацца, нас пачуюць», — рэзюмуе прадстаўніца Беларускага інстытута тэатра.