У лютым 2017 года Беларусь спрасціла візавы рэжым для грамадзян 80 краін. Цяпер замежнікі могуць наведваць нашу краіну без віз цягам 5 дзён. Але што яны ведаюць пра Беларусь, якая для многіх усё яшчэ застаецца terra incognita? На вялікі жаль, у сеціве па беларускай тэматыцы сустракаецца збольшага негатыўная інфармацыя. Як выправіць сітуацыю?
Пазнаёміць замежнікаў з нашай краінай прапануюць аўтары сайта Ведай.by, які працуе з 2014 года і мае на мэце стварэнне пазітыўнага вобразу Беларусі ў свеце. Калі казаць каротка, гэты сайт прысвечаны культурна-гістарычнай спадчыне Беларусі, а таксама цікавым турыстычным месцам. Ён рэгулярна напаўняецца ўнікальным кантэнтам: фота, відэа і тэкставымі матэрыяламі.
Стваральнікі сайта так характарызуюць свой праект:
“Ведай.by — гэта праект, прысвечаны архітэктуры і культуры Беларусі, створаны для таго каб сабраць, сістэматызаваць і даць шырокі доступ да інфармацыі аб архітэктуры і культуры Беларусі на розных мовах, каб пра нашу краіну, яе прыгажосць і багатую гістарычную спадчыну маглі даведацца не толькі Беларусы, але і жыхары іншых краін.
Таксама наш сайт можа быць вельмі цікавы і карысны як турыстычны анлайн-гід па Беларусі, як своеасаблівы даведнік па краіне. Усе людзі, якія цікавяцца Беларуссю і яе архітэктурнай, культурнай і духоўнай спадчынай, цяпер заўсёды змогуць даведацца, куды яшчэ можна з’ездзіць і што яшчэ ўбачыць на прасторах нашай цудоўнай Радзімы. Беларусы змогуць нанова адкрыць для сябе сваю родную краіну, бо мы ўпэўненыя, што большасць з вас, дарагія чытачы, не ведалі пра існаванне і дзясятай часткі помнікаў, якія захоўвае ў сабе Беларусь.
Аўтары праекта на працягу многіх гадоў асабіста наведалі больш за 1000 гарадоў, вёсак і іншых аб’ектаў у Беларусі і сабралі для чытачоў столькі цікавай інфармацыі пра Беларусь, колькі змаглі, цяпер мы ствараем для вас гэты сайт, будзем радыя прадставіць усю гэтую інфармацыю чытачу і спадзяемся, што вам будзе цікава на нашым рэсурсе”.
Паколькі сайт робіцца энтузіястамі, для ажыццяўлення прафесійнага перакладу яго на некалькі моў патрэбная дапамога. З гэтай мэтай на краўдфандынгавай пляцоўцы Ulej.by была запушчаная кампанія, далучыцца да якой можа любы неабыякавы.
Зробім разам нашую краіну пазнавальнай у свеце!