У мерапрыемстве прымуць удзел Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Тацяна Вадалажская, Сяргей Дубавец, Ірына Дубянецкая, Мікола Матрунчык, Генадзь Сагановіч, Сяржук Сокалаў-Воюш ды іншыя.
Алесь Разанаў быў першым публічным прамоўцам Беларускага Калегіюму, на чыё ўрачыстае адкрыццё ён адмыслова напісаў і прачытаў свой славуты тэкст «Слова пра спадчыну». І кожны новы этап у развіцці Калегіюму нязменна пачынаўся з гутарак з Алесем Разанавым. Апошняя з іх адбылася на пачатку 2020 году, яшчэ ў жывым фармаце. А зумаўскі працяг зладзіць планавалі, ды не паспелі... Цяпер гутаркі і тэксты могуць быць ужо толькі пра яго.
Мы будзем асэнсоўваць маштаб постаці і творчасці Разанава відаць столькі, колькі будзе Беларусь мысліць, і кожная эпоха будзе мець свайго Разанава, кожнае пакаленне будзе адкрываць яго для сябе ды наноў прачытваць, а ён будзе заставацца «ўперадзе на ўзмах крыла заўсёды». А пакуль ён зусім жывы ў нашай памяці, мы будзем гаварыць і пісаць пра яго, пра велізарную велічыню, з якой нам давялося сустрэцца і ў судатыкненні з якой мы кшталтавалі сябе. 28-га кастрычніка ў літаратурна-філасофскай кавярні ЗНО — названай акурат Разанаўскім словам — адбудзецца першая з такіх спроб прагаварыць «свайго Разанава», згадаць важнае, узгадаць раней напісанае, прачытаць з ягоных тэкстаў самае любімае.