Сармацкі стыль мы бачым на парадных партрэтах, гравюрах, малюнках іншаземцаў, якія гасцілі ў нашых краях. Таксама — сучасных кіно, мемах, коміксах, тату і брэндавай вопратцы. Але чаму — «сарматы»? Да чаго тут усходнія матывы? А Рым?..
Таварыш гусарскі з мяжы XVI–XVII стст., малюнак Анатоля Цяленіка
Сарматызм — агульная назва для пласта культуры шляхты XVI–XIX стст. на прасторах Рэчы Паспалітай і нават пасля яе. Cпосаб апранацца, жыць, думаць, ваяваць, весці гаспадарку, займацца сям’ёй, нават — прымаць гасцей. Найбольшая колькасць элементаў сарматызму прыжылася ў польскай ды ўкраінскай культуры. Але расійска-савецкая — таксама мае аналагі... Пра гэта пазней.
«Рыцарскі кулак». Сталі легендай, але — прайгралі
Стрыжань, вакол якога круціцца «сармацкі сусвет» — гэта архетып мужчыны-ваяра. Праз вайну шляхта сталася шляхтай. Колішнія княскія дружыннікі і баяры за заслугі на полі бою атрымлівалі зямлю і свабоды. Вайна — універсальны сацыяльны ліфт. Вялікія грошы, палацы, буйныя землеўладанні, калекцыі — вынік, а не прычына.
Ды і вынік гэты даставаўся не ўсім. Бо шляхта — разнародная. Ад «галоты», якая мела адзін двор, чый побыт мала розніўся ад сялянскага, да магнатаў-латыфундыстаў, кшталту Пацаў ці Радзівілаў, якія круцілі грашыма і палітыкай. Аб’ядноўвала гэтых людзей — свабода. Усе яны былі грамадзянамі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. З правамі і абавязкамі.
Гусары пачатку XVII ст., фрагмент Стакгольмскага скрутка
Галоўны абавязак шляхты — вайна. Дакладней, удзел у Паспалітым Рушанні. Кіраўнік дзяржавы склікае шляхту, тыя едуць асабіста ці дасылаюць ваяроў замест сябе. Або — «данацяць». Гэта і моцны, і слабы бок: былі выпадкі, як падчас Старадубскай вайны ў 1535-м, калі шляхта наўпрост не прыехала на «мабілізацыйны пункт», бо — не любіла ваяваць узімку... На Масковіі гэта было немагчыма, бо там вайсковец — «халоп гасудараў», у нас — магчыма.
Таму, уласна, тактычна перамагаючы ворага ў адкрытым полі, збройныя сілы Рэчы Паспалітай не мелі стратэгічнага шанцу — у гістарычнай перспектыве. Бо арміі Масковіі ці Прусіі ўжо былі рэгулярнымі. У нас, няхай з удзелам наймітаў, «рыцарскі кулак» лічыўся асноўным. Шляхта пакінула па сабе легенду, але — прайграла ў геапалітычнай барацьбе.
Паміж Захадам і Усходам
Шабля, булава, кунтуш, жупан, пояс, вусы, паголеная галава (апроч чуба ці купкі валасоў на макаўцы) — вайсковы культ сфармаваў не толькі набор якасцяў шляхціча, але і «сармацкі дрэс-код». Чыста знешні і тады, і зараз, гэта нагадвае ўсходні стыль: татарскі або турэцкі. І тут таксама няма нічога дзіўнага.
Сармацкі партрэт XVII–XVIII стст. дае ўяўленне пра эталонны «сармацкі дрэс-код»
Уся цывілізацыя паміж Балтыкай і Чорным морам (Літва, Карона, украінская Гецьманшчына, а калі шырэй, то і Вугоршчына) — гэта зямля на разломе двух сусветаў. Паміж Захадам і Усходам. Гістарычна так склалася, што галоўнымі ворагамі былі туркі, татары, маскавіты. Тыя, хто ваяваў і апранаўся па-ўсходняму.
