Выйшаў новы выпуск гістарычнага серыяла «Сармат», прысвечанага шляхецкай культуры ў розных яе аспектах: як жылі, за што жылі, пра што думалі і марылі нашы продкі-шляхцічы.
Ці быў прыгон у XVII-XVIII стст. сапраўдным рабствам? У чым розніца паміж прыгонам у Рэчы Паспалітай ды ў Расійскай імперыі? На што меў права селянін? Ці быў сацыяльны ліфт, каб прабіцца ў шляхту? Ці перасякалася ў рэальнасці жыццё шляхціча і сялянаў? Распавядаем праўду і міфы пра прыгон. Частка 1-я.
Уявіце сабе такую сцэну. Сярэдзіна ХІХ ст. Маёнтак Ласосна каля Гродна непадалёк Нёмана. Ноч. Памешчык Буцькевіч, які быў там у гасцях, прачынаецца ад брэху сабак. На вуліцы нейкі вэрхал: брэх сабак, людзі з паходнямі, плач жанчын. Мясцовы пан з файкай, у шлафроку, вядома — на падпітку, прагульваецца каля натоўпу сялян ды... выбірае — ахвяру! Каго з маладых хлопцаў здаць у рэкруты? — лічы, на ўсё жыццё.
Плач кабет яго не спыняе, а выбар трапляе на маладога спраўнага гаспадара, у якога застаецца жонка з малым дзіцём.
Як аказалася, калі пан Сапоцька прайграваўся ў Гродне ў карты, то са злосці часта рабіў сабе такую забаву.
Гэтую гісторыю Буцькевіч запісаў у сваіх успамінах, а пасля той ночы спешна пакінуў маёнтак Сапоцькі, што сярод шляхты лічылася абразай.
Сёння пагаворым НЕ пра стасункі памешчыкаў Буцькевіча і Сапоцькі, а пра стасункі шляхты і сялян. Прыгон, паншчына. Свабода і несвабода... Як яно там было — насамрэч?
Як сяляне аказаліся ў няволі
Як жа сяляне, гэтая велізарная маса людзей, наогул аказаліся ў няволі?
Скажам, некалі сяляне стыхійна занялі свае надзелы, жылі там і працавалі. Але ў ВКЛ ішоў працэс землеўпарадкавання: зямля мае некаму належыць — манарху, шляхце або царкве. Тым больш, ішлі войны, а за заслугі шляхце раздавалі акурат надзелы. Разам з сялянамі, якія на ёй жылі.
Гэта важна: уласнасць была на зямлю, а не на людзей.
Калі вельмі груба — арандуючы кватэру, ты не стаеш маёмасцю ўласніка кватэры. Ён не можа цябе прадаць. Плаціш ці з’язджаеш. Плаціш грашыма — гэта «чынш». Ці, напрыклад, прадуктам: збожжам, мясам, мёдам.
Ці адпрацоўваеш. Гэта і ёсць паншчына: праца на панскім полі. Адзін, два, тры дні на тыдзень — паводле звычаю. Не абавязкова ўсёй сям’ёй, можаш паслаць сына з касою ці канём.
Найчасцей рэнту акурат адпрацоўвалі, бо наяўных грошай у сялян на руках было не так шмат: а навошта яны ім? Ты ж кормішся з таго, што сам вырасціў, ці мяняеш прадукт на прадукт. Так было на пачатку.
Узмацненне сістэмы і сацыяльны ліфт
Яшчэ у другой палове 15-га — 16-м стст. сістэма пачала ўзмацняцца. Сяляне, якія 10 і больш гадоў пражылі на зямлі — прымацоўваліся да яе.
Ставалі «непахожымі» — свабодна не пойдзеш жыць, куды хочаш. «Пахожыя» яшчэ маглі.
