«Паганская імперыя» — моцны, эмацыйна зараджаны выраз, якім некаторыя публіцысты і нават гісторыкі акрэсліваюць Вялікае Княства Літоўскае ХІІІ—ХIV стст., а канкрэтна, да 1387 г. У тым годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Ягайла ўвёў у Літве новую афіцыйную/дзяржаўную рэлігію — хрысціянства па рымскім абрадзе — каталіцызм.
Паходы Альгерда ў 1362 г.
Паспрабуем разабрацца, як тое выяўлялася ў гістарычнай рэальнасці: як узнікла і дзейнічала тая паганская імперыя — Вялікае Княства Літоўскае? У чым заключалася ягоная імперская і рэлігійная палітыка? Апошняе асабліва цікава, бо з самага пачатку ў гэтай дзяржаве акрамя язычнікаў жылі хрысціяне ўсходняга абраду — праваслаўныя. Ужо ў ХІІІ ст. яны складалі большасць насельніцтва і нават мелі «сваіх» вялікіх князёў — між 1264 і 1270 гадамі Літвой кіравалі праваслаўныя князі Войшалк Міндаўгавіч і Шварн Данілавіч. Ды і адзін з галоўных творцаў велічы Літвы Альгерд Гедымінавіч хоць у душы заставаўся язычнікам, прыняў праваслаўе, каб ажаніцца з віцебскай князёўнай.
Адкуль узялася канцэпцыя паганскай імперыі
Тлумачэнне мінуламу шукаем у сучаснасці. Канцэпцыя паганскай імперыі Летувы ідэалагічна звязаная з даволі актыўным развіццём у гэтай краіне руху неаязычніцтва, які мае на мэце адраджэнне рэлігіі продкаў.
Cуполка Рамува адзначае Свята Расы, 2023. Фота: romuva.lt
Самая вядомая суполка «Рамува» (што азначае «свяцілішча, капішча») узнікла яшчэ ў савецкай Летуве ў 1967 г. У 1992 г. яна была афіцыйна зарэгістраваная як рэлігійная арганізацыя і зараз налічвае больш за 5 тыс. сяброў. А ёсць яшчэ іншыя, не менш актыўныя.
Грамадскае жыццё ў Летуве традыцыйна моцна звязанае з гісторыяй, таму неапаганскі рух выклікаў ажыўленне цікавасці да яго першаасновы — рэлігіі старажытных летувісаў. Некаторыя аўтары і нават прафесійныя гісторыкі пачалі надаваць шмат увагі рэлігійнаму чынніку ў першыя стагоддзі дзейнасці Вялікага Княства Літоўскага і прадстаўляць яго як язычніцкую (паганскую) дзяржаву, якая вырасла ў «паганскую імперыю».
Манаграфія Стэфана Роўэла
Вяршыняй развіцця гэтай канцэпцыі стала манаграфія летувіскага гісторыка ангельскага паходжання Стэфана Роўэла, якая так і называецца: «Уздым Літвы: Паганская імперыя ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, 1295–1345 гг.».
Кніга С.Роуэла. Выданне 1994 г.
Паміж 1994 і 2015 гадамі яна была выдрукаваная на ангельскай, летувіскай і нават беларускай мовах. Але марна шукаць у гэтай кнізе нейкіх сведчанняў і фактаў пра паганскасць і імперскасць Летувы. Наадварот, аўтар прыводзіць адно прыклады маргінальнасці паганства ў Вялікім Княстве Літоўскім і выцяснення яго хрысціянствам.
Ці дбалі пра пашырэнне паганства вялікія князі літоўскія
Вялікія князі літоўскія не дбалі пра ўмацаванне паганскай рэлігіі ў нібыта «паганскай імперыі». Віцень і Гедымін не пашыралі паганства, наадварот, дэкларавалі прыняцце каталіцтва, клапаціліся пра праваслаўную царкву, стварылі і падтрымалі Літоўскую праваслаўную мітраполію. Нават на пячатцы Гедыміна вялікі князь «сядзіць і трымае ў руцэ дыядэму, хрысціянскі сімвал каралеўскай улады» (вось табе і «паганская дзяржава»?!). Надпіс на пячатцы інфармуе, што Гедымін — кароль ліцвінаў і русінаў (г. зн. праваслаўных хрысціян).
Апісанне пячаткі Гедыміна (выява не захавалася). Крыніца: Gumowski M. Pieczęcie Książąt Litewskich // Ateneum Wileńskie. Wilno, 1930. R. 7. S. 684 – 725
Аўтар не здолеў знайсці ніводнага выпадку, каб у шлюбах паміж язычнікамі і хрысціянамі сужэнец-хрысціянін прымаў паганства, наадварот, усе пераходзілі ў хрысціянства.
А што наконт імперскасці?
Тое самае, што і датычна паганства. Вялікае Княства Літоўскае змагалася спачатку за выжыванне, потым за дамінацыю ва ўсходнеславянскай прасторы з рэальнай тагачаснай імперыяй — Залатой Ардой. Пра пэўную заяўку на імперскасць Літвы можна казаць толькі пасля бітвы на Сініх Водах у 1362 г. — першай у гісторыі перамогі над татарамі на іх тэрыторыі.
Па ўсіх навуковых даных, Вялікае Княства Літоўскае ніколі не было паганскай імперыяй, якая з’яўляецца ідэалагічным канструктам найноўшай гісторыі. Папяровая «паганская імперыя» Летувы ХІІІ—ХIV стст. — не гістарычны факт, а контрафакт, ці папросту фэйк у навуковай абгортцы.
Канстанцін Семяновіч, budzma.org