Уявіце, што вы трапілі на пастаноўку, якая вам жахліва не падабаецца. Што рабіць? Адны лічаць, што сыходзіць нельга ні ў якім выпадку. Маўляў, вы проста не зразумелі спектакль. Ды і акцёраў трэба паважаць. Яны ж стараюцца для вас! Іншыя разважаюць катэгарычна: за квіток заплачаныя грошы. Калі не падабаецца, навошта марнаваць час?
Пры наведванні тэатраў асабіста я карыстаюся некалькімі прынцыпамі. Калі можаш глядзець – глядзі. Калі незразумела – глядзі абавязкова. Калі ёсць надзея, што другая дзея будзе цікавейшая за першую, заставайся. Сыходзь толькі тады, калі сітуацыя безнадзейная. І калі ўжо наважваешся сысці, патрывай да антракту. Зразумела, калі трэба пісаць рэцэнзію, ты вымушаны заставацца да фіналу.
Што разумець пад азначэннем “безнадзейная сітуацыя” ў дачыненні да тэатра? Прапаную пяць выпадкаў, калі трэба сыходзіць без ваганняў.
Кожны разумее слова “камедыя” па-свойму (для Чэхава ягоная “Чайка” таксама была камедыяй). Але калі ў беларускіх тэатрах ставіцца спектакль у такім жанры, усе разумеюць: гледачам павінна быць смешна. Але ці можна дагадзіць усім?
Нядаўна ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбылася прэм’ера спектакля “Фінт-круазэ”, які складаўся з дзвюх аднаактовых п’ес. У першай дзеі паказвалі камедыю Дзмітрыя Багаслаўскага “Перапіс насельніцтва”. Відавочцы расказвалі, што на прэм’еры зала літаральна скаланалася ад рогату. А вось “на здачы” панавала ледзь не магільная цішыня.
Чаму шыкоўны, сапраўды гумарыстычны тэкст выклікаў супрацьлеглыя рэакцыі? На прэм’еры спектакль глядзеў шараговы глядач. “На здачы” – прафесіяналы (рэжысёры, акцёры, крытыкі), якіх не натхніла рэжысура. Напрыклад, калі са сцэны гучаў жарт, я ўсведамляў, што гэта смешна. Але ад таго, што я бачыў на сцэне, смяяцца не хацелася. Тэкст і яго сцэнічная інтэрпрэтацыя не сыходзіліся.
У такім выпадку кожны вызначае для сябе крытэр гумару і яго інтэрпрэтацыі. Калі яны супярэчаць вашаму густу, не псуйце настрой сабе і іншым гледачам.
У адрозненне ад камедыі, драма дае падставу пагутарыць з гледачом пра сур’ёзныя праблемы. Таму вельмі важна верыць акцёрам, якія ўвасабляюць на сцэне таго ці іншага героя.
Некалькі гадоў таму ў Рускім тэатры паставілі спектакль “Загадкавы візіт” (паводле п’есы Фрыдрыха Дзюрэнмата “Візіт старой дамы”). Нагадаю, згодна з сюжэтам, Клару Цаханасьян кінуў у маладосці жаніх, праз што яна, цяжарная, была вымушаная стаць прастытуткай. Праз гады Клара вяртаецца ў горад мульціміліянеркай і прапануе гараджанам мільярд даляраў у абмен на жыццё былога каханка.
Пастаноўка Барыса Луцэнкі атрымалася шыкоўнай і наватарскай. Акрамя фінальнай сцэны. У ёй актрыса Бела Масумян, якая выконвала галоўную ролю, прамаўляе высокі маналог пра неўміручае пачуццё і будучае яднанне з былым жаніхом на востраве вечнага кахання. Атрымалася пафасна і ненатуральна.
Уражанне ад спектакля не знікла. Але прымусіла задумацца: а што было б, калі б героі ўзялі такую танальнасць з першых сцэн? Калі іншыя гледачы перажываюць катарсіс, а вас цягне на вольнае паветра, не трэба сябе стрымліваць.
