Шмат каго ўразіла (прычым непрыемна) апытанне платформы «Голас» наконт будучай Канстытуцыі Беларусі. Канкрэтна — моўнае пытанне, якое заўсёды было спрэчным. Паводле платформы «Голас», 82,66% з больш чым 460 тысячаў апытаных лічаць, што дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь мусяць быць дзве мовы — руская і беларуская. 17,34% выказаліся за тое, каб беларуская мова была адзінай дзяржаўнай, але краіна павінная забяспечыць права свабоднага выкарыстання рускай мовы як мовы міжнацыянальных зносін. Прыкладна такі парадак быў запісаны ў Канстытуцыі 1994 года.
Зразумела, такія вынікі апытання не маглі не выклікаць хайпу і абурэння ў інтэрнэце. Некаторыя дагаварыліся да таго, што «Голас» прасоўвае ідэі «рускага міру» і ў дачыненні да моўнага пытання нічым не адрозніваецца ад пакуль дзейнай улады.
Аднак ці варта палохацца гэтых вынікаў? Насамрэч — не. І для гэтага ёсць мінімум чатыры прычыны.
1. Непісьменнае галасаванне
Платформа «Голас» звыкла ўспрымаецца як пратэсная пляцоўка. Людзі ляпаюць па кнопках, абіраючы максімальна непрыемны для ўлады варыянт, альбо проста галасуюць па спасылцы, не гледзячы. Большасць наўрад ці задумвалася, што азначае напісанае. Галасавалі абы прагаласаваць — каб іх голас быў залічаны ў агульную скарбонку і чарговы раз даслаў сігнал усім навакольным: «Нас багата!».
На карысць гэтай тэзы сведчаць каментары, якія я сустракала ў Фэйсбуку. Некаторыя людзі былі абураныя першай фармулёўкай і ніяк не рэагавалі на другую. Гэта азначае, што яны нават не разабраліся, што ў гэтай апытанцы можна абраць варыянт адказу. Яны проста не пабачылі альтэрнатывы — і гэта сапраўды складана зрабіць, калі адказваеш на пытанні, напрыклад, на хаду з тэлефона. Такое наўрад ці адбылося б, калі б у руках быў папяровы бюлетэнь для рэферэндуму.
Адразу скажу, што я і сама не адразу пабачыла магчымасць выбару варыянту. Але калі мяне (таксама як і іншых) узрушыла моўнае пытанне, я пачала шукаць варыянты, каб выказаць сваё «фе». І толькі тады звярнула ўвагу, што адказы ў апытанцы насамрэч варыятыўныя.
То бок апытанне платформы «Голас» — гэта не ісціна ў апошняй інстанцыі (яны на тое і не прэтэндуюць), і не рэпрэзентатыўная апытанка (на гэта яны не прэтэндуюць таксама). Гэта ўсяго толькі пошук варыянтаў дзеянняў. А таму не трэба моцна пераймацца з гэтай нагоды.
2. Дакументы пішуць прафесіяналы
Людзі больш сталага веку памятаюць, як ішла праца над Канстытуцыяй 1994 года. Яна не была прынятая ў адзін момант. Канстытуцыйная камісія па распрацоўцы дакумента была створаная 22 чэрвеня 1990 года. Праекты Канстытуцыі для грамадскага абмеркавання публікаваліся ў 1991, 1992 і 1993 гадах. Кажуць, што ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца яшчэ некалькі праектаў Асноўнага закона, якія так і не былі вынесеныя на ўсеагульны агляд. У выніку ад моманту пачатку працы над Асноўным законам і да яго прыняцця прайшло чатыры (!) гады!
Іншымі словамі, стварэнне новай Канстытуцыі — справа не аднаго года. Спачатку адмыслоўцы пішуць праект дакумента, потым абмяркоўваюць яго ў экспертных супольнасцях, потым карэктуюць — і зноў выносяць на абмеркаванне, у тым ліку ўсеагульнае. Потым улічваюць меркаванні і яшчэ раз абмяркоўваюць — напрыклад у парламенце. Потым праект Асноўнага закона накіроўваецца на экспертызу ў міжнародныя арганізацыі кшталту Венецыянскай камісіі. Потым праект ізноў абмяркоўваецца, зноў разглядаецца, і толькі потым-потым-потым праводзіцца рэферэндум і прымаецца Канстытуцыя.
Зразумела, у такіх варунках стаўленне да моўнага пытання можа быць перагледжанае на любым этапе стварэння Асноўнага закона.
