• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Разумняты»
  • Словы мацней
  • Вандруем разам
  • Афіша
15.04.2022 | Грамадства Асоба Беларусы свету

У Францыі памёр дзеяч беларускай дыяспары Лявон Шыманец

14 красавіка на 85-м годзе жыцця адышоў у лепшы свет найстарэйшы дзеяч беларускай дыяспары ў Францыі Лявон Шыманец. Пра гэта паведамляе на сваёй старонцы ў Facebook даследчыца беларускай эміграцы Наталля Гардзіенка. 


2.jpg

Лявон Шыманец  - прадстаўнік паваеннай эміграцыі, грамадзкі дзеяч, сын Уладзіміра Шыманца, брат старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы.

Лявон Шыманец нарадзіўся 8 траўня 1937 года ў Стоўпцах. У 1944 г. разам з бацькамі пакінуў Беларусь. Спачатку апынуўся ў Даніі, потым у 1948 г. прыбыў у Францыю. Жыў з бацькамі ў Сартрувілі (Sartrouville) пад Парыжам. Скончыў тэхнічную школу ў Парыжы. Працаваў інжынерам у фірме, што вырабляла электроніку для ваенных самалётаў, у 1982 г. стаў кіраўніком аддзелу. Быў сябрам «Хаўрусу» беларусаў у Францыі. Ад 1977 г. — у кіраўніцтве. У 1991 г. быў адным з заснавальнікаў таварыства «Беларусь—Францыя). У 1992–1995 гг. быў кіраўніком створанай у Мінску структуры ЕС — цэнтру па энергасберажэнні».

3.jpg

Успаіны Лявона Шыманца з кнігі «Паваенная эміграцыя: скрыжаванні лёсаў»

Кніга выдадзена ў 2007 г. ў серыі «Бібліятэка Бацькаўшчны» (аўтар — Адзінец Аляксандр, рэдактар — Алег Гардзіенка).

1.jpg

У 1944 г. я, сямігадовы хлапчук, разам з бацькамі Ўладзімерам і Эвелінай ды дзвюма сёстрамі — старэйшай [Ідзецца пра сёньняшнюю старшыню Рады БНР Івонку Сурвіллу] і малодшай [Прадславай Шыманец], якой не было тады й годзіка, — выехаў з Баранавічаў на Захад. Бацька ведаў, што, калі б застаўся ў Беларусі, скончыў бы жыцьцё ў Курапатах або Сібіры. Да прыходу немцаў ён дзевяць месяцаў прасядзеў у савецкай турме. Ён быў арыштаваны ў кастрычніку 1940 г. як вораг народу. Да вайны бацька рабіў галоўным інжынэрам на баранавіцкай электрастанцыі. У жніўні 1941 г. арыштанты трапілі на волю, бо адміністрацыя турмы і ўсе вартаўнікі паразьбягаліся.

У турме з бацькі хацелі зрабіць даносчыка, але ён адмовіўся. Для яго гэта было непрымальна. За нежаданьне супрацоўнічаць тату вырашылі выслаць у ГУЛАГ. Маці пачала пісаць лісты ў Маскву, што нашую сям’ю й выратавала. Высылку адклалі, а тут — вайна.

Падчас вайны мама працавала настаўніцай у пачатковай школе ў Засульлі, дзе бацька быў войтам. Потым бацька выкладаў у Тэхнічнай школе ў Баранавічах. На другім баку вуліцы, на якой жылі мы, немцы арганізавалі гета, загнаўшы туды тры тысячы габрэяў. Я, маленькі хлопчык, на ўласныя вочы праз вакно бачыў, як зьнішчалі людзей. Памятаю кожную хвіліну гэтага жаху, быццам гэта адбывалася ўчора. Усю ноч вывозілі людзей. За дваццаць мэтраў ад мяне, ля калючага дроту, нямецкі салдат застрэліў дырэктара фірмы, якая вырабляла клей.

Усё жыцьцё не магу пазбавіцца жудасных успамінаў вайны. На гарадзкім рынку, куды хадзілі разам з маці, я бачыў павешаных людзей.

Аднак такіх, як мы, што не былі зьвязаныя ані зь немцамі, ані з партызанамі, не чапалі. Пазьней стаўленьне немцаў да насельніцтва зьмянілася, калі Нямеччына трапіла пад налёты амэрыканскіх і ангельскіх самалётаў.