«Воляй» акурат было права пераходу на іншую зямлю, да іншага ўладара. Але ты ж не будзеш кожныя пару год бегаць туды-сюды, будаваць новы дом, пачынаць усё з пачатку, праўда? Недзе ж асядзеш, разбудуешся. Дарэчы, надзел яшчэ можна было прадаць прышламу селяніну ды зваліць.
Паўтаруся, усё — ад зямлі. Гэта не былі рабы на плантацыях Новага Свету.
Асобная група — сяляне-слугі.Конюхі, цесляры, бортнікі, кавалі, дзегцяры, асочнікі і г.д.
Навошта пану цябе ганяць у поле, калі ты ведаешся на цяслярстве ці пчолах? Рабі сваё. Адсюль пайшлі прозвішчы: Свінарчук, Дзегцяроў, Кавалёнак, Піваварчык... Таксама — вайсковыя слугі. Панцырныя, путныя, шчытныя баяры. Яны былі асабіста вольнымі, неслі вайсковую службу.
Пасля страшных войнаў акурат гэтыя сяляне папаўнялі шляхецкі стан, стаючы дробнай шляхтай. То бок, сякі-такі сацыяльны ліфт усё ж быў.
Ніжэйшая група, маргінэс — гэта чэлядзь. Тыя зямлі не мелі і працавалі на панскім двары за ежу: хлеб. Без майна і без правоў.
Чэлядзь не была шматлікай, але акурат яна былі цалкам залежная ад феадала.
Запрыгоньванне сялян
Запрыгоньванне на нашых землях скончылася пад канец 16 ст. і было замацаванае ў Статуце, які дзейнічаў наступныя стагоддзі. Паводле яго, напрыклад, слуга, які забіў гаспадара, караўся не проста смерцю, але — чвартаваннем. Слуга, які падняў на гаспадара руку, — адрубаннем рукі.
Жорстка? Канешне. Але па-іншаму і не магло быць. Да часоў свабоды і дэмакратыі было надта далёка...
Менеджарамі працы, якія кантралявалі прыгонных у маёнтках і фальварках, былі... самі сяляне: войты, падвойскія, цівуны, сотнікі — выхадцы з тых самых курных хат.
Ужо вышэйшая ступень — адміністратары ці аканомы — з дробнае шляхты. У народных казках злыя цівуны трапляюцца куды часцей, чым злыя паны, бо тыя ж цялесныя пакаранні — іхных рук справа.
Моцна «гайкі падкруцілі» ў 17-18 стст. Бо ўласнік зямлі, а часцей нават арандатар, спрабаваў атрымаць з зямлі як мага болей прыбытку.
Крычаўскае паўстанне
Самае вядомае сялянскае паўстанне 18 ст. — Крычаўскае — адбылося на землях Радзівілаў, але не супраць Радзівілаў.
Арандатары! Спачатку габрэі Іцкавічы, пасля нехта там з Храптовічаў.
Тыя бралі за карыстанне млынам з сялян не дзясятую мерку, а сёмую. Чынш маглі вымагаць двойчы: не выдавалі квіткоў за аплату, а пасля вярталіся за грашыма яшчэ раз.
Паднялося паўстанне, да якога далучылася і крычаўская бедната і нават бурмістр! 4000 сялян палілі маёнткі, корчмы — помсцілі.
Вядома, прафесійнае войска жорстка расправілася з выступам, завадатараў — на палю, але прэцэдэнт цікавы.
Нагадаю, сам землеўласнік не быў зацікаўлены душыць селяніна ці марыць голадам: гэта было не ў яго інтарэсах, ды і небяспечна.
Стаўленне шляхты да сялян у Рэчы Паспалітай
У дзённіках і ўспамінах шляхты таго часу сяляне з’яўляюцца зусім нячаста, але — з’яўляюцца.
Матушэвіч пад 1757 год пісаў:
«Быў год цяжкі, і вясна галодная, прыгонныя ўвесь час з мяшкамі прыходзілі ў двор... Тады надумаў я, каб той, хто хоча хлеба, наймаўся на работу, а за грошы, якія заробіць, купляў сабе жыта, дзе захоча, — ці ў мяне ў двары, ці ў Высокім на рынку».
