Сустрэча з прадстаўнікамі маладой беларускай прозы, чые дэбютныя кнігі выйшлі ў серыі «Пункт адліку» напрыканцы 2017 – пачатку 2018 гадоў, адбылася 18 лютага ў літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Усе маладыя аўтары — выпускнікі другога курса Школы маладога пісьменніка пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў.
Кнігі-дэбютанткі: аповесці “Ген зямлі” Аліны Длатоўскай і “Русалкі клічуць” Зараславы Камінскай, кнігі кароткай прозы: “Каханні” Ніны Лістоты, “Переведи меня” Веры Філенка і “Они” Сяргея Шаматульскага.
Таксама ў размове ўзялі ўдзел выкладчыцы Школы Наталля Паваляева і Ганна Бутырчык, старшыня СБП Барыс Пятровіч. Мадэравалі сустрэчу куратаркі Школы маладога пісьменніка Алена Казлова і Юлія Цімафеева. Менавіта яны і задалі тон: ніякіх выхадаў па чарзе і нудных чытанняў урыўкаў з кніг, але выказванне ўласных думак па розных літаратурных і жыццёвых пытаннях, дыскусія і, паміж размовай — зачытванне ўрыўкаў з уласных твораў.
Перад пачаткам размовы выступіў старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч. Ён павіншаваў аўтараў з уваходжаннем у вялікую беларускую літаратуру, а таксама пажадаў усім поспехаў у далейшым літаратурным жыцці.
Падчас сустрэчы бралі слова і выкладчыцы Школы. Ганна Бутырчык заўважыла, што даравальная нядзеля (а менавіта яна і была ўчора) – добры момант, каб папрасіць даравання за свае занадта моцныя прыдзіркі да сапраўды любімых аўтарак, якія і так зрабілі немагчымае – напісалі кнігі за год. Наталля Паваляева ў сваю чаргу зазначыла, што на ўласныя вочы бачыць здзяйсненне мар сапраўдных пісьменнікаў: вынікі духоўнай дзейнасці і няпростай працы сталіся папяровымі кнігамі.
Цяпер жа прадстаўляем вам найбольш цікавыя моманты сустрэчы.
Пытанне пра любімых аўтараў
Зараслава Камінская адзначыла У. Караткевіча (ён пабіў усе рэйтынгі, бо апынуўся любімым аўтарам ва ўсіх), У. Арлова (таксама не раз узгадваўся), В. Марціновіча, М. Булгакава і М. Этвуд; Ніна Лістота – Я. Баршчэўскага і Э. Хемінгуэя; Аліна Длатоўская – У. Арлова, Л. Дайнеку, М. Булгакава, Р. Брэдберы. Цікава — пачынаючы адказваць, аўтаркі раздзялілі любімых літаратараў на беларускіх і небеларускіх.
“Мне кажется, это странно: наши — не наши”, — перарваў ланцужок узгадванняў Сяргей Шаматульскі, і калі да яго дайшла чарга, выдзяліў сярод любімых пісьменніц Л. Петрушэўскую і М. Сцяпанаву. Вера Філенка адзначыла, што на яе светаўспрыяцце паўплывалі Ю. Алеша, У. Набокаў, А. Чэхаў, з сучасных аўтараў — Т. Заміроўская і Г. Ліхтыкман.
У сувязі з тым, што Караткевіча ўзгадалі ўсе, наступнае пытанне было адрасавана Зараславе Камінскай — пра ролю пісьменніка ў яе творы.
Зараслава распавяла, што ўплыў можна пабачыць, пачынаючы з першых радкоў – калі з’яўляецца персанаж Алеся Загорскага. Але самая выразная праекцыя – здані, якія з’яўляюцца і цкуюць дзяўчыну: “Я наўмысна рабіла так, каб гэта было невядома — гэта ці то зданні, ці то людзі. Я пісала пра людзей, – адзначыла аўтарка. – Але апынулася, што чытачы бачаць здані і містыку. Выяўляецца, ім хацелася, каб “Дзікае паляванне караля Стаха” было прывідным, і зараз яны робяць такі выбар, чытаючы “Русалак”.
