«Партрэт з памяці»: Віслава Шымборска ў вершах і беларускіх перакладах. «Прастора польскай культуры» запрашае на анлайн-вечарыну

1 лютага а 18:00BY/16:00PL у межах праекту «Санаторый пад клепсідрай» на старонцы «Прастора польскай культуры» запрашае на размову і чытанні, прысвечаныя геніяльнай польскай паэтцы Віславе Шымборскай (1923-2012). Час падзеі невыпадковы, бо 1 лютага — дзень памяці нобелеўскай лаўрэаткі, а юбілейны 2023-ці абвешчаны ў Польшчы Годам Шымборскай.


55.jpg

Што зрабіла Віславу Шымборску «Першай Дамай польскай паэзіі» і адной з найлепшых паэтак ХХ стагоддзя?

Чаму толькі трэцюю кнігу вершаў аўтарка палічыла сваім сапраўдным паэтычным дэбютам?

Як у свеце яе лірыкі суіснуюць высокае і нізкае, вечнае і штодзённае, асабістае і ўніверсальнае?

Як памяць служыць інструментам самапазнання і пераасэнсавання свету? Чым вінаваты Ісак і чаму павярнулася Лотава жонка?

Якое месца займаюць сны і «размовы з мёртвымі»?

Чаму служыць і куды вядзе свет прадметаў і рэчаў?

Як «зазямляецца» пафас маральнай праблематыкі?

Якую ролю выконваюць (сама)іронія і гумар?

Як вершы Віславы Шымборскай перакладалася на беларускую мову? (Ад Максіма Танка і Ніны Мацяш да сучасных паэтаў-перакладчыкаў).

Над гэтымі ды іншымі пытаннямі мадэратар сустрэчы Андрэй Хадановіч паразважае разам з перакладчыцай і літаратуразнаўцай Марынай Казлоўскай. Вы таксама пачуеце голас паэткі, яе вершы ў арыгінале і ў беларускіх перакладах.