І калі ты стагоддзямі ваюеш з гэтым супернікам, то непазбежна пераймаеш ягоныя рысы. Ад шырокай даўгой вопраткі і крывых шабляў да тактыкі коннай партызанскай вайны (найлепшы прыклад — «лісоўчыкі» 1610-х — 1620-х). Моцны ўплыў меў таксама вобраз Стэфана Баторыя, вугорца з італьянскай класічнай асветай, які стаў для шляхты эталонам «сармата»: жорсткага, асвечанага, таварыскага. Спартанец у побыце, філосаф-стоік па жыцці.
Стэфан Баторы, партрэт невядомага аўтара
Ідэалагічны адказ Масковіі на «трэці Рым»?
Каб зразумець, як гэта ўсё было звязана з «сарматамі», трэба занурыцца ў лабірынт гісторыка-геапалітычных тэорыяў XV–XVI стагоддзяў. Ад часоў храніста Яна Длугаша (1415–1480) на ідэалагічным і геаграфічным полі з’яўляецца «Сарматыя». Ідэя набывае папулярнасць праз «Трактат пра дзве Сарматыі» Мацея Карпігі з Мехава (Мацея Мехавіта). За ім тэму транслююць Бельскі, Стрыйкоўскі, Гваньіні ды, што важна, еўрапейскія картографы.
А ідэя ў тым, што Герадот узгадваў племя сарматаў — вольных ваяроў-качэўнікаў Прычарнамор’я. Хто іхныя нашчадкі? Вядома, наша шляхта! Бо галоўныя характарыстыкі супадаюць: ваярская ідэя ды свабода. Усходняя качавая эстэтыка з конямі ды шаблямі — толькі дадатак. Што важна, тут ідзецца пра сувязь з Антычным светам, які быў эталонам на часы Рэнесансу і Барока.
«Хроніка Быхаўца» дае яшчэ больш арыгінальную версію: першы літоўскі валадар, маўляў, паходзіць са сваякоў рымскіх імператараў. Тут пра міфічнага Палямона, які прыплыў на Літву з 500 знатнымі грамадзянамі Рыма, ратуючыся ад Нерона. Адсюль у хроніцы рэпліка баяраў у бок Вітаўта: «Мы шляхта старая, рымская!». І гербы, маўляў, з тых часоў паходзяць, а вось польская шляхта — не...
Закаваныя ў браню старадаўнія сарматы нечым нагадваюць гусарыю Рэчы Паспалітай (барэльеф з Калоны Траяна ў Рыме, 113 год)
Сярод гісторыкаў ад ХІХ ст. прынята лічыць усё гэта фантазіямі. Маўляў, Літве і Кароне быў патрэбны адэкватны адказ на фантазіі маскавітаў. Бо там ужо напрыканцы XV ст. загаварылі пра «Маскву — трэці Рым» ды Івана ІІІ як новага «цара Канстанціна». То-бок, апеляцыя да антычнасці, пошук легітымнасці ў «вечным Рыме». У дзвюх міфалагізаваных версіях ёсць важнае адрозненне, якое жыве дагэтуль: Масква запазычыла хутчэй візантыйскую традыцыю з абсалютнай уладай «кесара». Літва і Карона — рэспубліканскую, рымскую, таму і Рэч Паспалітая — res publica — «справа грамады», дзе ўсё вырашае свабодны народ — шляхта.
Цікава, што пазней, ужо ў ХІХ ст., калі толькі фармавалася расійскае еўразійства, ідэолагі ўзялі сабе на ўзбраенне... скіфскую ідэю. «Да, скифы — мы! Да, азиаты — мы! С раскосыми и жадными очами...» — вядомыя радкі Блока.
Гэта гістарычны кур’ёз, але атрымліваецца, што геапалітычныя канкурэнты: Расія і Рэч Паспалітая (пазней — краіны, якія ў яе ўваходзілі) абралі сабе ў якасці міфічных прабацькоў плямёны часоў Антычнасці, розніца паміж якімі толькі ў... разуменні свабоды.