Дарэчы, каб напісаць пра Алену Кіш, Зараслава шмат інфармацыі шукала праз гугл, хадзіла ў бібліятэкі, глядзела фільм “Маляваны рай” Галіны Адамовіч, з’ездзіла ў Грозава, замовіла на Amazon “Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва” , у якой узгадваецца беларуская мастачка.
Наступнае пытанне было адрасавана Аліне Длатоўскай, і базавалася яно на рэцэнзіі на кнігу “Ген зямлі” літаратурнага крытыка Насты Грышчук. Аўтарка не прэтэндуе на элітарнасць?
Аліна адказала, што не прэтэндуе. “Я гэтага не саромеюся і не бачу тут нічога дрэннага. Калі я была маленькая і пачынала размаўляць па-беларуску ў восьмым класе, мне бракавала беларускамоўнага падлеткавага масліту пра нейкія падлеткавыя каханькі, загоны, а па-руску мне чытаць не хацелася. Вось на такое кола чытачоў я і прэтэндую”.
Далейшым пунктам размовы стала тэма вайны ў некаторых творах Веры Філенка і Сяргея Шаматульскага.
Вера: “На самом деле — это не совсем война, это, скорее, мир такого Апокалипсиса. Главные герои — подростки, которые сталкиваются с еще не известным для себя миром.Старого мира уже не существует, и они просто зависают в между двумя мирами: не война, не мир, и стараются найти себя”.
Сяргей: “У меня очевидно, какая это война – Вторая мировая. Не то, чтобы я думаю о войне. Все люди, о которых я пишу — они так или иначе обижены немножко. Формат обиды может быть разным, но главное — тебя обидели. Это о боли. Все, что есть о войне — происходит не на фронте, а в тылу. Я вырос на историях тыла, это очень такое сильное семейное ощущение. Возможно, если бы кто-нибудь из моих родственников был на фронте — я бы написал про фронт”.
Адрасавалі пытанне і Ніне Лістоце. У адным з водгукаў на яе кнігу было зазначана, што героі – рэальныя людзі, хаця імёны і зменены. Ці выдасць аўтарка герояў, калі ў яе запытацца?
Ніна: “Гісторыі рэальныя, мне было цікава даследаваць лёсы людзей, свет рэальных сем’яў. Але паколькі гэта жывыя людзі — не кожны захоча, каб пра яго жыццё распавялі, яшчэ і з прозвішчамі. Большасць гісторый я дасылала на вычытку героям. Было два варянты — або яны згаджаліся і пакідалі рэальныя імёны, альбо не”. Але аўтарка распавяла, што пару гісторый на зверку яна не дасылала: гісторыі даўнія, удзельнікаў усё адно ніхто не ведае, да ўсяго яна змяніла некаторыя дэталі.
Было пытанне і асабіста да Веры Філенка: чаму некаторыя са сказаў яе твораў пачынаюцца з маленькай літары.
Вера ўзгадала пра звычку часоў Жывога Журнала, але і прызналася, што часам пакідае такія граматычныя формы цалкам свядома: “Для меня в таком написании есть какая-то очень понятная и ощутимая динамика. Я понимаю, что, скорее всего, это не считывается, но я-то знаю: когда я засовываю руку в карман — у меня там красивая красная подкладка. С текстами примерно такая же история”.
Пра ролю Школы ў напісанні кніг аўтары выказаліся станоўча і пазначылі наступныя моманты:
– наяўнасць дэдлайнаў (адсюль – пастаяннае выдаткоўванне часу на напісанне твораў);
– праца з выкладчыцамі і ў групах (асабліва важны момант – тэкст чытаюць адразу некалькі людзей);
– пастаянная зваротная сувязь;
– добраахвотна прымушальны парадак заданняў;
– наяўнасць чалавека-аўтарытэта (ролю выконвалі выкладчыцы-ментары);
– разуменне каштоўнасці тэкстаў, якія ствараюцца, бо іх чытае і каментуе выкладчыца – чалавек, які добра разбіраецца ў літаратуры;
На пытанне пра тое, як аўтары адпускаюць кнігу, кожны адказаў па-рознаму.
