Шоў беларушчыны ў Шаркаўшчыне

12

8 лютага “Шоў беларушчыны” завітала ў невялікае мястэчка Шаркаўшчына, што на Віцебшчыне.

У гэты дзень свята беларускасці адбылося адразу ў дзвюх школах райцэнтру: у першай і другой.
Выкладчыца беларускай мовы СШ №1 Алена Дзмітрыеўна Кобут запрасіла дыджэяў Адраджэння распачаць тыдзень беларускай мовы, які якраз пачынаўся ў школе.

Удзел у віктарыне ўзялі вучні 10“А” класа. Яны з задавальненнем адказвалі на пытанні вядоўцы і адгадвалі выканаўцаў хітоў са скаладанак беларускай музыкі.

32

Шчаслівы ўладальнік торбы Дзіма Курыловіч

“Ніколі б не падумала, што беларуская мова – другая па мілагучнасці ў свеце. Прычым гэта не прыдумка, каб павялічыць колькасць турыстаў, як, напрыклад, моцная і квітнеючая Беларусь па тэлебачанні. Таксама сёння я даведалася, што жыву амаль у цэнтры Еўропы”, – зазначае Алена Губская і надзявае толькі што выйграную цішотку з лагатыпам “Будзьмы” і дадае: “Няхай такія шоў праводзяцца ў нашай школе часцей”.

Унікальнае мерапрыемства спадабалася і адміністрацыі школы, якая прапанавала правесці ШБ таксама і ў іншых класах.

У СШ №2 віктарына была арганізаваная для 7“А” і 8“А” класаў.

Нечакана паўдзельнічаць у віктарыне выказалі жаданне і некаторыя выкладчыкі. Удзельнікі падзяліліся на тры каманды: 2 каманды вучняў і каманда настаўнікаў. У нялёгкай барацьбе перамогу падзялілі каманда вучняў “Зубры” і каманда настаўнікаў “Бацькаўшчына”.

“Я выкладаю гісторыю Беларусі ўжо больш за 10 гадоў, але сёння я адкрыла для сябе некаторыя новыя моманты гісторыі і культуры. Ніколі б не падумала, што гісторыя хрысціянства, апісаная у Бібліі, так добра адлюстроўвае гісторыю маёй Беларусі. На віктарыне я ў гэтым пераканалася канчаткова. Таксама я пабачыла, што віктарына – добры метад кантролю ведаў, з задавальненнем буду выкарыстоўваць яго ў далейшай працы”, – дзеліцца ўражаннямі ўдзельніца віктарыны Вольга Арэх.
“Я цікаўлюся напрамкам року ў музыцы. Але ніколі не чуў па тэлебачанні беларускага року. Цяпер я ведаю: беларускія рок-музыкі – адны з самых папулярных у свеце. Толькі не разумею, чаму іх нельга пачуць па тэлевізіі,” – дзівіцца васьмікласнік Максім Баравік.

22

Пераможцы ШБ у СШ No.1

Пры канцы шоў у клас забеглі вучні з суседняга класу і, даведаўшыся, што адбывалася тут на працягу дзвюх гадзін, запрасілі правесці мерапрыемства і ў іх класе.

На першым фота: Торба для Сяргея Фёдарава

Тэгі: