Памерла вядомая мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн

Пра сыход з жыцця вядомай мастацтвазнаўцы, арт-крытыка, педагога і галерысткі Ларысы Фінкельштэйн паведамілі ў сацсетках яе калегі.


Larysa Finkieĺštejn
Фота: artbelarus.by

«Некалькі гадзін таму нас пакінула Ларыса Давідаўна Фінкельштэйн. Папярэдняя дата развітання чацвер 23 лістапада», — гаворыцца ў паведамленні.

Ларысе Фінкельштэйн было 73 гады.

Яна нарадзілася 13 жніўня 1950 года ў расійскай Іашкар-Але, паходзіла з сям’і адэскіх інжынераў, якія эвакуіраваліся ў час Вялікай Айчыннай вайны. Пазней сям’я пераехала ў Мінск.

У 1968 годзе Ларыса Фінкельштэйн паступіла на нямецкае аддзяленне гістарычнага факультэта КазДУ ў Алма-Аце. У 1969 годзе перавялася ў Мінск, у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які скончыла ў 1973 годзе па спецыяльнасці «Гісторыя. Гісторыя мастацтва».

З цягам часу стала спецыялісткай у галіне сучаснага беларускага мастацтва.

Пачатак прафесійнай дзейнасці (1973 год) супаў з адкрыццём першай выставачнай залы сучаснага мастацтва ў рэспубліцы — «Палаца мастацтваў» — Дырэкцыі выстаў Саюза мастакоў БССР. Працавала там да ліквідацыі Дырэкцыі выстаў у 1991 годзе. У гэтым жа годзе стварыла сваю аўтарскую некамерцыйную канцэптуальную галерэю «Брама».