Зараслава Камінская распавяла, што для яе самым галоўным вынікам сталі водгукі кшталту “дзякуй, я пагугліў (ла), хто такая Алена Кіш”, Ніна Лістота адзначыла, што крытычныя выказванні ў бок яе твораў яе не засмучаюць, бо яна і так ведае пра слабыя бакі кнігі, Аліна Длатоўская пасля прэзентацыі кнігі ў сваім універсітэце і заўвагі настаўніцы беларускай літаратуры, што вучні не могуць набыць кнігі ў кнігарнях, бо яны скончыліся, вельмі чакала водгукаў у СМІ, якія, нарэшце, пачалі з’яўляцца.
Сяргей Шаматульскі і Вера Філенка параўналі выхад кнігі з адчуваннем Новага года і першага студзеня – спусташэння і невядомасці. Таксама Вера распавяла, як у ёй прачнуўся купецкі азарт, і яна нават гуляла ў “таемнага пакупніка” – хадзіла па кніжных крамах і пыталася, ці набываюць там “Шаматульскага і Філенка”. Адна з прадавачак, сама таго не ведаючы, дала адваротную сувязь, калі заўважыла: “Филенко — очень мрачненько”. Вядома, усе чакаюць на новыя рэцэнзіі і водгукі.
Што трэба зрабіць, каб беларуская літаратура стала бліжэй да людзей?
Прапановы былі розныя. Ніна Лістота адзначыла, што трэба часцей пакідаць звыклыя літаратурныя колы, і распавяла пра свой вопыт наведвання вечара сустрэчы выпускнікоў у сваёй школе, на які яна ўзяла колькі кніг на падарункі настаўнікам. Па выніку, большасць кніг разышлася сярод выпускнікоў колішняга фізмату – цяперашніх айцішнікаў.
Зараслава Камінская як чалавек, якая працуе ў сферы піяру, зазначыла, што ў сучасным свеце патрэбны добры бюджэт на добрую рэкламу, бо літаратура, не толькі беларуская, канкуруе з усімі разнастайнымі спосабамі сябе заняць: фільмамі, серыяламі, музыкай і інш.
Сяргей Шаматульскі заўважыў, што трэба адразу вызначацца, што пісаць – прадукт для продажу на модную тэму ці шчырыя творы, але і пагадзіўся, што добрая рэклама важная: “Люди понимают, что есть много хороших книг, но не понимают, почему их нужно читать, тратить средства и время. Им не хочется играть в рулетку. Лучше купить проверенную и разрекламированную российскими каналами книгу”.
Вера Філенка, якая таксама працуе ў сферы піяру, у сваю чаргу заўважыла, што заўсёды будзе розніца паміж творчасцю і камерцыяй, бо творчасць – заўсёды элітарная, яе складана прадаваць – яна ствараецца па іншых законах. “Если говорить о массовом внедрении, я думаю, нужно что-то делать со школьной программой беллита. Эт ощущение затхлости и обязаловки, которое насаждается в школе — травма нескольких поколений. Просто взять и сказать “Беллит – гэта сэкс” недостаточно. Нужно проводит большую работу, чтобы выросло новое поколение, которое будет интересоваться беллитом в независимости от языка, на котором он написан”.
Школа маладога пісьменніка дзейнічае пры СБП з 2012 года, тут адвучылася ўжо каля 80 чалавек. На дадзены момант Школа працуе з аўтарамі, якія хочуць пісаць менавіта прозу. Набор у Школу звычайна адбываецца ў жніўні-верасні. З 2015 года пры Школе адкрыўся другі курс. Аўтары-ўдзельнікі сустрэчы – першы выпуск другога курса.
Выкладаюць у школе літаратуразнаўца, загадчыца кафедры замежнай літаратуры БДУ, кандыдат філалагічных навук Ганна Бутырчык, празаік, выкладчыца кафедры замежнай літаратуры БДУ, кандыдат філалагічных навук Наталля Паваляева, празаік, паэтка, літаратурны крытык, журналістка Людміла Рублеўская.
Тэкст: Аляксандра Дварэцкая, фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org