Славацкі паэт і перакладчык Пэтэр Мілчак ужо амаль дзесяць гадоў звязаны з Беларуссю — выкладае славацкую мову ў БДУ і паралельна ўвесь час ініцыюе славацка-беларускія культурніцкя праекты: запрашае ў Беларусь вядомых славацкіх пісьменнікаў, мастакоў, музыкаў і навукоўцаў, ладзіць выставы беларускіх мастакоў у Славакіі. Мы сустрэліся з ім і з перакладчыцай са славацкай мовы Святланай Богуш у «Зуме» і паразмаўлялі пра Мінск і пустату, беларускіх студэнтаў і адрозненні беларускіх казак ад славацкіх.
— Пэтэр, распавядзі, калі ласка, як ты трапіў у Беларусь.
— Нечакана для сябе. Пэўны час я выкладаў славацкую мову ў канадскім Таронта, а з 2003 года пачаў супрацоўнічаць з Міністэрствам адукацыі Славакіі і чатыры гады працаваў выкладчыкам у Варшаве. Пасля быў невялікі перапынак, і я зноў падаў дакументы на конкурс выкладчыкаў славацкай мовы — меўся паехаць у Заграб, Харватыя.
І тут мне прапанавалі выкладаць славацкую мову ў Мінску. Гэта быў 2010 год, калі ўпершыню ў БДУ адкрылі набор студэнтаў на славакістыку як асобную спецыяльнасць. Я пагадзіўся.
Магчыма, прапанова была звязаная з тым, што я з таго пакалення, якое яшчэ ведае кірыліцу і рускую мову. Але, пэўна, так было наканавана, каб я апынуўся ў Мінску.
Пэтэр на славацкім стэндзе на Міжнароднай кніжнай выставе ў Мінску, 2020 год
— І як табе было напачатку ў Мінску?
— Спачатку ў мяне былі змешаныя пачуцці. Асабліва калі ішоў па галоўным праспекце — быў адначасова ўражаны і здзіўлены, таму, каб прыйсці ў сябе, надзеў навушнікі і запусціў Пола Саймана.
Варшава і Таронта зусім іншыя, і гэта быў для мяне цалкам новы вопыт. Усё было новае. Уразіла, што на галоўнай вуліцы — праспекце Незалежнасці — было вельмі мала людзей. І гэта пустата ўражвала наймацней — ты адзін ідзеш паміж вялізных будынкаў, і толькі сям-там з’яўляюцца крамкі ці рэстараны. Гэта вельмі незвычайна. Цяпер, вядома, усё мяняецца — адчыняюцца рэстарацыі, кавярні, крамы.
Цікава, дарэчы, глядзець на развіццё менталітэту і грамадства Беларусі праз прызму развіцця кавярняў.
Напрыклад, у 2014-м, калі я на два гады з’язджаў у Славакію, я ведаў ледзь не адзіную ў Мінску кавярню еўратыпу. Гэта была «Guru» ў скверыку Міхайлава. Асноўнымі ж у той час былі месцы кшталту чарачных, куды хлопцы заходзілі выпіць кілішак і сысці.
А вось калі вярнуўся ў Мінск у 2016 годзе, кавярняў заходняга тыпу было ўжо шмат, яны пачалі развівацца. Гэта крокі, якія сведчаць пра тое, што Беларусь ідзе ў напрамку Еўрасаюза. Гэта не значыць, што гэта аптымістычны сцэнар, але ў будучыні гэта цалкам рэальна.
— Пэтэр, ведаю, што як выкладчык ты ладзіш сярод студэнтаў БДУ конкурс мастацкага перакладу са славацкай на беларускую мову і ўсяляк заахвочваеш сваіх студэнтаў да вывучэння абедзвюх моў. Як так склалася, што ты так захапіўся беларускай мовай?
