«Самае страшнае. І што мы маем на сёння?»

Новым мастацкім кіраўніком тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску стаў расеец. «Салідарнасць» паглядзела, як часта апошнія пяць гадоў улады ладзяць ратацыі ў культурніцкай сферы і чаго гэтым дамагліся.

Нядаўняе прызначэнне мастацкім кіраўніком тэатра імя Янкі Купалы расейскага рэжысёра Дзмітрыя Акімава стала, па сутнасці, апошнім цвіком у крышку труны ўстановы. Як змрочна жартуюць у творчым асяродку, цяпер кіраўніцтва і большасць трупы нацыянальнага (sic!) тэатру аднолькава не ведаюць беларускай мовы.

Teatr imia Janki Kupaly ŭ Minsku
Архіўнае фота. Мінск, 2025

Рэжым Лукашэнкі не прабачыў купалаўцам ані падтрымкі пратэсту супраць гвалту і масавага звальнення, ані спробы зладзіць Венскі баль ды іншых праяваў творчай самастойнасці. І таму — ганьбіў, душыў, выхалошчваў усякую праяву нелаяльнасці.

Сёння ад былога Купалаўскага застаўся гістарычны будынак, некалькі актораў і праграмная, а мо ўжо дэкаратыўная, «Паўлінка». І шэраг расейскіх пастановак.

Аднак самае страшнае, што такі самы каток з большым ці меншым градусам ціску прайшоўся фактычна па ўсіх культурніцкіх установах. І што мы маем на сёння?

Па кім звініць трэці званок

  • Яшчэ адзін расеец узначаліў у 2025 годзе Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў — прадзюсар Сяргей Кавалёў. Яму даручылі забяспечыць «новы подых» НЦСМ, але пакуль што чымьсці прарыўным кіраўнік не адзначыўся.
  • У Вялікі тэатр Беларусі летась таксама прыйшоў мастацкі кіраўнік-расеец — Арцём Макараў з Башкартастана. Пры ім у рэпертуары засталіся толькі дзве пастаноўкі беларускіх творцаў: балет Яўгена Глебава «Маленькі прынц» і опера «Дзікае паляванне караля Стаха».
  • Пры дырэктарцы Кацярыне Дулавай (кіруе тэатрам з 2022 года) не толькі ўзмацніліся рэпрэсіі, але таксама тэатр часта трапляе ў скандалы: то абвінавачанні ў плагіяце, то планы гастраляваць у акупаваным Крыме, то неўтаймаваны фоташоп здымкаў кіраўнічкі і ўсіх артыстаў, у стылі прэс-службы правіцеля.
  • Пасля 2020 года змяніліся кіраўнікі фактычна ва ўсіх сталічных тэатрах, ад РТБД да Тэатра беларускай арміі. Зрэшты, аналагічная гісторыя адбылася ў рэгіёнах: у мясцовых тэатрах з’явіліся новыя дырэктары і худрукі.

Захавалі свае пасады лічаныя адзінкі — як дырэктар Моладзевага тэатра эстрады, дэпутат і дэлегат УНС (проста чалавек-аркестр) Сяргей Мядзведзеў, альбо шматгадовая дырэктарка Гродзенскага лялечнага тэатра Марыя Шабашова.

Пры гэтым, як было слушна заўважана ў рэгулярным аглядзе Беларускай Рады культуры, ніводны з новых прызначэнцаў не прывёў свой калектыў да росквіту: «Калі пры іх сітуацыя не пагоршылася, гэта ўспрымаецца як пазітыў».

Кіна не будзе

Кінастудыя «Беларусьфільм», якая чамусьці дагэтуль захавала прыстаўку «нацыянальная», хоць абслугоўвае выключна ідэалагічныя інтарэсы ўлады, наогул нагадвае прахадны двор.

Былога мінкультаўскага чыноўніка Уладзіміра Карачэўскага памянялі на Юрыя Аляксея (2023), а таго — на Дзмітрыя Сямёнава (2025). Дзе вынікі і блокбастары, якіх упарта патрабуе правіцель, дзе, у рэшце рэшт, проста добрае кіно для беларускіх гледачоў? Адказ напрошваецца непрыстойны.

Затое яны па чарзе «ачысцілі» студыю ад «варожых элементаў» і выпусцілі некалькі ідэалагічна-правільных стужак (каб растлумачыць народу «дзяржаўныя сэнсы»). А прапагандысцкімі зрабілі нават мультфільмы — дасягненне, аднак.

Afiša
Архіўнае фота. Мінск, 2024

Памяць пад кантролем

Каток прайшоўся фактычна па ўсіх вядучых беларускіх музеях. Адным з першых «пад раздачу» трапіў Нацыянальны гістарычны, супрацоўнікі якога ў 2020-м спрабавалі зладзіць забастоўку.

