Яшчэ пры жыцці гэтага нястомнага папулярызатара мінуўшчыны параўноўвалі з Мацеем Стрыкоўскім. Ён служыў у войску Расейскай імперыі, але на ягоных творах выраслі паўстанцы Каліноўскага. Ён пісаў пра гісторыю Польшчы, Літвы і Беларусі, за што атрымліваў узнагароды з рук расейскага імператара. Сябраваў з Адамам Кіркорам, Уладзіславам Саракомлем, але заўжды заставаўся троху ў баку ад бурлівага грамадскага жыцця сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Расказваем пра неверагоднае жыццё Тэадора Нарбута.
Тэадор Нарбут. Крыніца — wikimedia.org
Патрыёт свайго краю
Тэадор-Матэвуш Нарбут нарадзіўся пры самым сконе Рэчы Паспалітай 8 лістапада 1784 года ў маёнтку Шаўры Лідскага павета, які знаходзіцца ў сённяшнім Воранаўскім раёне. Пачатковую адукацыю атрымаў дома, пазней вучыўся ў Лідзе, Вільні і Пецярбургу. Следам за бацькам пайшоў па сцяжыне прафесійнага вайскоўца. Гэтай жа дарогай пойдзе і ягоны старэйшы сын Людвіг.
Кар’ера Тэадора Нарбута ў царскім войску складвалася даволі няблага: ён выкладаў, браў удзел у войнах, якія ў пачатку ХІХ стагодзя вяла Расейская імперыя, атрымліваў розныя ўзнагароды. У 1810 годзе яму была даручана нават справа ўзвядзення крэпасці ў раёне паміж Гомелем і Магілёвам. Каб адшукаць прыдатнае для яе месца, Нарбут уласнаруч аб’ехаў усходнюю частку Беларусі.
Таму менавіта ягоная роля ў справе ўзвядзення Бабруйскай крэпасці была вызначальнай. Бо першапачаткова фартэцыю думалі будаваць у Рагачове, але ваенны інжынер Нарбут звярнуў увагу на высокі бераг Бярэзіны, дзе некалі стаяў старажытны Бабруйскі замак. Ідэя спадабалася генералу Карлу Аперману, які далей і ўвасобіў праект.
Захапленне Нарбутам даўнейшымі часамі пачалося акурат падчас службы ў войску. Займаючыся інжынернымі працамі ён зацікавіўся найперш археалогіяй, а ўжо потым фальклорам і побытам мясцовага насельніцтва. Але напоўніку ягоны талент раскрыўся толькі пасля выхаду адстаўку, калі ён змог нарэшце цалкам прысвяціць сябе даследванню мінуўшчыны.
Рухавік «арганічнай» працы
Расейскае войска Тэадор Нарбут пакідае пасля вайны з Напалеонам Банапартам у 1812 годзе. Выпраўляецца ў родныя Шаўры, дзе і пачынае займацца актыўным вывучэннем гісторыі Беларусі, Польшчы і Літвы. Галоўным чынам яго цікавіла спадчына Вялікага Княства Літоўскага, бо Нарбут належаў да аднаго з старажытных літоўскіх радоў.
Прыкладна з 1817 года ён пачынае актыўна публікавацца ў тагачасным друку і з часам робіцца даволі заўважным аўтарам. Калі на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай успыхвае паўстанне 1830-1831 гадоў, Нарбуту прапаноўваюць далучыцца да паўстання, узначаліўшы паўстанцкі атрад. Ён адмовіцца, аднак усё адно будзе арыштаваны царскімі ўладамі за выразна антырасейскі тэкст.
Пасля разгрому паўстання Нарбут становіцца шчырым прыхільнікам так званай «арганічнай працы», а шмат у чым нават яе рухавіком. Задума польскіх і літоўскіх патрыётаў была ў тым, каб унікаць адкрытай канфрантацыі з царскімі ўладамі, але весьці патрыятычную агітацыю ў межах легальнай дзейнасці.
Прасцей кажучы — тагачасныя польскія дзеячы, разумеючы ўсю патавасць сітуацыі, імнуліся спачатку нарасціць чалавечы капітал, а ўжо толькі потым выступаць супраць значна мацнейшага праціўніка.
Нястомны рамантык
Тэадор Нарбут быў не проста даследчыкам мінулага, але і шчырым патрыётам, што давала яму дадатковай матывацыі для дзейнасці. Расчытваючы старажытныя тэксты ён часцяком некрытычна ставіўся да інфармацыі, якая падавалася ў іх, за што яшчэ пры жыцці займеў рэпутацыю фантазёра, выдумшчыка і нават фальсіфікатара.
Так пад сумнеў ставілася апублікаваная ім у 1846 годзе «Хроніка Быхаўца», бо з аўтэнтычных дакументаў захаваліся хіба што лісты Нарбута да ўладальніка гэтай самай хронікі. Так было і з шматтомнай «Гісторыяй літоўскага народу», якая друкавалася 1835–1841 гадах і за якую аўтара расейскі імператар Мікалай І узнагародзіў пярсцёнкам з брыльянтам.
