Кульуролаг Максім Жбанкоў распрацаваў аўтарскі адукацыйны курс «Беларускасць без штампаў і комплексаў» для тых, хто хоча зразумець хто, што і навошта адбылося з культурай незалежнай Беларусі, але не ведае, адкуль пачаць. Трэнды, асобы, канцэпты, артэфакты, слоўнік тэрмінаў і база рэсурсаў — тут усё неабходнае для хуткаснага засваення асноўнага.

«Уціснуць культуру незалежнай Беларусі з усімі яе перамогамі, паразамі, трабламі ды забабонамі ў васьмісерыйны аўдыясерыял і пакет змястоўных дадаткаў? Рэч амаль немагчымая. Тым не менш — вось (дзякуй усім, хто спрычніўся!). «Белкульт: з 1990-х па сённяшні дзень». Слухаем. Чытаем. Спрачаемся», — запрашае аўтар на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Курс прапануе першасную арыентацыю ў прасторы нацыянальнай культуры праз вызначэнне і тлумачэнне базавых мастацкіх і светапоглядных рэсурсаў кожнага з дзесяцігоддзяў. Ён спрыяе лепшаму разуменню падставовых трэндаў незалежнага белкульту і ягонага супярэчлівага ўзаемадзеяння з дзяржаўнай культурнай палітыкай. Асобны блок прысвечаны крызіснаму перыяду 2020-2025 гадоў. Да канспекту па кожнай тэме далучаецца дэтальна прапісаны інфармацыйны блок.
Курс можна прайсці на сайце learn4belarus.online, або паслухаць на Ютубе ці на Spotify.