Хто, акрамя князя Ягайлы, прэтэндаваў на руку польскай каралевы Ядвігі? Якую падтрымку меў князь у польскай знаці? Якім чынам Ягайлу ўдалося ажаніцца з Ядвігай і чаго гэта каштавала? Чым князь зацікавіў маці каралеўны, каб тая дала згоду на шлюб? Дэталі першых афіцыйных дамоваў паміж ВКЛ і Польшчай раскрывае гісторык Алесь Краўцэвіч на ўласным Youtube-канале.
Вынікам візіту ліцвінскага пасольства ў Кракаў у пачатку 1385 г. была прынцыповая дамоўленасць пра шлюб вялікага князя літоўскага Ягайлы з польскай каралевай-дзяўчынкай Ядвігай. Тое самае пасольства, дапоўненае яшчэ польскім, з’ездзіла ў Буду і атрымала згоду на шлюб ад маці Ядвігі венгерскай каралевы-ўдавы Елізаветы. Меркаваннем самой Ядвігі, якая на той час мела 11 гадоў, пакуль ніхто не цікавіўся.
Але тое, як кажуць, былі толькі «кветачкі». Перад рупліўцамі польска-ліцвінскага саюза малапольскімі панамі стаяла няпростая задача ўзгадніць кандыдатуру Ягайлы на агульнапольскім з’ездзе. Іх перавагай была еднасць, у адрозненне ад арыстакратыі Вялікапольшчы.
На руку Ядвігі акрамя Ягайлы прэтэндавалі яшчэ тры жаніхі: мазавецкі князь Земавіт IV, апольскі князь Уладзіслаў і спадчыннік аўстрыйскага трону Вільгельм Габсбург. Першыя два паходзілі з айчыннай каралеўскай дынастыі Пястаў, а Вільгельм лічыўся фармальным мужам Ядвігі з 1378 г. Шанцы мелі ўсе, кожны абапіраўся на партыі сваіх прыхільнікаў. Аднак найбольшыя шанцы былі ў Габсбурга па прычыне фармальнага шлюбу з Ядвігай яшчэ ў маленстве. У Ягайлы таксама мелася апазіцыя. Як запісаў Ян Длугаш, некаторыя з польскіх арыстакратаў лічылі недапушчальным, прыкрым і балючым «садзіць на каралеўскай сталіцы чужога чалавека і паганіна, абмінуўшы ўласных і князёў — хрысціянаў».
Усё-такі малапольскія паны былі найбольш згуртаванымі, і ім удалося правесці кандыдатуру Ягайлы на агульнапольскім з’ездзе паноў у Кракаве летам 1385 г. У Кракаве яны былі ў сябе дома. Атрымаць згоду на кандыдатуру Ягайлы ўдалося праз уключэнне ў спіс ягоных шлюбных абяцанняў пунктаў, выгадных усім: менавіта, вяртанне страчаных каралеўствам земляў (тут крылася хітрасць, бо меліся на ўвазе страты не толькі на карысць крыжакоў, венграў, але напэўна, і Літвы). Другім такім пунктам была згода Ягайлы на выплату адступнога аўстрыйцу Вільгельму Габсбургу кругленькай сумы ў 200 тыс. залатой манеты — фларэнаў.
Не марудзячы, польская дэлегацыя скіравалася на сустрэчу з Ягайлам у Крэва. У яе складзе былі тыя самыя малапольскія паны, якія ў пачатку года ездзілі разам з літвінамі ў венгерскую сталіцу па дабраславенне Елізаветы.
Так 14 жніўня 1385 г. з’явіўся на свет знакаміты Крэўскі акт, ад якога ўся справа (можна сказаць, аперацыя ці авантура малапольскіх паноў) атрымала назву Крэўская унія. Акт уяўляў сабой выкладзеныя на пісьме абавязанні Ягайлы перад польскім бокам у выпадку, калі ён стане мужам Ядвігі і польскім каралём. Ён быў завераны подпісам і пячаткай самога вялікага князя і прысутных удзельных князёў: Скіргайлам, Карыбутам, Лінгвенам і Вітаўтам (сведчанне, што Вітаўт актыўна ва уніі ўдзельнічаў).
Дакумент быў адрасаваны да Елізаветы Венгерскай. Ягайла прасіў рукі яе дачкі Ядвігі і за гэта абяцаў:
1. прыняць каталіцтва самому разам з князямі-сваякамі і ўсім баярствам;
2. пакласці ўсе свае скарбы на вяртанне страт абедзвюх дзяржаў Польшчы і ВКЛ;
3. выплаціць 200 тыс. фларэнаў адступнога Вільгельму;
4. уласным стараннем і коштам вярнуць Польскаму Каралеўству ўсе страчаныя землі;
5. адпусціць на свабоду ўсіх палонных палякаў;
6. свае літоўскія і рускія землі навечна злучыць з Польскім Каралеўствам.
У гэтым пераліку звяртае на сябе ўвагу падабенства двух пунктаў, менавіта пра вяртанне страт абедзвюх дзяржаў і пра вяртанне ўласным стараннем усе страчаныя Польшчай землі. Апошні быў спецыяльна адрасаваны вялікапалянам, зацікаўленым вяртаннем земляў ад крыжакоў і адначасова меў схаваны сэнс — вяртанне галіцка-валынскіх земляў у складзе Літвы, на якія прэтэндавалі палякі. Найбольшыя спрэчкі ад таго часу і да сёння вядуцца пра апошні пункт — злучэнне дзяржаў. Пра гэта будзе асобная гаворка.
Крэўскі акт не з’яўляўся дамовай пра унію, бо быў выстаўлены і падпісаны толькі адным бокам. Але ён стаў першым афіцыйным дакументам на шляху да польска-ліцвінскага саюза ў выглядзе г. зв. персанальнай уніі.