4 жніўня пахаваюць памерлага ад каранавірусу мастака, ліквідатара аварыі на ЧАЭС Лявона Грышука

04.08.2020 Асоба

Разьвітаньне з мастаком, сябрам суполкі «Пагоні» Лявонам Грышуком адбудзецца 4 жніўня а 15.30 на Чыжоўскіх могілках у Менску. Ён памёр ад каранавіруснай інфэкцыі, пацьвердзіла ягоная жонка — піша Свабода.

E12E9C00-86F9-4B49-863C-506C0144F073_cx0_cy8_cw0_w1023_r1_s.jpg

Лявону Грышуку стала кепска ў сярэдзіне ліпеня, яго паклалі ў 6-ю менскую клінічную лякарню. Практычна ад пачатку ён знаходзіўся на апараце вэнтыляцыі лёгкіх, апошнім часам яго ўвялі ў штучную кому. 2 жніўня сэрца ня вытрымала. Налета ён мог адзначыць 70-гадовы юбілей.

Раней у інтэрвію Свабодзе Лявон Грышук расказваў, што даліся ў знакі наступствы працы ліквідатарам Чарнобыльскай аварыі. Выскоквалі пухліны на руках і нагах, іх выдалялі, але тыя зьяўляліся зноў. Пачаліся праблемы з сэрцам, сасудамі, выразалі жаўцяк. Але ён працягваў пісаць, ладзіў пэрсанальныя выставы.

Лявон Грышук нарадзіўся 2 траўня 1951 году ў вёсцы Глінкі на Меншчыне. Скончыў дзіцячую мастацкую студыю Каткова, рэспубліканскую мастацкую школу, Менскую мастацкую вучэльню імя Глебава.

Служыў у савецкім войску, пасьля аварыі на ЧАЭС быў прызваны на зборы, скідваў радыяактыўны графіт з даху рэактара. У 1986 годзе ўзнагароджаны мэдалём за ўдзел у ліквідацыі аварыі. Тэма тэхнагеннай катастрофы стала адной са скразных у ягонай творчасьці.

Сябра Саюзу мастакоў Беларусі і суполкі «Пагоня». Удзельнік нацыянальных і міжнародных выставаў. Ягоныя  працы знаходзяцца ў музэях краіны, прыватных калекцыях у Беларусі і за яе межамі.