Гісторыя літоўскага народу ў 9 тамах. Вільня, 1835-1841 гады. Крыніца — wikimedia.org
Чаму? Бо Тэадор Нарбут вельмі любіў мяшаць праўду з вымыслам і ставіцца да інфармацыі ў старадруках некрытычна. І тое, што цяпер абсалютна непрымальна для прафесійнага гісторыка, тады было будзённасцю — як-ніяк у культуры еўрапейскіх народаў панаваў рамантызм з яго шчырым захапленнем простай народнай культурай, легендамі і павер’ямі.
Не лішнім будзе адзначыць, што матэрыял для сваіх «Дзядоў» Адам Міцкевіч браў з публікацый ранняга Нарбута.
Бацька «Каліноўцаў»
Высілкі Тэадора Нарбута не засталіся марнымі, бо калі ў 1863 годзе грымнула чарговае антырасейскае паўстанне, яго ўласныя дзеці далучыліся да паўстанцкага руху. А Людвіг Нарбут нават стаў адным з найлепшых кіраўнікоў збройнага змагання.
Яно і не дзіва, бо з малых гадоў дзеці Нарбута жылі гісторыяй ці не штодня. Яны чулі ад бацькі аповеды пра моцных і непакорных літвінаў, бачылі ў ягоным кабінеце старадрукі, знаходкі з старажытных курганоў ды іншыя артэфакты з «слаўнай» мінуўшчыны.
У выніку з іх выраслі самыя сапраўдныя шчырыя патрыёты колішняй Рэчы Паспалітай. Людвіг Нарбут, які пайшоў бацькавай сцежкай і пачаў рабіць вайсковую кар’еру ў царскім войску, быў настолькі занураны ў паўлегальны патрыятычны рух, што яшчэ ў 1850 годзе быў высланы на Каўказ. Далучыўшыся да паўстанцкага руху ён у вельмі кароткі час стане адным з папулярных паўстанцкіх камандзіраў і гераічна загіне ў 1864 годзе.
Акурат да ягонага паўстанцкага атраду на самым пачатку паўстання, у сакавіку 1863 года, будзе імкнуцца гарадзенская моладзь, якая ўвяжацца ў знакаміты бой на Чыгуначным вакзале ў Гародні. Маладыя людзі вымушаныя будуць адступіць перад пераўзыходзячымі сіламі царскіх служкаў, аднак іхнай мужнасці і смеласці варта аддаць належнае.
За актыўны ўдзел дзяцей у паўстанні, найперш сыноў Людвіга, Баляслава і Францішка, а таксама дачкі Тэадоры, Нарбут разам з жонкай будзе спачатку прыгавораны да высылкі ў Сібір. Але потым душыцель паўстання граф Мураўёў вырашыў замяніць высылку для нямоглага гісторыка, які ўжо амаль не хадзіў, наглядам паліцыі. У лістападзе 1864 года Тэадор Нарбут памёр у Вільні.
Падзяка нашчадкаў
З часам творчая спадчына Тэадора Нарбута не была забытая, але наадварот набыла актуальнасць. Калі пасля сканчэння Першай сусветнай вайны ў 1918 годзе з мапы Еўропы зніклі імперыі, а на іх месцы пачалі з’яўляцца нацыянальныя дзяржавы, прыгадвалі аб ім не толькі палякі.
У 1920-я гады ягоная «Гісторыя літоўскага народу» была перакладзена на літоўскую мову і выдадзена ў Коўна, тагачаснай так званай «часовай» сталіцы Літоўскай Рэспублікі. Бо напісаная Нарбутам паўміфічная гісторыя старажытнай Літвы ідэальна клалася ў наратыў, які прапагандавалі тады літоўцы.
Гісторыя літоўскага народу ў сціслым пераказе. Вільня, 1847 год. Крыніца — wikimedia.org
Рэч у тым, што чалавек, які ўсё жыццё пісаў па-польску і нават дзяцей выхоўваў у духу тагачаснай «пальшчызны», асаблівую ўвагу найперш надаваў гісторыі свайго краю. Ён лічыў, што найлепшым часам для Вялікага Княства Літоўскага была тая пара, калі яно захоўвала самастойнасць.
Сваю «Гісторыю літоўскага народа» ён літаральна так і падсумоўвае — нібы пасля Люблінскай уніі нашчадкам літвінаў ужо і няма чым ганарыцца, таму ў нейкай ступені гэты твор можна нават назваць антыпольскім, бо там папулярызуецца ідэя суверэнітэту для ВКЛ. Таму зусім не дзіва, што праца гэтая стала бальзамам для літоўцаў, якія знаходзіліся ў працяглым канфлікце з палякамі з-за Вільні і Віленскага краю.
Вокладка кнігі «Помнікі гісторыі Літвы». Вільня, 1846 год. Крыніца — wikimedia.org
Вострая брама. Ілюстрацыя з кнігі «Помнікі гісторыі Літвы». Крыніца — wikimedia.org
Сёння постаць Тэадора Нарбута займае заўважнае месца ў беларускай, літоўскай і польскай гістарыяграфіі. А яго галоўная праца, прысвечаная гістарычнай Літве, чытаецца цікава нягледзячы на ўсе магчымыя «але».
Budzma.org