Нам, мінчукам, якія жывуць у ХХІ стагоддзі, на пытанне, як забяспечыць свой дом і побыт якаснай вадой, звычайна прыходзіць у галаву тры варыянты адказу: усталяваць на кран якасны фільтр, набыць пітную бутэляваную ваду ў краме або замовіць яе ў службе дастаўкі. Выглядае ўсё проста. А як забяспечвалі сябе вадой нашыя продкі? Хто займаўся дастаўкай вады? Калі ў Мінску з’явіліся першыя студні і калодзежы? Што такое «бруклінскія калодзежы»? Калі ў сталіцы запусцілі водаправод? Распавядае Змітро Пілецкі.
Вадавозы і ваданошы
Многія лічаць, што ўзнікненне службы дастаўкі вады — вынаходства эпохі, звязанай з магчымасцямі інтэрнэту. Але насамрэч карані такіх сэрвісаў сыходзяць у далёкае мінулае.
Калі «капнуць» гісторыю сталіцы, то можна даведацца, што ў горадзе актыўна працавала аб’яднанне вадавозаў і ваданошаў, якое фактычна і было першай службай дастаўкі пітной вады гараджанам.
Прафесія ваданошаў-вадавозаў — гэта не выключна мясцовае «вынаходніцтва». Постаць ваданошы — адная з самых старажытных у гісторыі гарадоў Еўропы. Гэтая прафесія, традыцыйна звязаная з юдзейскімі, габрэйскімі кварталамі, мае ўзрост у больш чым тысячагоддзе. У Гішпаніі гільдыя ваданошаў існавала з ХІ да пачатку ХХ стагоддзяў, і была ганаровай — у Гранадзе ёсць нават помнік «аквафору». Сваіх ваданошаў мела і старажытная Вільня, як і іншыя буйныя гарады Вялікага Княства Літоўскага.
У калажы: злева — Дыега Веласкес «Севільскі ваданоша», 1618–1622 гг.; справа — віленскі «Ваданоша» Рамуалдаса Квінтаса, усталяваны на рагу вуліц Kėdainių і Lydos у 2018 г.
Мінскія ваданошы (на ідышы vasertreger) — самы бедны пласт юдзейскага насельніцтва горада ў ХІХ ст. Напоўненыя бочкі ваданошы разносілі, а вадавозы — развозілі па ўсім горадзе, і любы ахвочы за некалькі капеек мог купіць пару вёдраў вады для хатніх патрэб. Гэтай паслугай карысталіся пераважна бедныя жыхары цэнтра, якія не мелі доступу да водаправода, а таксама месцічы з ускраін, дзе не было даступных калодзежаў. У пагоні за прыбыткам вадавозы не саромеліся напоўніць бочку проста са Свіслачы. Падчас трасяніны па брукаванках асадак апускаўся на дно, і ваду прадавалі, нібыта яна калодзежная.
Тыповы месцкі ваданоша, 1910-я гг.
Вада ж у Свіслачы была зусім не чыстая. Вось што аб ёй пісаў у дакладзе гарадскі санітарны доктар П. А. Грацыянаў гарадской управе Мінска ў 1892 г.:
«Якая вада ў рацэ Свіслач у межах горада, можна меркаваць ужо толькі па тым, што дзякуючы параўнальна ўзвышанаму Мінску ўсякага роду бруд з дапамогай вулічных канавак накіроўваюцца прама ў раку, забруджваючы апошнюю да неверагодных маштабаў. Чысціня вады купальняў сумнеўная, бо купальні пароблены на той жа рацэ Свіслач, якую горад старанна забяспечвае ўсялякім брудам».