3. Вырашае не большасць
Ці будзе ў новай Канстытуцыі пытанне роўнасці моваў замацаванае так, як адказалі людзі на платформе «Голас»? Будзем шчырымі: наўрад. Як ужо адзначалася, дакумент пішуць прафесіяналы, а ўплывае на прыняцце рашэнняў актыўная меншасць. Гэтую меншасць мы завём зазвычай «трэцім сектарам», «грамадскімі арганізацыямі», карацей — «грамадзянскай супольнасцю».
Менавіта «актыўная меншасць» чвэрць стагоддзя супраціўлялася русіфікацыі, выходзіла на вулічныя маршы, усяляк разгойдвала дыктатуру Лукашэнкі і ўрэшце прывяла да таго выніку, які мы маем цяпер.
Калі мы паглядзім на сёлетні вулічны пратэст, то пабачым, што, фактычна, не вынайдзена нічога новага. Тыя, хто хваліцца, што «мы сёння зрабілі больш, чым апазіцыя за 20 гадоў», значна перабольшваюць свае заслугі. Сцяг пратэсту — апазіцыйны бел-чырвона-белы. Галоўныя лозунгі — ад «Верым, можам, пераможам!» да «Жыве Беларусь!» — спрэс пазычаныя ў той самай «нямоглай апазіцыі». І нават песня «Пераменаў!» Цоя, якая стала гімнам пратэсту, створаная менавіта ў «тыя часы».
Яшчэ крышачку — і стаўленне да моўнага пытання таксама будзе запазычанае грамадствам у «старой апазіцыі».
Вышэйсказанае пацвярджаецца яшчэ і тым, што Каардынацыйная рада ўжо стварыла ўнутры сябе працоўную групу па падтрымцы беларускай мовы і культуры, і гэтая працоўная група ўжо крытычна выказалася адносна апытанкі «Голасу».
Менавіта актыўная меншасць будзе ўплываць на распрацоўшчыкаў новага Асноўнага закона ў плане прыняцця такой фармулёўкі, якая не будзе дыскрымінаваць беларускую мову. І гэтая актыўная меншасць, як правіла, падтрымлівае беларушчыну.
4. Пытанне прымянення
Нават калі здарыцца так, што і ў новым Асноўным законе будзе замацаваная «роўнасць моваў», асабліва турбавацца не трэба. Бо цалкам вядома: у нас хібнасць не ў тым, што руская мова дэ-юрэ мае «роўны статус» з беларускай, а ў тым, што беларуская мова дэ-факта не мае роўнага статусу з рускай. Рэч не ў Канстытуцыі, а ў практыцы правапрымянення. І менавіта правапрымяняльная практыка цяпер заганная.
Беларуская мова здолее акрыяць, нават калі забяспечыць рэальна роўны статус дзвюм мовам. Калі чыноўнік падчас прыёму на працу будзе абавязаны ведаць дзве мовы (і праходзіць пры гэтым адпаведнае сумоўе) і не будзе апраўдваць сваю непісьменнасць тым, што «ў нас па законе мовы роўныя». Роўныя — дык ведай абедзве!
Калі за фразу «разгаварывай на нармальнам языке» пачнуць прыцягваць да адказнасці. Калі фраза «я этага языка не панімаю» будзе аўтаматычна азначаць прафесійную непрыдатнасць. Карацей, калі сапраўды будзе забяспечаная роўнасць моваў.
Калі была спрэчка пра наданне рускай мове роўнага статусу з беларускай, нам прыводзілі ў прыклад Швейцарыю, дзе чатыры дзяржаўныя мовы. Але ў тым і рэч, што швейцарскі чыноўнік не абірае «зручную для сябе» мову, а ведае ўсе чатыры. А ў нас з гэтым узнік перакос. І зразумела, чаму ўзнік: таму што ніхто не паклапаціўся, каб адказныя асобы ведалі дзве дзяржаўныя мовы ў абавязковым парадку.
Так што трэба ўсяго толькі крышачку: зрабіць беларускую мову роўнаю рускай не дэ-юрэ, а дэ-факта.
Ці спатрэбіцца дзеля гэтага так званая «пазітыўная дыскрымінацыя» па моўным пытанні? Было б няблага, каб валоданне беларускай мовай у новай Беларусі стымулявалася і заахвочвалася матэрыяльна і ў выглядзе бонусаў. Але на маю думку (персанальна маю), нават без гэтага можна будзе абысціся. Дастаткова будзе сапраўднай роўнасці моваў.
Вынік?
Так што апытанку платформы «Голас» можна ўспрымаць толькі як стымул для дзейнасці. Як факт таго, што бальшыня ў грамадстве пакуль не асэнсавала каштоўнасці роднай мовы. А вось каб яна гэта асэнсоўвала, трэба працаваць і працаваць над пашырэннем беларускага моўнага арэалу. І гэтай працы будзе багата.
Аліна Бялова, budzma.by