— У беларусаў і славакаў ёсць рэч, якая нас аб’ядноўвае. Славацкай мовай цягам доўгіх стагоддзяў не карысталіся як афіцыйнай мовай. Тут ужывалі лацінскую, нямецкую, венгерскую, чэшскую. Але славакі ніколі не ўспрымалі гэтыя мовы як родныя. Наадварот, яны стварылі сваю літаратурную мову і насуперак перашкодам імкнуліся выкарыстоўваць яе ва ўсіх сферах жыцця.
Калі ўзнікла Чэхаславакія, чэхі і славакі суіснавалі ў межах адной дзяржавы і размаўлялі на сваіх мовах. Так, была агульная тэлевізія, шмат перакладной літаратуры выдавалася менавіта па-чэшску. Славакі добра разумелі чэшскую, але нікому не прыйшло б у галаву размаўляць па-чэшску.
Таму для мяне вельмі дзіўная сітуацыя ў Беларусі — як так склалася, што руская мова займае такое дамінантнае становішча? Нічога не маю супраць рускай мовы, але яна павінна існаваць паралельна з беларускай.
Маю такую гісторыю. Нехта мне сказаў, што ў супермаркеце «Еўраопт» касіры размаўляюць па-беларуску. Я спецыяльна туды пайшоў, і касірка да мяне сапраўды звярнулася па-беларуску, але калі ў мяне ўзнікла пытанне, пачала тэлефанаваць да калегі і перайшла на рускую. Калі я запытаўся, чаму так, яна адказала, што ў іх цяпер такі загад — размаўляць з пакупнікамі па-беларуску.
Пэтэр з сям’ёй — жонкай Янай і сынамі Якубам, Юраем і Ёнатанам
— А ты размаўляеш па-беларуску?
— Беларуская мова мне вельмі падабаецца, Святлана не раз прапаноўвала мне дапамагчы з вывучэннем, але я пакуль адмовіўся — каб не было хаосу ў галаве, бо я шмат перакладаю з польскай мовы і не маю таленту паліглота.
Але калі тэкст напісаны беларускай лацінкай — разумею амаль усё. Так было з шыльдачкай на касцёле Святога Роха: на ёй быў надпіс беларускай лацінкай, і ў мяне было ўражанне, што беларуская лацінка вельмі падобная да славацкай. А тыя словы, якія былі мне незразумелыя праз славацкую, я ведаў з польскай.
Мяне часам пытаюцца, чаму анталогія сучаснай славацкай паэзіі «Палеміка з аптымізмам», укладальнікам якой я з’яўляюся, выйшла па-беларуску. А на якой яшчэ мове ёй быць? Калі па-руску — тады яна павінна была выйсці ў Маскве, і гэта натуральна і заканамерна.
Таму пакуль я знаходжуся ў Беларусі, я назіраю за тымі людзьмі, якія прыкладаюць намаганні, каб захаваць беларускую мову. І калі ў мяне ёсць магчымасць таксама яе падтрымаць — я падтрымліваю.
Пэтэр і беларускі мастак Ігар Цішын, славацкі музыка Уладзімір Слнка Шарышскі і славацкі мастак Марэк Ормандзік на адкрыцці выставы Ігара Цішына і Марэка Ормандзіка «Figurman» у Zoya Gallery у Мондры, Славакія
— Колькі часу ты знаходзішся ў Беларусі — столькі займаешся славацка-беларускімі культурніцкімі праектамі. Як так здарылася?
Нягледзячы на тое, што нашы краіны знаходзяцца побач, мы мала ведаем адно пра аднаго, таму я імкнуся быць пасярэднікам, праз якога звязваюцца славацкая і беларускія культуры. Лічу, культурніцкі ўзаемаабмен вельмі важным.
На дадзены момант у мяне атрымалася сабраць кола знаёмых і сяброў з Беларусі і Славакіі — мастакоў, літаратараў, тэатралаў, з якімі разам ладзім культурніцкія праекты.