Захаваўся пінкас (актавая кніга) аб’яднання мінскіх ваданошаў, дзе зафіксаваныя падзеі ад 1829 да 1863 гг. (захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Ізраіля, web.nli.org.il)
У 1829 г. ваданошы заснавалі сваё брацтва (таварыства), і талакой, сабраўшы сродкі, збудавалі свой дом малення і навукі — уласную драўляную сінагогу. Пасля вялікага пажару 1881 г. паўстала мураваная будыніна, якая прастаяла, верагодна, і да паваенных часоў. З усіх мінскіх культавых будынкаў гэтая сінагога самая легендарная і таямнічая, бо звестак пра яе захавалася мала. Праўда, у плане архітэктурным сінагога нічога з сябе асаблівага яна не ўяўляла — звычайны будынак пасярэдзіне вуліцы Замкавай, з правага боку — калі ісці ад Старамясніцкай. Пры сінагозе існавала адна з самых слаўных мінскіх ешываў (вышэйшая рэлігійная навучальная ўстанова ва юдзеяў), на чале якой стаялі найслыннейшыя мясцовыя рабіны. Ваданоша як прафесія знікла з правядзеннем у Мінску водаправоду, але ешыва працягвала існаваць і дзейнічала падпольна ажно да канца 1920-х гадоў.
Не плюй у калодзеж...
Жыхары Мінска ніколі не ведалі недахопу ў вадзе. У летапісныя часы нашы продкі бралі ваду ў рацэ, у студнях. У асноўным яны карысталіся вадой са Свіслачы. Агульнавядома, што месцічы з даўніх часоў актыўна карысталіся не толькі рачной, але і калодзежнай вадой. Таму жаданне выкарыстоўваць прыродную падземную чыстую ваду ў нас ужо, лічы, на генным узроўні.
Калі ў Мінску з’явіліся першыя студні і калодзежы — дакладна сказаць немагчыма, першыя ж згадкі фіксуюцца ў дакументах XVII ст. Свае студні мелі ўсе старажытныя цэрквы Мінска, якія ўзводзіліся ў асноўным на ўзвышаных месцах. Петрапаўлаўская царква, пабудаваная на беразе Нямігі, таксама мела ўласную крыніцу вады. Найстарэйшая студня размяшчалася на тэрыторыі Мінскага замчышча. Меркавалася, што пры варожым нашэсці яна павінна забяспечыць вадой дзядзінец (умацаваная частка сярэднявечнага горада).
Фрагмент карты Мінска 1911 года (выданне ацэначна-статыстычнага аддзела Мінскай гарадской управы), на якой нанесены студні і калодзежы. Чорным колерам адзначаны свідраваныя студні, чырвоным — драўляныя і каменныя калодзежы. Калі ў 1850-я гг. на 22 тысячы чалавек гарадскога насельніцтва мелася 90 студняў, то ў 1911 г. агулам, свідраваных, каменных і драўляных, налічвалася больш за 400 калодзежных крыніц. Большасць студняў была 20-метровай глыбіні, але сустракаліся і 80-метровыя.
Са старажытных часоў Мінск неафіцыйна дзяліўся на правабярэжную і зарэчную (левабярэжную) часткі. У гістарычным цэнтры практыкавалася ўсталяванне свідраваных студняў. Прычыны — узгорысты рэльеф мясцовасці, вялікая глыбіня залягання ваданоснага пласта. А вось у зарэчнай частцы студні капалі ўручную. Яны былі падобныя на сучасныя вясковыя: з драўляным калаўротам, каменнымі або драўлянымі сценамі. Праўда, якасць вады ў іх аказвалася не самай лепшай. Напрыклад, у шматлікіх камароўскіх студнях праз блізкасць балота вада аддавала гніллю.
Калодзеж на тагачаснай ускраіне Мінска. У даінтэрнэтныя часы калодзежы былі аднымі з кропак стварэння «сацыяльных сетак» — тут збіраліся суседзі, абменьваючыся навінамі і плёткамі.
Водаправодная рэвалюцыя
Загадка канца ХІХ ст. пра Мінск: «Замку няма, а вежы стаяць». Не адгадалі?
