Паэтэса Вера Буланда выступіла ў Смалявічах

19 сакавіка 2015 года адбыўся выступ паэтэсы Веры Буланда перад вучнямі 6, 7 класаў у Смалявіцкай раённай гімназіі Мінскага раёна.

Гімназісты парадавалі пісьменніцу сваёй любоўю да беларускай мовы, культуры, прыгадалі ранейшую сустрэчу з Верай Аляксандраўнай, нават пахваліліся, якія памятаюць яе вершы, чым усцешылі госцю. Мала таго, яны самі пішуць вершы. Напрыклад, вучань 6 класа Яблонскі Елісей прачытаў некалькі сваіх вершаў, у якіх ён перадае свае перажыванні ад мінулай Вялікай Айчыннай вайны.

Кнігу “Памяць” я гартаю

Вось ужо каторы раз,

Пра герояў зноў чытаю,

Што змагаліся за нас…

Так пачынаецца адзін з яго твораў, дзе хлопчык выказвае сваё перакананне: “Наш абавязак помніць усіх, не забываць тых дзён ліхіх”. А верш “Патрон” не пакінуў нікога абыякавым. Яго можна аднесці да балады, дзе распавядаецца пра знойдзены патрон у час уборкі ўраджаю бульбы.

Хоць шмат прайшло з тых дзён гадоў,

Ды напамін наш зноў і зноў:

Няхай на вуліцы маёй

Ніколі не блішчыць патрон!

Так завяршае сваю паэтычную думку шасцікласнік.

Паэтэса пахваліла маладога аўтара і ад імя кампаніі “Будзьма беларусамі” падарыла майку як пераможцу саўдзельніка ў размове і паштоўку “Мы – адметныя”.

І пад уражаннем пачутага прыгадала сваю вёску Мсціж, дзе ў вайну загінула шмат землякоў, былі спалены адны мужчыны, старыя і малыя, прачытала на балючую тэму свае вершы. Адказвала на ўсе пытанні, якія цікавілі вучняў.

За актыўны ўдзел у гутарцы, выразнае чытанне вершаў вучні былі ўзнагароджаны падарункамі ад кампаніі “Будзьма беларусамі”, а іменна: торбачкамі, паштоўкамі “Мы – адметныя”.

 

Тэгі: