Праз «бясконцыя разбітыя дарогі» яны вярнуліся, нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу

16.01.2025 Гісторыя

Вільня, снежань 2024-га. Стаю ля светла-шэрай сцяны і гляджу на шыльду ўверсе: «На гэтым месцы стаяў дом, у якім жыў у II пал. XIX ст. выдатны беларускі паэт, асветнік і дзеяч культуры Францішак Багушэвіч», піша Мікола Андрэйчык для «Салідарнасці».


Miaža

І не проста жыў, а стварыў тут зборнікі «Дудка беларуская», «Смык беларускі», сфармуляваў асновы нацыянальнай ідэі. Багушэвіч нарадзіўся недалёка ад Вільні і задыхаў на поўныя грудзі пасля таго, як вярнуўся на Радзіму праз 20 гадоў выгнання.

Пры паўстанні ў 1863-м ён удзельнічаў ва ўзброеных сутычках з царскімі войскамі, быў паранены ў нагу — выратавалі сяляне. Каб не патрапіць пад рэпрэсіі, збег на чужбіну, схаваўся ва Украіне.

Šyĺda

Працаваў судовым следчым, ездзіў па ўкраінскіх гарадах. Але як толькі абвесцілі амністыю і з’явілася магчымасць легальна вярнуцца, усё кінуў і ў 1884-м перавёз сям’ю ў Вільню. У адным з сваіх вершаў апісаў, што выратавала забранага з Беларусі ў царскае войска салдата: «Умёр бы то, мусіць, я тут. Каб не жменька той роднай зямлі».

Дзед Калчак здолеў вярнуцца, але яшчэ доўга баяўся выходзіць у людзі. Пра гэта мне распавялі ў Валоках ужо шмат гадоў пасля яго смерці ў 1990-х. Пры другіх немцах ён трапіў на фронт, цудам выжыў. Яго таварышаў у акопе пастралялі зверху, хоць і рукі паднялі. Сашу немцы не забілі, бо рассмяяліся — у яго рост быў метр шэсцьдзесят.

Выжыў у лагеры пры знясіленай працы. У 1944-м даў дзёру. Пад Брэстам пачуў папярэджанне: «Куды бяжыш, дурань? У ГУЛАГ?»

Імчаў на ўсход начамі. Абапал ціснуліся ваўкі: раней беглі ад чалавека, а за вайну прывучыліся есці мёртвых.

Дадому дабраўся, але хаваўся ў людзей на хутары — падалей ад чужых вачэй. Саветы праводзілі для ваеннапалонных «фільтрацыю» — паспрабуй дакажы, што цябе не варта адпраўляць у Сібір. Хату ў Валоках шмат пазней паставіў, у лазню не хадзіў — меў шасцізначны нумар на спіне. Паставіў на ногі трох дзяцей, але нораў да апошніх дзён жыцця меў жорсткі: адсюль і мянушка.

Добра запомніў яго па дзяцінстве, дзед Калчак быў мужам адной з шасці сясцёр маёй бабулі. Тады думалася: усё, што вакол, — яно так і шмат гадоў таму было, і так застанецца шмат пазней. Ды і ў дарослым жыцці яшчэ нейкі час заставалася ілюзія, што ўсё нібыта ідзе сваім чарадом. Пакуль не пачаліся адкрыцці.

Склеп з закаткамі ля нашай хаты ў Валоках выявіўся стогадовым бліндажом. Пры наступленні першых немцаў дзеда майго дзеда і ўсю яго сям’ю выгналі ў бежанства ў Расію на Волгу — ўлады запужвалі, што вёску спаляць калі не немцы, дык казакі: для ворага рыхтавалі выпаленую зямлю.

Шмат гадоў жылі ў Царыцыне, можна было ўжо і заставацца. Але як у пачатку 1920-х дазволілі вяртацца, пабралі тых, хто выжыў, селі на воз і паехалі на захад — так хацелася дадому.

Праз бясконцыя разбітыя дарогі дабраліся да Валок, ужо польскай тэрыторыі, а там усё выпалена, перарыта акопамі — якраз тут фронт паўтары гады стаяў і не рухаўся. Ні хаты, ні сада, ні агарода — замест іх адзін бетонны бліндаж, што застаўся ад немцаў. Жылі ў галечы, спалі ў спадчыне ад немцаў — у сырасці і холадзе. Пасля ўжо пабудавалі і хлеў, і хату, і бліндаж той пад склеп прыстасавалі.

Як бальшавікі прыйшлі, новы страх з’явіўся — як казала мая баба, «каб не адправілі да белых мядзведзяў». Яшчэ раней у БССР геолага Гаўрылу Гарэцкага арыштавалі як «контррэвалюцыянера» і прысудзілі да расстрэлу, але ўсё ж пераправілі прысуд на 10 гадоў і адправілі ў Беламорска-Балтыйскі лагер. Змог выйсці датэрмінова, але ў Беларусь вярнуцца не дазволілі, таму первёз сям’ю на поўнач Расіі. Нават развітацца з маці не пусцілі. Пасля чарговага арышту ў 1938-м другі раз пагражалі растраляць, але нейкім цудам зноў застаўся жывы.

Яго сын Радзім Гарэцкі ўзгадваў: «Нас у Беларусь не пушчалі. Бацьку рэабілітавалі ў 1958 годзе, але толькі праз дзесяць гадоў дазволілі вярнуцца. Яму было ўжо пад 70, стары чалавек, ды яшчэ столькі перажыў».

Але ў Мінску быццам бы паламадзеў, працаваў без стомы. Унёс вялізны ўклад ў развіццё беларускай геалогіі, геаграфіі, археалогіі, фальклору. Дамогся вяртання з забвення імя расстралянага старэйшага брата Максіма. Пашыраў беларускамоўны асяродак і зрабіў яшчэ шмат шмат чаго іншага.

За тры гады да смерці Гаўрылы Гарэцкага ў Мінску пад акрытым небам адкрыўся Музей валуноў (ці «Парк камянёў»), у які па яго ініцыятыве з усёй краіны прывезлі артэфакты, што налічваюць тысячы гадоў беларускай гісторыі.

«Park kamianioŭ»

Мінчанам, асабліва жыхарам Уручча, ён вядомы як выдатнае месца для прагулак. Першы раз пры наведванні парка можа ўзнікнуць пачуццё недагаворанасці і незавершанасці. Усё становіцца на месцы, калі ведаць, якія абрысы музей уяўляе з вышыні птушынага палёту — карты Беларусі.

«Park kamianioŭ»