26 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя ўнікальнага выдання — «Нацыянальнага атласа Беларусі». На гэтай прэзентацыі прысутнічалі таксама супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка і Вераніка Мікалаеўна Курцова, піша Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа.
«Нацыянальны атлас Беларусі» — гэта фундаментальнае навукова-даведачнае выданне, у якім рэпрэзентуюцца разнастайныя навуковыя і інфармацыйныя матэрыялы пра Беларусь: пра геаграфічны ландшафт, яго будову і адметнасці, пра багацце прадстаўнікоў навакольнага свету, пра вынікі сацыяльна-вытворчай дзейнасці беларусаў у розных сферах іх жыцця і побыту, пра гісторыю складвання беларускай дзяржаўнасці і разнастайныя падзеі, якія адбыліся на гэтым шляху.
«Нацыянальны атлас Беларусі» — гэта выданне, якое выходзіць у Беларусі другі раз. Першая публікацыя працы адбылася 22 гады таму. Выданне 2024 г. не з’яўляецца яго простым перавыданнем. У атлас уключана некалькі дзясяткаў новых карт, змяшчаюцца яны фактычна ва ўсіх раздзелах кнігі. Абноўлены варыянт атласа вылучаецца яшчэ адной адметнасцю. Упершыню тут змяшчаецца лінгвістычны раздзел, а не асобныя карты аб моўных асаблівасцях.
Гэты раздзел складаецца з дзвюх частак: навуковага артыкула «Беларуская айканімія» пра назвы населеных пунктаў Беларусі і трох карт, на якіх адлюстраваны адметныя найменні вёсак, якія ўзніклі на беларускай тэрыторыі як вынік асваення новых зямель і пашырэння прасторы пражывання тутэйшага насельніцтва.
Другі блок лінгвістычных матэрыялаў — гэта навуковы артыкул «Беларускія народныя гаворкі як аснова сучаснай літаратурнай мовы і іх групоўка» і адпаведныя карты, прысвечаныя дэманстрацыі вынікаў этнагенетычнай і занальнай групоўкі гаворак. На дзвюх картах «Назвы ягад. Буякі. Дурніцы», «Назвы топкага балота» паказваюцца лексічныя асаблівасці беларускай нацыянальнай мовы.
Асаблівае месца ў раздзеле пра мову беларусаў як асобнага этнасу займае карта «Этнаграфічная карта беларускага племені. Беларускія гаворкі», складзеная акадэмікам Я.Ф. Карскім у 1903 г.
Агульная колькасць карт пра асаблівасці беларускай мовы ў «Нацыянальным атласе Беларусі» невялікая ў параўнанні з матэрыяламі іншых раздзелаў выдання. Але самая галоўнае тут у тым, што гэтыя карты ёсць. І кожны, хто будзе трымаць у руках дыхтоўны выдавецкі фаліянт «Нацыянальны атлас Беларусі», даведаецца і пра вызначальны атрыбут беларускага народа — яго мову.