Двое сялян пасля працавалі ў яго на «італьянскім гародзе» — за абед, а ўвечары хлеб, порцыя гарэлкі, ды — срэбраны шастак грошай.
Іншым разам, едучы ў маёнтак, Матушэвіч знайшоў на дарозе труп свайго селяніна Данілы Кузьмічка.
Аказалася, што забілі яго трое сялян ксяндза Бухавецкага пасля сваркі ў карчме. Забойцаў знайшлі: аднаму сцялі галаву. Іншы ўцёк. А трэцяга выкупіў ад смерці ажно за 500 злотых аканом Жымоўскі. То бок, падчас праблем і канфліктаў шляхта «ўпісвалася» за сваіх сялянаў.
Паводле ўспамінаў Станіслава Рэйтана, у Гераніма Радзівіла быў таленавіты селянін-рахункавод. Той не ўмеў нармальна чытаць і пісаць, але меў фенаменальную памяць і арыфметычныя здольнасці.
Да кожнага зернейка лічыў пасевы, умалот, жніво... Як фіксаваў? Меткамі на палках. На жаль, памёр у маладым веку. У іншых выпадках таленавітаму хлопу маглі даць адукацыю, вывесці ў шырокі свет, але гэта, канешне, рэдкасць.
Пад канец 18 ст. шляхта нарэшце пачала звяртаць увагу на сялян не толькі ў эканамічным сэнсе, але і як на людзей. Пачалі апісваць іх дзівосныя абрады на камянях, вяселлі, забабоны.
Некаторыя апантаныя ідэямі асветніцтва, як Францішак Карпінскі, працавалі разам з сялянамі і вучылі вясковых дзяцей грамаце. Здаецца, вось гісторыя і магла б пайсці па-іншаму, але...
Час змроку для сялян
У 18 ст. Рэч Паспалітая перабывала ў глыбокім крызісе. Далей жыць у феадальным грамадстве было немагчыма. Рэформы пачаліся, але дужа позна — пры Панятоўскім — і тут падзелы Рэчы Паспалітай.
Для сялян дрэнная сітуацыя змянілася на катастрафічную, бо замест феадальных парадкаў прыйшла расійская азіятчына...
За Расіюшкай памешчык мог прадаць селяніна ўжо без зямлі. Як рухомую маёмасць, рэч. Прадаць, падарыць, завяшчаць па спадчыне, прайграць у карты...
З усходу пацягнуліся новыя землеўласнікі, розныя суворавы ды румянцавы... Падаткі сталі вышэйшымі, дні паншчыны нармаваліся толькі на словах, на практыцы — не.
Гэта адбілася і ў фальклоры.
«Старыя казалі, што пакуль Кацярынушка не забрала край, зімы былі карацей. А як забрала — лета стала карацейшым», — гэтак казалі пад Валожынам.
А вось яшчэ: "Мы спрэжда былі багаты, было ў нас трыццаць коней. Наканец таго, заступілі памешчыкі з Масквы, асталась з трыццаці толькі тры...«,— гэта запісаў Раманаў у «Беларускім зборніку».
Карацей, сяляне былі «бязмерна радыя», што рускі штык нарэшце вызваліў іх ад праклятых польскіх паноў, ну-ну...
Парадаксальна. У той час, як ХІХ ст. у Еўропе быў часам прагрэсу і свабоды, для нашых сялян ХІХ ст. — гэта час змроку. Пра гэта захавалася шмат сведчанняў, апісанняў, судовых спраў. Рэкрутчына, гвалт, сэксуальныя дамаганні. Некаторыя гісторыі наогул нагадваюць хорар...
І пра ўсё гэта пагаворым у нашай наступнай серыі.
Папярэднія выпускі гістрачынага серыяла «Сармат» глядзіце па спасылцы.