Напрыклад, з апошняга — я арганізаваў выставы беларускага мастака Ігара Цішына ў Славакіі, яшчэ да каранціну ў віцебскім Арт-цэнтры Марка Шагала праходзіла выстава славацкіх мастакоў. Хацелася б і надалей запрашаць славацкіх мастакоў у Беларусь, а беларускіх — у Славакію.
Таксама з калегам Паўлам Раага мы перакладалі некалькі вершаў Алеся Разанава, са Святланай — Вальжыны Морт, яны ўжо з’явіліся ў славацкім часопісе. Магчыма, у будучыні выйдзе кніга беларускай паэзіі па-славацку. Агулам, планаў шмат.
Пэтэр, беларускія мастакі Вікторыя Крупская, Віктар Нікалаеў і славацкі пісьменнік Пэтэр Юшчак
— Сёлета ў Славакіі ў тваім выдавецтве «Modrý Peter» выйшаў зборнік беларускіх казак па-славацку «Любоў здраду асіліць». Укладальніца кнігі — Святлана Богуш, праілюстравала яе беларуская мастачка Алена Гіль. Якія казкі ўвайшлі ў зборнік? Ці падобныя славацкія і беларускія казкі?
У беларускіх і славацкіх казак шмат агульных рысаў, але ёсць і тое, што адрознівае. Менавіта казкі, у якіх ёсць нешта адметнае, і ўвайшлі ў зборнік.
Для зборніка «Любоў здраду асіліць» мы падабралі чарадзейныя народныя казкі, бо яны паходзяць ад міфаў і таму найбольш старажытныя. Тут звычайна дзейнічаюць чараўнікі, вядзьмаркі, цмокі, героі ў іх выпраўляюцца ў далёкае падарожжа. У гэтых казках ужываецца цэлы шэраг адметных прыёмаў. Адзін з іх — абсалютная прадвызначанасць. У пачатку казкі задаецца нейкая сітуацыя, і пасля яна рэалізуецца.
Напрыклад, у казцы «Каваль» нараджаецца хлопчык з сонцам на ілбе і месяцам на патыліцы. Сонца так свеціць, што маці вымушаная завязаць яго хустачкай. Але абавязкова здарыцца сітуацыя, калі спатрэбіцца яе развязаць.
Другі прыём — карэкцыйны механізм. Калі героя забівае цмок, але ёсць жывая вада, якая можа вярнуць да жыцця. Але калі ў славацкіх казках гэты карэкцыйны механізм запускаецца толькі пасля чыёйсьці смерці, то ў беларускай казцы «Каваль» ён рэалізуецца яшчэ да моманту гібелі (пчолка прыводзіць каваля да крыніцы з жывой вадой, ён п’е яе сам, поіць сваю памочніцу-мышку, набірае ў біклажку, а потым ажыўляе гэтай вадой загінулага каня).
Амаль усе героі ў гераічных беларускіх казках прыходзяць да ворага і самі яго перамагаюць. А ў славацкіх часта герой негераічны. Ён прыходзіць да ворага, але хаваецца. Змагаюцца яго памочнікі. Каб быць пераможцам, яму дастаткова проста прысутнічаць на пэўным месцы.
Таксама ў славацкіх казках дзяўчына не можа быць героем, а вось у беларускай казцы «Не сіла, а смеласць» у цэнтры менавіта смелая гераіня.
Кнігу казак мы рабілі не толькі для дзяцей, але і нават больш для дарослых, бо беларускія казкі адрозніваюцца ад славацкіх і тым, што ў іх захавалася больш жорсткасці, крывавых сюжэтаў, смерці. Але тут рэч хутчэй у тым, што славацкія казкі больш адаптаваныя да дзяцей і ачышчаныя ад «дарослых» сцэнаў гвалту і сэксу.
Ілюстрацыі рабіла беларуская мастачка Алена Гіль. Гэта ўжо другая кніга, якую яна аздабляла для майго выдавецтва.
