У новым выпуску рубрыкі «Гітара Мулявіна» паразважаем пра ўстойлівыя вобразы вадзянікоў, лесавікоў і русалак, бо два з трох рэлізаў — менавіта пра містыку і ўсё, што з ёй звязана.
Каханне юнака і русалкі
Складана зразумець, якім чынам гэты рэліз прайшоў міма мяне амаль месяц таму. Выпраўляюся і пішу зараз, бо сапраўды лічу яго вартым таго, каб паказаць вам. Дзяніс (ён жа рэп-выканаўца пад псеўданімам MANDZIK) вядомы нам як адзін з нешматлікіх музыкантаў, здольных да эксперыментаў у сваім жанры. Пачынаючы з манатоннага олд-скул рэпа, хлопец не спыніўся на гэтым і арганічна загучаў як на дрылл-біце, так і ў сумесі з драм энд бэйсам. Трэк «SON» — яркае таму пацверджанне.
Асноўны акцэнт тут не толькі на мелодыі, але і на тэксце, што адсылае нас да гісторыі кахання паміж сучасным юнаком і казачнай русалкай, якая выходзіць грэцца на сонейку. Застаецца толькі гадаць, з’яўляецца для лірычнага героя гэта сном, ці ён сапраўды бачыць чароўную істоту перад сабой і стасуецца з ёй у рэальным свеце.
Класічны глыбокі бас у кампазіцыі Дзяніс змешвае з танцавальнымі рытмамі, прыпраўляючы, ужо не ўпершыню, усё гэта кавалкамі народных спеваў, якія ў камбінацыі з агульным сэнсам песні вядуць нас прама да старажытнага абраду «Русалле». А можа, персанаж з песні і сам хоча стаць вадзяніком? Даведаемся пра гэта, праслухаўшы сінгл да канца. Раю!
Хіпстарскае падарожжа ўдваіх
Так, гэта зноў песня пра каханне, але не да міфічнай істоты. Аўтар гэтага сінгла — Паша Пашкевіч, які пазіцыянуе сябе рэп-артыстам, але ніколі не супраць эксперыментаў і змены стылю сваёй музыкі.
Яго новая кампазіцыя «Vacach» — гісторыя двух закаханых, якія падарожнічаюць па свеце разам і знаходзяць у гэтым свой дзэн. У трэку ёсць свая адметнасць: ён адначасова і танцавальны, і павольны. Ідэальна пасуе для рамантычных трыпаў па краіне на машыне.
Можна назваць гэта класічнай электроншчынай, але музычны эксперымент нашмат глыбейшы, чым падаецца адразу, бо песня, як файнае віно — з часам раскрываецца лепей. Выдатны вайб для апошніх цёплых дзён восені!
Don’t tell her your name
Менавіта такую назву атрымала новая песня беларускай мастачкі і спявачкі Анастасіі Рыдлеўскай.
Характар гэтага сінгла больш змрочны ў параўнанні з іншымі творамі спявачкі. Пранікнёны, драматычны вакал нібыта студзіць кроў у венах. Тэкст жа распавядае нам пра невядомую лясную сілу ў выглядзе беласкурай дзяўчыны, якая можа адурманіць, зацягнуць у глыбокія гушчары і нават забіць тых, хто па неасцярожнасці заблукаў паміж старых дрэваў.
Кампазіцыя ідэальна раскрывае ўсе трывогі і патаемныя жахі чалавечай душы, з кожнай нотай нарошчваючы напружанне, а ў канцы, нібыта запавольваючыся і паглынаючы цёмнай безданню ўсё, што некалі было жывым.
Па сваёй атмасфернасці сінгл вельмі падышоў бы серыялам «Вікінгі» альбо «Гульня Тронаў», а сама Насця прызнаецца, што на напісанне песні яе натхніў вечаровы Марыяцкі касцёл у Гданьску.
Песня спадабаецца ўсім, хто прагне сераднявечна-міфалагічнай эстэтыкі з яе паданнямі пра лесавікоў і іншых містычных істотаў.
Хатні Томпсан, budzma.org
Чытайце яшчэ: «Emihranty». Новы альбом ад Volski