Пілсудскі і Балаховіч — апошнія «сарматы»
Ідэя сарматызму нікуды не знікла нават пасля Рэчы Паспалітай. Хоць пад канец ХІХ ст. ніхто б усур’ёз не разважаў пра паходжанне ад сарматаў (больш лагічна ўжо было б ад готаў ці кельтаў, але гэта тэма для асобнага артыкула). Архетыпы перажылі дзяржаву, засталіся. Вобраз коннага шляхціча з шабляй ды вусамі як эталон мужнасці напоўніцу праявіўся ўжо ў часы Грамадзянскай і Савецка-польскай вайны.
Паглядзіце на партрэты Пілсудскага, Жалігоўскага ці Балаховіча. А яшчэ лепш — на плакаты і карціны, прысвечаныя ім. Гэта — той самы вобраз, пераапрануты ў мундзір Першай сусветнай, з накладнымі кішэнямі і партупеяй. Польская нацыя была ўзгадаваная на героях Сянкевіча — шляхціцах Валадыеўскім ды Кміціцы. Любімы герой Балаховіча яшчэ з часоў гімназіі — Тарас Бульба. Гэта старыя сармацкія рыцарскія архетыпы, якія чакалі свайго часу ды — стрэлілі. Магчыма, у такім выглядзе, апошні раз.
Юзаф Пілсудскі — прыклад польскага «сармата» ХХ ст., мурал у Ломжы
Тут жа зірніце на савецкіх герояў Грамадзянскай вайны. На Шчорса, Катоўскага, Будзёнага, Варашылава, Чапаева. Вусы, шашкі, коні, буркі, тачанкі, будзёнаўкі. Гэта тыпаж стэпавага ваяра-качэўніка. Але з той самай розніцай, што і стагоддзі таму: умоўныя нашчадкі скіфаў — без свабоды, сарматы — са свабодай. Першыя — жывуць полем і вайной, качуюць. Другія — адданыя дому і зямлі, ваююць, каб вярнуцца.
Вобраз ваяўнічага свабоднага «стэпавіка» прыцягальны дагэтуль. Усе народы рэгіёна перапрацавалі яго па-свойму: класічны шляхціч у палякаў, запарожскі казак ва ўкраінцаў, нават несвабодныя данскія і кубанскія казакі на службе «цара-бацюшкі» ў расійскіх наратывах — у тую ж скарбонку. На тое і архетып, каб быць жывучым, прыцягальным, эратычным.
Постскрыптум. Свабода, зброя, свая зямля
Ідэолагі беларускага руху яшчэ на пачатку ХХ ст. свядома ці несвядома ад гэтага архетыпу адмовіліся. Замест гэтага паўстаў «лапцюжны» селянін, які плача па сваёй долі ды цішком марыць, каб яго нехта вызваліў... Як так атрымалася? Чаму? Нам ужо ніхто не адкажа.
Але таму, магчыма, у нашага апошняга «сармата» — генерала Станіслава Булак-Балаховіча — і не склаліся адносіны з лідарамі БНР. А з Пілсудскім — склаліся. Бо ідэю вызначае не паходжанне, а лад жыцця і мыслення. У выпадку «сарматаў» — гэта неразрыўная звязка:
- свабода
- зброя
- свая зямля
Станіслаў Булак-Балаховіч — апошні наш «сармат» ХХ ст.
Лішне казаць, што ідэал «свабоднага ўзброенага чалавека на сваёй зямлі» — гэта фундамент старых добрых амерыканскіх каштоўнасцяў, закладзеных іхнымі бацькамі-заснавальнікамі. Тое, пра што ведалі нашы продкі. Тое, да чаго мы дагэтуль так і не дайшлі.
Алесь Кіркевіч, budzma. org
Глядзіце па тэме: Відэапраект «Сармат», прысвечаны шляхецкай культуры ў розных яе аспектах: як жылі, за што жылі, пра што думалі і марылі нашы продкі-шляхцічы.