Ну, таму што сёння ад таго гарадскога пейзажу захаваўся толькі адзіны аб’ект — воданапорная вежа непадалёк ад праспекта Жукава. Але ж 150 гадоў таму такіх тэхнічных архітэктурных збудаванняў па Мінску было некалькі.
Цагляны будынак воданапорнай вежы, узведзены ў 1910 г. у стылі неаготыка ўяўляе сабой тры ярусы васьміграннай формы. Пры яго афармленні выкарыстоўваліся пілястры, арнаментальныя паясы і нішы рознай канфігурацыі. Некаторыя дэталі вежы маюць стылізаваныя формы сярэднявечнага абарончага дойлідства, напрыклад, машыкулі і вокны-байніцы. Вежу ні разу не тынкавалі і не фарбавалі, так што і праз 100 гадоў яна захоўвае свой арыгінальны колер
Значнае ўзбуйненне горада ў другой палове — апошняй траціне ХІХ ст. праз правядзенне чыгуначнай лініі, павелічэнне колькасці насельніцтва, з’яўленне мноства прадпрыемстваў прымусіла гарадскую ўправу Мінска прыняць рашэнне аб стварэнні водаправода.
Цэнтралізаванае водазабеспячэнне ў г. Мінску атрымала развіццё ў 1871 г. з прыняцця гарадской управай рашэння аб будаўніцтве водаправода.
Мінская вадакачка першай траціны ХХ ст. Фота з фондаў БДАККФД. Першыя шахтавыя студні (г. зв. «бруклінскія калодзежы») глыбінёй да 30 метраў былі збудаваны ўжо ў 1873 г. Знаходзіліся яны ў раёне цяперашняга Беларускага дзяржаўнага цырка. Бруклінскія калодзежы — неглыбокія (20–50 м) трубкавыя студні, якія размяшчаюць групамі перпендыкулярна кірунку плыні грунтовых водаў, утвараючы роўнабаковы трыкутнік з даўжынёй бакоў 50–100 м. Праз заглыбленыя ў свідравінах трубкі падключаюцца да вадаправоднай магістралі, па якой вада ідзе ў вадазборны калодзеж, адкуль яна перанакіроўваецца помпамі або вадакачкамі далей
Была пабудавана і першая помпавая станцыя «Эльвод», на якой стаяла 18-моцная паравая помпа — што забяспечвала горад і вадой, і электрычнасцю. Усе працы вяліся рыжскім гандлёвым домам «Вэбер і К°».
У пачатку ХХ ст. у Мінску дзейнічала «тэхнічная кантора» С. А. Анцэліёвіча, якая выконвала розныя гідрагеалагічныя работы па водазабеспячэнні і каналізацыі. У яе складзе працавалі і інжынеры-даследнікі, якія выконвалі гідрагеалагічныя працы.
11 снежня 1873 года адбыўся пробны пуск водаправода. Тады яго магутнасць складала ўсяго толькі 500 кубаметраў вады за суткі, першапачатковая працягласць — 1500 метраў, а ахоп — 16 багатых дамоў. Афіцыйна мінскі водаправод адкрыўся праз два месяцы — 12 лютага 1874 года. З такой нагоды адбыўся маштабны фуршэт з феерверкам. Свята настолькі ўдалося, што ад парахавых знічак згарэлі некалькі драўляных дамоў на вуліцы Падгорнай. Тым не менш у памяць аб гэтай сапраўды значнай для горада падзеі ў Аляксандраўскім скверы быў усталяваны помнік—фантан, які сустракае там месцічаў і сёння — «Хлопчык з лебедзем».
Першая воданапорная вежа была пабудавана на скрыжаванні Захар’еўскай (сённяшні праспект Незалежнасці) і Скобелеўскай (сённяшняя Чырвонаармейская) вуліц на рагу Аляксандраўскага сквера. У калажы — станам на пачатак ХХ ст., пасля Другой сусветнай і на пачатку 1950-х, калі яе разабралі. Дарэчы, вежу ўзвялі, нягледзячы на пратэсты грамадскасці, — такое інжынернае збудаванне не ўпісвалася ў звыклыя абрысы сквера і палохала багатую публіку сваёй спецыфічнай архітэктурай.