Святлана Богуш і Пэтэр Мілчак. Прэзентацыя кнігі "Крэўныя браты" ў Віцебскім універсітэце Машэрава, 2019 год
— Твая кніга вершаў у прозе «Крэўныя браты» выйшла па-беларуску ў перакладзе Святланы Богуш. Ці ёсць у гэтым зборніку творы, на якія цябе натхніла Беларусь?
— Кніга «Крэўныя браты» адметная тым, што пісалася 24 гады ў розных краінах. Гэта філасофскі зборнік, таму ў творах няма нейкіх канкрэтных месцаў. Але ёсць адзін верш, які не трапіў у гэту кнігу, «Мінск 2017», ён, натуральна, быў напісаны ў Мінску і пра Мінск.
— Цікава, што тваю кнігу «Крэўныя браты» ілюстраваў твой сын Якуб.
— Так. Якубу трыццаць гадоў, па прафесіі ён мастак. Гэта радасць — працаваць разам з сынам. Шмат хто з выдаўцоў не мае наступнікаў, а ў мяне ёсць шанец, што сын працягне маю справу.
Пэтэр, яго сын Якуб і славацкі мастак Святаполк Мікіта, адкрыццё выставы Сібірская Гарачка ў Арт-цэнтры Марка Шагала ў Віцебску, люты 2020 года
— Як выкладчык з вялікім вопытам скажы, ці падобныя беларускія студэнты да студэнтаў іншых краін?
— Гэта цікавае пытанне, бо беларускія студэнты сапраўды вельмі адрозніваюцца ад іншых. Калі я выкладаў у Канадзе, ад студэнтаў было такое ўражанне, нібыта яны атручаныя жыццём. Ад іх ішла апатыя, і калі яны цікавіліся нечым, то вельмі далёкім ад навучання. Было шмат тых, хто прыехаў па грантах — замежнікаў з Кітая, дзеці эмігрантаў з Польшчы, Расіі.
Беларускія студэнты, наадварот, нагадваюць мне тыя часы, калі я вучыўся сам: яны ўважаюць навучанне за нешта непазбежнае і абавязковае, да чаго яны змушаныя, але ў іх ёсць пачуцце адказнасці. Вядома, усе розныя — з некаторымі вельмі лёгка, некаторыя нібы чакаюць, каб іх прымушалі і падштурхоўвалі .
Пры навучанні я зыходжу з такога пераканання: выпускнікі славацкага аддзялення не павінны быць спецыялістамі толькі ў славацкай лінгвістыцы. Яны павінны ведаць звесткі пра гісторыю, геаграфію, культуру. Калі няма культурнага кантэксту — мова мёртвая.
Я імкнуся матываваць студэнтаў рознымі культурнымі акцыямі і конкурсамі, запрашаю на заняткі славацкіх лектараў, пісьменнікаў, перакладчыкаў, ладжу экскурсіі ў Славакію.
Пэтэр Мілчак — славацкі паэт і перакладчык, заснавальнік славацкага выдавецтва «Modrý Peter», выкладчык БДУ. Аўтар паэтычных зборнікаў «Вупраж перад зімой» , «Падрыхтоўчая лінія 57 / Preparation Line 57», «Брум», кнігі зацемак «Мёртвыя кветкі сярод жывых», укладальнік зборніка славацкай паэзіі па-беларуску «Палеміка з аптымізмам». У Славакіі ў выдавецтве Пэтэра выйшаў зборнік беларускіх народных казак па-славацку «Любоў здраду асіліць». Перакладае з англійскай (М. Суіні, К. Патчэн, А. Ноўлан) і польскай (Ч. Мілаш, З. Герберт, Г. Пасвятоўска, М. Святліцкі, Д. Коман). Жыве ў Левачы (Славакія).
Гутарыла Аляксандра Дварэцкая, budzma.by
Перакладала размову Святлана Богуш
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!