У 1944 г. мы пакінулі Беларусь. Транзытам празь Беласток трапілі ва Ўсходнюю Прусію, пад Кёнігсбэрг. Там прускі граф прапанаваў нам працу на зямлі — работнікаў у Нямеччыне надта бракавала, бо амаль усіх працаздольных мужчын кінулі на агнявыя рубяжы, ратаваць Трэці Райх. Забралі капаць супрацьтанкавыя акопы й майго бацьку. На гэтых працах ён моцна захварэў. На шчасьце, «нашаму» немцу ўдалося неяк выратаваць тату.

Аднойчы Кёнігсбэрг трапіў пад ангельска-амэрыканскую бамбардзіроўку, у выніку якой загінулі 80 тысяч чалавек — за 25–30 кілямэтраў ад гораду, дзе мы знаходзіліся, быў чуваць кожны выбух.

Тым часам Чырвоная Армія ўжо падабралася пад Усходнюю Прусію. Мы мусілі зноў зьбірацца на сустрэчу зь невядомасьцю. Апошнім параплавам за дзесяць дзён да канца вайны пераправіліся ў Данію. Каго толькі на гэтым параплаве не пабачылі — і немцаў, і беларусаў, і параненых савецкіх жаўнераў. Мы нейкім цудам патрапілі ў гэты шпітальны параплаў — мусілі садзіцца ў іншы, якім ехалі жанчыны зь дзецьмі. Як пазьней высьветлілася, яго ўзарвала савецкая падводная лодка.

У Даніі спачатку павезьлі нас у нямецкі лягер для ўцекачоў, дзе я й мая сястра Прадслава моцна захварэлі. Сястра памерла 26 траўня 1945 г. Пахавалі яе каля Капэнгагену. Там і дасюль стаіць камень з надпісам «Прадслава Шыманец — дачка беларускіх уцекачоў». Мяне ж выратавала цудоўная дацкая мэдсястра, калі нас ужо пасялілі ў іншым лягеры. Ужо не нямецкім.

У Даніі мы жылі, як у раі, — чысты, прыгожы, не крануты вайною край пасьля пабачанага агню, дыму, бомбаў, трупаў. Уражваў мясцовы ўзровень жыцьця. Датчане ставіліся да нас надзвычай добра, намагаліся дапамагчы ва ўсіх справах. Пэўны час мы жылі ў шыкоўным гатэлі на беразе мора. Я штодня езьдзіў трамваем у нямецкую школу сьвятога Пятра, а мая сястра Івонка год пражыла ў дацкай сям’і, цудоўна засвоіўшы дацкую мову, хадзіла ў мясцовую школу. Аднак хутка ў Капэнгаген пачалі прыяжджаць «госьці» з СССР, каб лавіць і рэпатрыяваць савецкіх грамадзянаў. Хоць нас гэта не кранала, — мы не былі савецкімі грамадзянамі,— бацька пачаў старацца, каб выратаваць суайчыньнікаў, што паходзілі з Усходняй Беларусі. Таму саветы дабраліся й да нас. На шчасьце, бацька меў добрыя стасункі з дацкім Міністэрствам па іміграцыйных справах. Міністэрства запрапанавала нам некалькі маршрутаў — ЗША, Аўстралія, Аргентына. Бацька згуртаваў у Даніі ўсіх беларусаў, апекаваўся імі. Ён у сваім жыцьці, дарэчы, больш займаўся беларускімі справамі, чым сямейнымі.

У 1947 г. да нас прыехаў прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык, зь якім бацька перапісваўся. Сп. Абрамчык паведаміў дацкім уладам, што ёсьць магчымасьць ехаць у Францыю, дзе патрэбныя работнікі. Былі складзеныя кантракты, і мы разам зь іншымі беларусамі пераехалі ў Францыю. Было гэта ў пачатку красавіка 1948 г.

Пасьля сытай і ўладкаванай Даніі Францыя нагадала нам родную Беларусь. Французы на 20–30 гадоў адставалі ад датчанаў. Мы ўжо мелі добрае адзеньне, з густам апраналіся.