Праца тагачаснага водаправода была мала падобная на цяперашнюю. У некалькіх месцах стаялі ўцепленыя будкі з кранам, там сядзеў чалавек, якому спачатку трэба было заплаціць, а потым атрымаць ваду. Сабекошт ста вёдраў вады складаў 5,6 капеек, а прадавалі гэтыя сто вёдраў па 15 капеек, затым кошт яшчэ вырас.
Меней вядомая воданапорная падвойная вежа стаяла ля чыгуначнага Віленскага вакзала блізу сённяшняга будынка Цэнтральнага аўтавакзала. На калажы адлюстраваны лёс гэтага аб’екта — ад пачатку ХХ ст. і міжваеннага перыяду да 1950-х гг., калі пасля ўзвядзення ансамбля «Вароты Мінска» вежу разабралі. Кожная з такіх вежаў магла ўтрымліваць па 80 тон вады. Па падліках некаторых спецыялістаў, запас трываласці канструкцыі даваў магчымасць падвысіць аб’ёмы да 100–120 тон
У 1892 г. водаправод праходзіў па 28 вуліцах цэнтральнай часткі горада. Пашырэнне сеткі ішло павольна — горад не меў сродкаў. Нават для таго, каб адрамантаваць лініі, гарадская ўправа вымушана была ў 1885 г. заняць грошы ў прыватнай асобы — начальніка губерні.
У 1904–1906 гг. пачалося капітальнае пашырэнне гарадской водаправоднай сеткі. Калі раней вада паступала са студняў, то зараз яе атрымлівалі з трох свідравін, дзве з якіх давалі па 10 тысяч вёдраў у гадзіну, а адна — 8 тысяч. У 1908 г. водаправод мог ужо абслугоўваць да 70 вуліц. Было прасвідравана 5 водазабораў артэзіянскай вады глыбінёй 150–180 метраў. З’явіліся ў Мінску і абсталяваныя ручнымі помпамі неглыбокія свідравіны індывідуальнага карыстання — водаразборныя калонкі.
Усталяванне водаразборнай калонкі ў Мінску, 1930-я гг. Фота з фондаў БДАККФД
Да 1913 г. працягласць водаправодных сетак складала ўжо 40 кіламетраў. Аднак, як і раней, водаправоднай вадой маглі карыстацца толькі жыхары цэнтральных раёнаў горада. З 7139 домаўладальнікаў Мінска водаправод мела толькі 1119 — шостая частка. Зарэчная частка горада практычна была пазбаўлена водаправода, і яе насельніцтва (каля 10 тысяч чалавек) вымушана было карыстацца рачной вадой, зусім непрыдатнай для піцця, або паслугамі ваданошаў.
Водаправодная вада ў Мінску каштавала дорага: 15–20 капеек за 100 вёдраў вады. Напрыклад, у Санкт-Пецярбургу тыя ж вёдры каштавалі не больш за 6 капеек. Тым не менш домаўласнікі пабачылі ў водаправодзе зручнасць, за якую быў сэнс падняць арэндную плату.
Унікальны Музей водных рэсурсаў на вул. Славінскага (заснаваны ў 2007 г.) захоўвае шмат каштоўных экспанатаў, сярод якіх — фрагмент драўлянага водаправода 1874 г., знойдзены на дне Свіслачы каля Белдзяржцырка. Дыяметр гэтай трубы — 30 см. Цікава, што такія трубы ўправа выдавала домаўладальнікам, каб яны самастойна рабілі іх пракладку. Ад гэтага залежала зніжка на падключэнне да водаправода і льготная цана на ваду ў першыя гады карыстання. Асноўная ж магістраль выкладвалася з чыгуновых труб
Каб падключыцца да сістэмы цэнтралізаванага водазабеспячэння, домаўладальнік абавязаны быў падаць у гарадскую ўправу падпісанае ім абавязацельства, што будзе дакладна ў тэрмін да 15 студзеня і да 15 ліпеня ўносіць у гарадскую касу плату наперад за паўгоддзе і «выконваць устаноўленыя правілы тарыфу карыстання вадой з гарадскога водаправода».
