Драўляныя фартыфікацыйныя збудаванні, выяўленыя падчас раскопак на гарадзішчы на Менцы, не маюць аналагаў ва Усходняй Еўропе. Пра тое, чаму гэта ўнікальны помнік, аналагаў якому няма ні ў Расіі, ні ва Украіне, піша Sputnik.
Фота Віктара Талочкі
У мінулым годзе ў ходзе маштабнага вывучэння летапіснага Менска навукоўцы раскрылі драўляныя клеці з дуба, якія ў Х стагоддзі ўзвялі для абароны горада. У бягучым палявым сезоне канструкцыі разабралі і адправілі на кансервацыю. Гэта ўжо дазволіла зрабіць некалькі сенсацыйных адкрыццяў.
Цяпер у ходзе раскопак перад разабранымі дубовымі клецямі атрымалася выявіць яшчэ адну лінію абароны, пра наяўнасць якой навукоўцы і не здагадваліся.
«Для Х стагоддзя для дадзенай тэрыторыі былі характэрныя абарончыя збудаванні ў выглядзе клецяў, якія тут ужо даследавалі», — расказаў загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Андрэй Вайцяховіч.
Паводле яго слоў, па меры таго, як даследавалася тэрыторыя ад клецяў у бок ракі, была знойдзена яшчэ адна лінія зрубаў, выкананых у класічнай традыцыі з гакамі, якія ўмацоўваюць вонкавую сцяну.
Фота Віктара Талочкі
«Яна не была звязаная з асноўнымі клецямі, але за ёй была адкрытая яшчэ адна лінія бярвення, якія ўмацаваныя гакамі, а кароткія бярвёны, каб іх не ссунулі з месца, змацаваныя драўлянымі штэхелямі», — звярнуў увагу гісторык.
Андрэй Вайцяховіч растлумачыў, што гэта ўжо зусім іншая тэхналогія, адрозная ад традыцыйных клецяў, якая больш характэрная для заходніх славян, а не ўсходніх.
«Гэта ўнікальнае спалучэнне дзвюх розных традыцый узвядзення абарончых збудаванняў. Гэта значыць, што жыхары горада на Менцы былі ў курсе самых сучасных на той момант тэхналогій абарончага дойлідства. Мабыць, у работах бралі ўдзел як мясцовыя майстры, так і прыезджыя, якія і дапамагалі будаваць яшчэ адну лінію абароны», — мяркуе археолаг.
Фота Віктара Талочкі
Пры гэтым ён зрабіў асаблівы акцэнт, што ўпершыню ў гісторыі археалогіі ва Усходняй Еўропе выяўлена такое спалучэнне драўляных канструкцый. «Гэта новая старонка ў гісторыі абарончага дойлідства», — упэўнены Андрэй Вайцяховіч.
«Гэта нацыянальны здабытак, таму што гэта ўнікальны помнік, падобнага якому нідзе няма», — канстатаваў археолаг.
Цяпер і гэтыя драўляныя канструкцыі будуць разабраныя ды адправяцца на кансервацыю ў Гомель, дзе ўжо знаходзяцца клеці з дуба Х стагоддзя.
Фота Віктара Талочкі
Па словах навукоўца, наступнае важнае пытанне — гэта музеефікацыя знаходак. Трэба будзе вырашыць, патрэбны асобны музей ці знаходкі будуць перададзеныя ў дзейны. Магчыма, атрымаецца знайсці рашэнне, якое дазволіць захаваць кампазіцыю вала і фартыфікацыйныя збудаванні вернуць на месца, каб пакінуць гістарычны кантэкст.
«Ніякія вядомыя ў Беларусі драўляныя абарончыя збудаванні па складанасці і па магутнасці з імі несупастаўныя», — падкрэсліў археолаг.
Андрэй Вайцяховіч заўважыў, што ў асноўным гарадзішчы часоў Старажытнай Русі даследаваліся на тэрыторыі сучасных Беларусі, Расіі і Украіны ў 60-70-х гадах мінулага стагоддзя. Тады рабіліся проста разрэзы вала, і ніхто не адкрываў такія вялікія плошчы, як цяпер у Беларусі.
Фота Віктара Талочкі
Чытайце яшчэ:
Магчыма, Мінск нашмат старэйшы, чым мы думаем
На раскопках пад Мінскам знайшлі манету, якой 1250 гадоў