Саша Вялічка — 32‑гадовая мастачка і фатографка родам са Слоніма, якая ў сваёй творчасці даследуе цяжкія тэмы: траўмы, эміграцыю, зняволенне і прапаганду. Яна стала першай беларускай-лаўрэаткай прэстыжнай прэміі памяці польскага фатографа Конрада Пустолы, узяла галоўную ўзнагароду The SEEEU Photo Essay Award у рамках першага еўрапейскага Месяца фатаграфіі ў Японіі, яе працы выстаўляюцца па ўсім свеце, піша «Наша Ніва».
Саша Вялічка. Тут і далей — фота з асабістага архіва
Нядаўна Саша атрымала падтрымку Fotofestiwal (Лодзь) за праект «Выкліканыя на дыван» («Called to the Carpet»), прысвечаны біяпалітычнаму кантролю над жанчынамі-палітзняволенымі ў Беларусі.
Менавіта ў Лодзі з 19 чэрвеня па 12 ліпеня можна будзе пабачыць усе творы мастачкі з гэтай серыі.
Пра што расказваюць фатаграфіі гэтай мастачкі? Для праекта «Called to the Carpet» аўтарка падрыхтавала серыю партрэтаў зняволеных жанчын, надрукаваных на дыване. У працэсе ёй дапамагалі ініцыятывы «Палітвязынка» і «Ружовыя хусткі».



Сашын праект «Стан адмаўлення» (State of Denial) даследаваў, як людзі функцыянуюць у лічбавым свеце, насычаным фэйкавымі навінамі, дыпфэйкамі і маніпуляцыямі ў СМІ.
Абапіраючыся на рэальныя гісторыі затрыманняў у Беларусі, яна стварыла пастановачныя фатаграфіі, якія паказвалі абсурднасць і жорсткасць жыцця пры дыктатуры.



За гэты праект беларуска дадаткова атрымала Гран-пры Les Boutographies 2025 — аднаго з вядучых еўрапейскіх фестываляў аўтарскай фатаграфіі.
Да вымушанай эміграцыі пасля падзей 2020 года фатографка шмат здымала Беларусь і дакументавала свет і людзей навокал. У тым ліку — родны Слонім.
Працы Аляксандры прэзентаваліся ў Францыі, Германіі, Партугаліі, Нідэрландах, Іспаніі, Сінгапуры і Японіі. Зараз іх таксама можна адшукаць у польскай галерэі сучаснага мастацтва Jednostka.