Былога ж кіраўніка Паўла Сапоцьку ўлады за гэта не пакаралі, а паставілі на новую кіроўчую пасаду (па чутках, ён нават папрасіў аб звальненні сам) — і сёння ён узначальвае філіял музей сучаснай гісторыі ў Расіі.

А на яго месцы — руліць Аляксандр Храмы, які рыхтуецца пераехаць у 2027 годзе ў новы будынак і адкрыць новую экспазіцыю, пра «славянскае трыадзінства» і беларускую дзяржаўнасць. Застаецца толькі здагадвацца, колькі праўдзівых гістарычных звестак і артэфактаў там будзе.

Неўзабаве пасля падзей 2020 года змянілася кіраўніцтва ў музеях Янкі Купалы і літаратурным. Не абмінула хваля рэпрэсій і Нацыянальны мастацкі, дзе за апошнія пяць год прыйшоў ужо трэці дырэктар (цяпер гэта Ірына Мацяс, жонка журналіста АНТ). І нават, здавалася б, апалітычны музей народнай архітэктуры і побыту, дзе з нядаўняга часу пазначаны новы кіраўнік.

Гэтак жа і ў рэгіёнах — улады хуценька замянілі спачатку самых прынцыповых і нелаяльных аматараў беларушчыны, як адбылося ў Нясвіжы, Полацку, Магілёве, потым — усіх астатніх. Прычым нярэдка было відавочна, што прызначэнні адбываюцца па пранцыпу лаяльнасці: так, у музей-запаведнік «Нясвіж» замест дасведчанага Сяргея Клімава паставілі былога рэдактара раённай газеты.

Дзе-нідзе нават зніклі самі музеі, затое з’яўляюцца вельмі дзіўныя новыя, з экскурсам у савецкую эпоху.

А вось хто захаваў сваю пасаду і ўмацаваў пазіцыі, гэта дырэктар Музея гісторыі Вялікай айчыннай вайны. Былы кіраўнік ансамблю песні і танцу УС РБ, палкоўнік Уладзімір Варапаеў ужо амаль сем год нясе «адзіна слушную гераічную гісторыю» ў масы. У тым ліку тут першымі адчынілі экспазіцыю, прысвечаную «генацыду беларускага народу». Сёння ж гэтая тэма мусіць быць прадстаўленая фактычна паўсюль, пачынаючы ад школьных музеяў.

І яшчэ адна цікавая дэталь: на сёння сама меней тры музеі ў Мінску ўзначальваюць «выхадцы» з музея гісторыі ВАВ, а нацыянальны гістарычны архіў — выхадзец з КДБ.

Не пра развіццё, а пра выжыванне

Нацыянальная бібліятэка сёння ў надзейных, а галоўнае, лаяльных руках дзяржаўнага чалавека — гісторыка па адукацыі, прапагандыста і рускамірца па пакліканні Вадзіма Гігіна. Улетку 2023 года ён змяніў на пасадзе Аксану Кніжнікаву, а тая, у сваю чаргу, была празначаная ў 2021-м замест Рамана Матульскага (той працаваў у «нацыяналцы» 18 год).

«Белкніга», Акадэмія мастацтваў, дзяржфілармонія, творчыя саюзы — падаецца, ва ўсіх больш ці менш заўважных культурніцкіх установах за апошнія пяць год змянілася кіраўніцтва, а дзе-нідзе і не раз. Але што ў выніку? Высновы несуцяшальныя:

  • У краіне, дзе па шчаўчку пальца замяняюцца не тое што дырэктары бібліятэк, а міністры культуры, ніякі «дах» і ніякая лаяльнасць не можа гарантаваць месца працы, кіроўнага крэсла і нават асабістай свабоды. Дзе ў гэтым ураўненні месца доўгатэрміновым планам на будучыню?
  • Рэпрэсіі ўсё больш звужаюць кола «бяспечных» тэм і накірункаў у культурніцкай сферы. Што застаецца? Настальгія па СССР, расейскія аўтары, тэма Вялікай Айчыннай вайны, ды ідэалагічныя замовы, кшталту помніка беларускаму адзінству (пра яго не чутна ўжо некалькі год, і падобна, што праект праваліўся) ці серыяла пра беларускую міліцыю (плануюць зняць некалькі сезонаў — загадзя спачуваем гледачам).
  • Цэнзура, розныя абмежаванні і разрыў міжнародных сувязяў моцна б’юць па сферы культуры. Можна бессаромна красці пірацкія версіі заходніх фільмаў і планаваць гастролі Вялікага тэатра ў РФ, В’етнам і нават Кітай — але гэта не пра развіццё, а ў лепшым выпадку пра выжыванне. У горшым — пра дэградацыю. І спыніць яе, проста прызначыўшы чарговага новага міністра, не атрымаецца.

Іншага не дадзена: альбо ідэалагічныя «чысткі», расейская папса на ўсіх пляцоўках і «Класная» ў якасці кінашэдэўру, альбо дэмакратыя, творчая свабода і шанец на прарыў.