Будаўніцтва водаправода дало новы штуршок для развіцця сеткі лазняў. Лазні насілі імёны іх уладальнікаў. У газеце «Мінскія губернскія ведамасці» згадваецца аб адкрыцці ў горадзе грамадскіх лазняў Плаўскага, Райнэса, купцоў Зальцмана і Перэльмана, Сыркіна, лазняў Каліноўскіх, яўрэйскай гарадской гандлёвай лазні. Будынкі гэтыя ў асноўным не захаваліся.
У газеце «Рабочы» ад 7 ліпеня 1928 г. можна пабачыць замалёўку вежы артэзіянскага калодзежа «у садзе Прафінтэрн» — былым Губернатарскім (сённяшні Цэнтральны дзіцячы парк)
У 1925 г. даўжыня вулічнай сеткі водаправода вырасла да 45 км, а водаправодам змаглі карыстацца 60% гарадскога насельніцтва. З 1925 па 1930 гг. на тэрыторыі станцыі «Эльвод» былі прасвідраваны крыніцы, якія падавалі артэзіянскую ваду з глыбіні 280–300 метраў. Адна свідравіна на глыбіні 354 метры выявіла мінеральную ваду з утрыманнем соляў больш за 6 г/л. Гэта мінеральная вада ў далейшым стала вядома як «Мінская».
У 1931–1933 гг. праводзілася рэканструкцыя водаправоднай сеткі. Яе працягласць павялічылася да 60 км, што дазволіла падаваць ваду на некаторыя гарадскія ўскраіны. У 1932 г. быў уведзены ў дзеянне першы буйны водазабор «Навінкі» на паўночным захадзе ад горада. Дзякуючы гэтай падзеі мінчане атрымалі пітную ваду высокай якасці. У 1937 г. уступіў у эксплуатацыю водазабор «Пятроўшчына», дзякуючы чаму для жыхароў вуліц Дзяржынскага, Розы Люксембург, Карла Лібкнехта і іншых з’явілася водаправодная вада.
Будаўніцтва рэзервуара для вады побач з электрастанцыяй «Эльвод», 1927 г. Фота з фондаў БДАККФД
У час Другой сусветнай вайны інжынерныя сістэмы горада былі моцна пашкоджаны, а імклівы пасляваенны рост Мінска стварыў праблемы па аднаўленні і своечасовым пракладанні магістраляў у новыя кварталы і па новых вуліцах. Наяўнасць працяглы час раёнаў з самабудаў, халупаў, баракаў расцягнула пытанне аб водазабеспячэнні горада на некалькі дзесяцігоддзяў.
Сёння сталіцу ахутвае больш за тры тысячы водаправодных магістраляў. З наземных крыніц да нас трапляе 30% вады, уся астатняя — артэзіянская.
Мал. 15. Схема сучаснага водазабеспячення і водаправодных сістэм Мінска і прысталічча
У Савецкі, Першамайскі, Цэнтральны, Партызанскі, Завадскі і большую частку Кастрычніцкага раёнаў вада ідзе з падземных крыніц. А водазабеспячэнне Фрунзенскага, Маскоўскага, Ленінскага і часткова Кастрычніцкага раёнаў ажыццяўляецца з паверхневай крыніцы — канала Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Да 2030 г. плануецца перавесці ўвесь горад на падземныя (артэзіянскія) водакрыніцы.
Змітро Пілецкі, budzma.org
Ілюстрацыі з адкрытых інтэрнэт-рэсурсаў