8 лютага ў Гомелі памерла вядомы гісторык і краязнаўца Валянціна Лебедзева. Ёй было 66 гадоў. Яна хварэла на анкалогію.
Валянціна Лебедзева шмат гадоў працавала выкладчыкам на кафедры гісторыі Гомельскага дзяржаўнага універсітэта ім. Ф. Скарыны.
Нарадзілася ў Гомелі, скончыла ў 1980 г. гістарычнае аддзяленне гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржуніверсітэта, затым — аспірантуру пры Белдзяржуніверсітэце. З 1983 г. працавала ў ГДУ. Сферай навуковых інтэрэсаў Валянціны Лебедзевай былі культура Беларусі, беларускі нацыянальны рух, гісторыя Гомеля пачатку ХХ ст., жыццё і навуковая спадчына Мітрафана Доўнар-Запольскага.
Яна — аўтарка больш за 100 публікацый, сярод якіх — біяграфічнае даследаванне пра Палуту Бадунову. Была арганізатаркай Міжнародных навуковых Доўнараўскіх чытанняў у Рэчыцы, адказным рэдактарм I — VII зборнікаў «Доўнараўскія чытанні», сябрам рэдакцыі Беларускай гістарычнай энцыклапедыі, сябрам Гомельскага гарадскога краязнаўчага таварыства.
Вось якімі цёплымі словамі ўзгадвае Валянціну Лебедзеву гісторык Вольга Волкава:
Вельмі сумная навіна...
Валянціна Міхайлаўна была вельмі цёплым, радушным, светлым, гасцінным чалавекам.
З ёй можна было пагаварыць і пра гісторыю, бо нас звязвала тэматыка Першай сусветнай вайны, і пра супольны праект, які нажаль, праз столькі год так і не быў рэалізаваны, не па нашай віне, тэксты мы з ёй даўно аддалі, і пра жыццё, і пра дзяцей... Шмат, хто з гісторыкаў быў у яе цудоўным доме ў Гомелі, і мяне яна таксама там ласкава прымала...
Нейкае светлае ёсць у тым, што ў студзені 2022 г. паспела выйсці кніга «На паграніччы эпох і дзяржаў. Старонкі гісторыі Гомеля (1917-1918)», а Валянціна Міхайлаўна парадавалася, атрымала віншаванні, падзякі за сваю шматгадовую, самаадданую працу гісторыка...завяршыла, тое, што хацела...