Мы прыехалі на буйную фэрму ў Бургундыю, дзе меркавалася, што будзем працаваць, але гаспадар у працы адмовіў: «Я чакаў чатырох работнікаў, а ў вас двое дзяцей». Паслалі нас у Ліён, а адтуль у Парыж, дзе старшыня Хаўрусу беларускіх работнікаў Лявон Рыдлеўскі памог бацьку знайсьці працу. Мікола Абрамчык таксама прапанаваў бацьку пасаду міністра фінансаў ва Ўрадзе БНР. І вось бацька, з аднаго боку, разам зь Міколам Абрамчыкам, інжынэрам Лявонам Рыдлеўскім, айцом Лявом Гарошкам, мастаком Міхасём Наўмовічам будаваў у Францыі беларускае жыцьцё, на ўласныя грошы друкаваў газэту «За волю» [«За волю: Часопіс Беларускай Вызвольнай Думкі». Выдаваўся ад сакавіка да кастрычніка 1951 г. Адказны рэдактар — Лявон Рыдлеўскі. Выйшла сем нумароў], а, з другога боку, працаваў як просты мэханік, бо францускай мовы ня ведаў.

Спачатку ў Францыі было каля пяцідзесяці беларусаў, потым — сорак, трыццаць, дваццаць. А сёньня я, бадай, адзіны застаўся з той паваеннай хвалі. Ёсьць новыя эмігранты, але беларускім жыцьцём яны не цікавяцца.

Мой бацька, Леў Гарошка й Мікола Абрамчык былі людзьмі, апантанымі нацыянальнай ідэяй, гатовымі для Беларусі на любыя ахвяры. Усе яны бралі ўдзел у міжнародным жыцьці, усюды баранілі інтарэсы Беларусі, аднак вялікіх посьпехаў не дабіліся. Але, прынамсі, хоць бы частка французаў зразумела, што Беларусь — гэта не Расея. Раней пра такую краіну ніхто ня ведаў. Дарэчы, францускія ўлады пабойваліся гарачых беларускіх патрыётаў. Напрыклад, калі ў Парыж зь візытам у 1960 г. прыяжджаў [савецкі лідэр] Хрушчоў, бацьку, мяне й поўны самалёт іншых эмігрантаў зь іншых падсавецкіх краін часова перавезьлі на Корсыку...

4.jpg

У 1952 г. бацька знайшоў пад Парыжам зямлю ды пачаў будаваць уласную хату. Паводле ягоных праектаў будавалі хаты іншыя беларусы. Я жыву ў тым самым бацькавым доме, толькі крыху пашыраным. Я дапамагаў бацьку ў будаўніцтве — і фізычна, і грашыма. Скончыўшы францускую школу, у васямнаццаць гадоў пайшоў працаваць у буйную фірму — трэба было фінансава дапамагаць сям’і. Фірма вырабляе электроніку для ваенных самалётаў: і я, чужынец, працаваў на абаронную прамысловасьць Францыі! Без вышэйшай адукацыі даслужыўся ў 1964 г. да інжынэра, а потым і да загадчыка буйнога аддзелу. Было гэта ў 1982 г.

Айцец Леў Гарошка, які выконваў абавязкі сакратара ў арганізацыі «Хаўрус», і мой бацька памерлі амаль адначасова, улетку 1977 г. Я пераняў функцыі Гарошкі ў «Хаўрусе», і ад таго часу пачалося сапраўднае зацікаўленьне Беларусьсю. Да таго часу быў, так сказаць, прысутным.

Пасьля набыцьця Беларусьсю незалежнасьці ня толькі яе адведваў, але й нават працаваў на Радзіме. Тры гады, ад 1992 да 1995 г., быў дырэктарам энэргацэнтру ў Менску. Закладзены ён быў на грошы Эўразьвязу й аказваў дапамогу маладым постсацыялістычным краінам. Мы бясплатна прэзэнтавалі Беларусі сучасныя тэхналёгіі, праводзілі прафэсійныя кансультацыі, курсы для спэцыялістаў. Я меў кантакты амаль з усімі міністрамі. Зь цягам часу зразумеў, што беларусам усё гэта не патрэбна — тэорыя ў іх на эўрапейскім узроўні. Беларусам патрэбныя грошы.

І ў канцы пра асабістае жыцьцё. З жонкай Мары-Франс выхавалі дзяцей — добра вядомую ў беларускім культурным асяродзьдзі Віржынію, якая здабыла ў Сарбоне дактарат у гісторыі беларускага тэатру, ды Міколу — ён інжынэр па адукацыі. Размаўляць па-беларуску яму ўсё цяжэй, але ўсё разумее, цікавіцца ўсім, што адбываецца ў Беларусі. І я думаю, што гэта галоўнае.