Тэатральная маладосць – вялікае шчасце. Гаворка не пра ўзрост канкрэтнай асобы, а пра час, калі чалавек пачынае стала наведваць тэатр. Для яго ўсё новае і ледзь не кожны спектакль выклікае захапленне. А паколькі большасць мінчан ходзіць у тэатр рэдка, цяжка адшукаць больш удзячную аўдыторыю.
Але з цягам часу асобныя гледачы ўсё-такі пачынаюць развівацца. Адзін з крытэраў – магчымасць параўноўваць пастаноўкі аднаго і таго ж твора. Але ў Мінску такіх прыкладаў усяго тры. У Оперным і Музычным паказваюцца балеты “Шчаўкунок” (кожны з іх па-свойму слабы). У Лялечным і Тэатры “Ч” ідуць “Дзяды” (абодва моцныя). А вось “Пігмаліён” Тэатра-студыі кінаакцёра нашмат лепшы за свайго цёзку, які ідзе ў Рускім тэатры.
Сярод маіх знаёмых аматараў тэатра ёсць людзі, якія будуць сядзець да фіналу нават на самым сумным спектаклі. Бо ім цікава ведаць, чым скончыцца. Уявіце, што ў вас перад вачыма ёсць больш удалая версія той ці іншай п’есы. Што здарыцца з героямі, вы ведаеце. Дык навошта пакутаваць?
Часам дастаткова адной дэталі, каб развярнуцца і сысці ў першыя ж хвіліны спектакля. Адна з іх сустракаецца ў пастаноўках для дзяцей. Замест таго каб прымушаць юную аўдыторыю думаць, рэжысёры часам ператвараюць свае пастаноўкі ў дзіцячыя ранішнікі. Галоўная прыкмета наступная: у самы адказны момант дзеі адзін з акцёраў абавязкова спытае ў маленькіх гледачоў: “А герой добры ці дрэнны? Ён пабег налева або направа?” Іншае пытанне, што калі гэта падабаецца вашым дзецям (або, што яшчэ горш, і жонцы) вы нікуды не здолееце ўцячы.
А калі вы звернеце ўвагу жонкі на іншую дэталь, дык можаце знайсці ў яе асобе саюзніка і сысці разам. Гаворка пра сцэнаграфію. У асобных правінцыйных мастакоў (гаворка пра мысленне, а не пра месца працы) ёсць мода выкарыстоўваць у якасці “задніка” драпіроўкі з тканіны. І тады сцэнаграфія нагадвае аздобы з правінцыйных дамоў культуры, у якіх даўно не было рамонту.
Сучасны тэатр далёка адышоў ад вузкіх межаў пэўнага жанру або віду мастацтва. У асобных лялечных спектаклях, якія ставіць Аляксей Ляляўскі (напрыклад, “Шоўк” або “Ладдзя Роспачы”) можа амаль не быць лялек. А ў спектаклях польскага рэжысёра Кшыштафа Гарбачэўскага выкарыстоўваецца тэлекамера (адна з такіх пастановак, “Партрэты польскіх каралёў” ужо паказвалася ў Брэсце, другая, “Івона, прынцэса Бургундская” неўзабаве прыедзе ў Мінск). Нават калі такія эксперыменты выклікаюць здзіўленне, да іх варта прызвычайвацца. Бо за імі будучыня сусветнага тэатра.
Але важна, што ва ўсіх выпадках гаворка ідзе пра мастацтва элітарнае. Іншая сітуацыя, калі тэатральную прастору займае масавая культура. Тыповы прыклад – мюзікл “Блакітная камея” ў Музычным тэатры. Спектакль, у якім ёсць месца шансону, вальсу і хіп-хопу. Выкарыстанню фанаграмы. Існаванню “блакітных” герояў. Выкананню нумароў на “біс”.
Зразумела, тэатральная “папса” мае права на існаванне. Але толькі ў выглядзе таннай антрэпрызы. Набываючы на яе квіткі, гледачы ведаюць, куды ідуць. Таму калі ў рэпертуарным тэатры адзін з герояў звернецца да другога са словамі “Какой протииивный!” – можна адразу рушыць у бок гардэроба.
Дзяніс Марціновіч