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Краіна

Бацькі Маргарыты Ляўчук на волі

Па папярэдняй інфармацыі, іх ужо паспелі асудзіць за непадпарадкаванне. Вынік — штраф, эквівалентны эквивалентны...

valiancina_shauchenka
Грамадскі сектар

Да 15 гадоў. У чэрвені пройдуць ПЯЦЬ крымінальных працэсаў над журналістамі

У чэрвені пройдуць судовыя працэсы па крымінальных справах супраць шасці супрацоўнікаў медыя, піша прэс-служба Беларускай...

valiancina_shauchenka
Грамадства Адукацыя

Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі

Выхаванне дзяцей — не самая простая задача. Капрызы, істэрыкі — гэта толькі частка праблем, з якімі сутыкаюцца...

valiancina_shauchenka
Грамадства Краіна

Затрыманы журналіст Алесь Любянчук

Яго затрымалі дома ў вёсцы Крывічы, на Іўеўшчыне. Верагодна, адбыўся ператрус. Любянчук пэўны час ужо не займаўся...

Апошнія навіны

    Краіна
    Бацькі Маргарыты Ляўчук на волі
    Грамадскі сектар
    Да 15 гадоў. У чэрвені пройдуць ПЯЦЬ крымінальных працэсаў над журналістамі
    Грамадства Адукацыя
    Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі
    Грамадства Краіна
    Затрыманы журналіст Алесь Любянчук
    Музыка Грамадства
    Затрымалі бацькоў опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук, у былым доме Андрэя Павука – ператрус
    Вандруем разам
    У Полацк — на выхадныя: што паглядзець у самым старажытным беларускім горадзе
    Адукацыя Краіна
    У Мінадукацыі распавялі, што можа замяніць ЦТ
    Літаратура
    Цяпер першыя кніжкі пра Гары Потэра можна бясплатна і легальна прачытаць па-украінску
    Культура Грамадства
    Кроў іншых. Пра вайну разам з Сымонай дэ Бавуар
    Грамадства
    Паўліна Скурко: Мы як сям’я і як народ павінны ператварыць гэтыя пакуты ў нешта вельмі каштоўнае, інакш нельга
    Культура Мастацтва
    «Хочацца папрасіць балерын максімальна падтрымліваць форму»: мастак Аляксандр Бельскі аб цэнзуры «Арт-Менска», забароне кніг Оруэла і Бахарэвіча і «дзюрах і плынях» сістэмы
    Грамадства
    Рэдактарку «Новага Часу» Аксану Колб будуць судзіць 7 чэрвеня
    Грамадства
    Да тэлеграм-каналаў выдавецтва «Янушкевіч» і праекту «Белліт» атрымалі доступ прапагандысты
    Грамадства
    Прызначана дата суда над сацыёлагам Таццянай Вадалажскай
    Грамадства
    Як «выжыць» ва ўмовах міжнароднага хейтынгу. Парады псіхолага

Афіша

  • 27.05 — 26.05

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Анлайн-сустрэча з Аленай Маркавай: «Дзве хвалі беларусізацыі: мова, дзяржава і ідэнтычнасць»

  • 27.05 — 29.05Замкі і сядзібы Беларусі ў акварэлях Марыі Сыракваш у Мінску
  • 27.05 — 15.06Выстава графікі Валерыя Славука ў Мінску
  • 27.05 — 30.05Віртуальная выстава «КАНДРАТ КРАПІВА: да 100-годдзя пачатку творчай дзейнасці»
  • 27.05 — 12.06Выстава Ядвігі Раздзялоўскай у Мінску
  • 27.05 — 29.05Персанальная выстава Дзяніса Барсукова «Ён, Яна, Яны» ў Мінску
  • 27.05 — 28.05Анлайн-фестываль беларускіх фільмаў «Невядомы ўсход»
  • 27.05 — 29.05Выстава «Жывая вада» ў Гомелі

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Мінінфарм Беларусі скардзіцца, што тэлеканал АНТ амаль ніхто не глядзіць
    • Артыстка Кацярына Ваданосава распавяла, што ў яе выявілі рак
    • «Нам варта быць самадастатковымі і шукаць сябе ў сабе». Вера Дзядок пра Нацыянальны мастацкі музей, постакаланіязм і маніпуляванне ідэнтычнасцю
    • Галіна Казіміроўская: «Менавіта тут і цяпер мы адказваем за тое, як будзе існаваць ці не існаваць беларуская культура ў будучыні»
    • У лепшы свет сышоў сузаснавальнік групы «Веласіпедысты», музыкант Дзяніс Кукоўскі
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM